Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Дзеянні Апосталаў 28 Дзеянні Апосталаў 28 раздзел

1 І, уратава́ўшыся, тыя, хто быў з Паўлам, даведаліся, што востраў называ́ецца Мелíт.
2 Тузе́мцы праявілі да нас надзвыча́йнае чалавекалю́бства, бо яны, раскла́ўшы вогнішча, прынялí ўсіх нас, паколькі быў дождж і холад.
3 Калі ж Павел сабраў мноства галля́ і паклаў на во́гнішча, тады змяя́, уцяка́ючы ад жа́ру, прычапíлася да яго рукí.
4 Тузе́мцы, уба́чыўшы га́да, што павіс на яго руцэ́, гаварылі паміж сабою: пэўна, чалавек гэты — забойца, калі яму, уратава́наму з мо́ра, багіня справядлíвасці не дазваля́е жыць.
5 Але ён, скíнуўшы га́да ў агонь, не зазна́ў нія́кай шко́ды.
6 Яны ж чака́лі, што ў яго будзе запале́нне ці ён раптоўна ўпадзе́ мёртвым; аднак, доўга чака́ючы і ба́чачы, што нічога кепскага з ім не зда́рылася, яны перамянілі меркава́нне і гавары́лі, што ён бог.
7 Навокал таго месца былí ўлада́нні нача́льніка вострава па íмені Пу́блій, які прыня́ў нас і тры дні прыя́зна частава́ў.
8 І сталася, што бацька Пу́блія ляжаў, хворы на гара́чку і дызентэры́ю; Павел зайшоў да яго, памаліўся і, ускла́ўшы на яго ру́кі, ацалíў яго.
9 Калі гэта зда́рылася, тады і іншыя на востраве, хто меў хваробы, прыхо́дзілі і ацаля́ліся;
10 яны вы́явілі да нас вялікую паша́ну і, калі мы адпраўля́ліся, далí тое, што было́ патрэбна.
11 Праз тры месяцы мы адплылí на Александры́йскім караблí з выя́ваю Дыяску́раў, які зімаваў на гэтым востраве,
12 і, прыплы́ўшы ў Сіраку́зы, застава́ліся там тры дні;
13 паплыўшы адтуль, дабра́ліся да Ры́гіі; і паколькі праз дзень падзьму́ў паўднёвы вецер, на другі дзень мы прыбылí ў Путэо́л,
14 дзе знайшлі братоў і былí ўпро́шаны пабыць у іх сем дзён; і так мы ішлі ў Рым.
15 І адтуль браты, пачуўшы пра нас, выйшлі насу́страч нам да А́піевай пло́шчы і Трох Гасцíніц; уба́чыўшы іх, Павел падзя́каваў Богу і ўзбадзёрыўся.
16 Калі ж мы прыйшлі ў Рым, то сотнік перада́ў вя́зняў военача́льніку, а Паўлу было́ дазво́лена жыць асо́бна, з воінам, які пільнава́ў яго.
17 І сталася, што праз тры дні Павел склíкаў знатне́йшых з Іудзеяў і, калі тыя сышлíся, казаў ім: мужы́ браты́! я, не зрабіўшы нічога су́праць народа ці айцоўскіх звы́чаяў, быў як вя́зень перада́дзены з Іерусаліма ў ру́кі Ры́млян,
18 якія, учынíўшы мне до́пыт, хацелі адпусцíць, бо ніякай віны, ва́ртай смерці, не было́ на мне;
19 але паколькі Іудзеі пярэ́чылі, то я вы́мушаны быў патрабава́ць суда́ ў кесара, аднак не для таго, каб абвінава́ціць у чым-небудзь мой народ;
20 вось па гэтай прычыне я і паклíкаў вас, каб уба́чыцца і пагаварыць, бо за надзею Ізра́іля я закава́ны ў гэтыя кайданы́.
21 Яны ж сказалі яму: мы і лістоў пра цябе не атры́млівалі з Іудзеі, і ніхто з братоў, прыйшоўшы, не паве́даміў і не сказаў нічога ке́пскага;
22 але мы жада́ем пачуць ад цябе, што ты думаеш; бо нам вядома, што наконт вучэ́ння гэтага ўсюды спрача́юцца.
23 І, прызна́чыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў дом; і ён з ра́нку да вечара прамаўля́ў да іх, све́дчачы пра Царства Божае і даво́дзячы ім пра Іісуса на падставе закона Маісе́евага і прарокаў.
24 І адных перако́нвала ска́занае, а другія не ве́рылі.
25 Не ма́ючы згоды паміж сабою, яны сталі адыхо́дзіць пасля таго, як Павел сказаў наступныя словы: добра Дух Святы́ прамо́віў айцам нашым праз прарока Іса́ію,
26 ка́жучы: «ідзі да народа гэтага і скажы: слы́хам пачу́еце — і не зразуме́еце, узіра́ючыся глядзе́ць будзеце — і не ўба́чыце;
27 бо агрубе́ла сэ́рца народа гэтага, і вуша́мі ледзь чу́юць, і вочы свае заплю́шчылі, каб не ўба́чыць вачы́ма, і не пачу́ць вуша́мі, і не ўразуме́ць сэ́рцам, і не навярну́цца, каб Я ацалíў іх».
28 Дык вось, няхай вам будзе вядома, што язы́чнікам пасла́на спасе́нне Божае; яны і пачу́юць.
29 Калі ён гэта сказаў, Іудзеі пайшлі ад яго, моцна спрача́ючыся паміж сабою.
30 І жыў Павел цэлыя два гады́ на ўла́сным утрыма́нні і прыма́ў усіх, хто прыхо́дзіў да яго,
31 прапаве́дуючы Царства Божае і ву́чачы пра Госпада Іісуса Хрыста з усёю адва́гаю бесперашко́дна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеянні Святых Апосталаў, 28 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Дзеянні Апосталаў 28 раздзел в переводах:
Дзеянні Апосталаў 28 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Серия комментариев МакАртура
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.