Библия БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Дзеянні Апосталаў, 15 Дзеянні Апосталаў, 15 глава

1 Некато́рыя, што прыйшлі з Іудзеі, вучы́лі братоў: калі не абрэ́жацеся паводле звы́чаю Маісеевага, то не можаце спасцíся.
2 Калі ж адбыло́ся сутыкне́нне і спрэ́чка немала́я ў Паўла і Варнавы з імі, то было́ вы́рашана, каб Павел з Варнавам ды некато́рыя іншыя з іх пайшлі да Апосталаў і прасвітараў у Іерусалім па гэтай справе.
3 І вось, яны, адпра́ўленыя царквою, праходзілі праз Фінікíю і Самары́ю, раска́зваючы пра навярта́нне язычнікаў, і прыно́сілі радасць вялікую ўсім брата́м.
4 Калі ж прыбылí яны ў Іерусалім, то былí прыня́ты царквою, Апосталамі і прасвітарамі і расказалі пра ўсё, што зрабіў з імі Бог і як Ён адчынíў язычнікам дзверы веры.
5 Тады ўсталі некато́рыя з фарысейскай е́расі, якія ўве́равалі, і яны казалі, што трэба абрэ́зваць язычнікаў і зага́дваць ім, каб выконвалі закон Маісееў.
6 Апосталы і прасвітары сабра́ліся, каб разгле́дзець гэтую справу.
7 Пасля доўгай спрэчкі ўстаў Пётр і сказаў ім: мужы́ браты́! вы ведаеце, што Бог ад дзён даўніх вы́браў з нас мяне, каб з маіх ву́снаў язычнікі пачулі слова Ева́нгелля і ўве́равалі;
8 і Сэрцаве́д Бог даў ім све́дчанне, пасла́ўшы ім Духа Святога, як і нам;
9 і не зрабіў нія́кай розніцы паміж намі і імі, вераю ачы́сціўшы сэ́рцы іх.
10 Чаму ж вы цяпер спакуша́еце Бога, каб ускла́сці на шы́і вучняў ярмо, якога ні айцы нашы, ні мы не змаглі пане́сці?
11 Але мы ве́руем, што благадаццю Госпада Іісуса Хрыста спасёмся, як і яны.
12 Тады замоўк увесь сход і слу́хаў Варнаву і Паўла, як яны раска́звалі, якія знаме́нні і цу́ды зрабіў Бог праз іх у язычнікаў.
13 Пасля таго, як яны змоўклі, прамовіў Іакаў, кажучы: мужы́ браты́! паслу́хайце мяне;
14 Сíман расказаў, як Бог ад пачатку скірава́ў по́гляд на язычнікаў, каб скла́сці з іх народ у імя́ Сваё;
15 і гэтаму адпавяда́юць словы прарокаў, як напíсана:
16 «потым вярну́ся і адбуду́ю скінію Давідаву заняпа́лую, і разбу́ранае ў ёй адбуду́ю, і ўзвяду́ яе,
17 каб шукалі Госпада іншыя людзі і ўсе народы, для якіх абве́шчана імя́ Маё, — кажа Гасподзь, Які робіць усё гэта».
18 Вядо́мы Богу адве́ку ўсе справы Яго.
19 Таму я лічу́, што не трэба абцяжа́рваць тых з язычнікаў, якія навярта́юцца да Бога,
20 а напіса́ць ім, каб яны ўстры́мліваліся ад апага́ньвання ідаламі, і ад блу́ду, і ад заду́шанага, і ад крывí, і каб не рабілі іншым таго, чаго не жада́юць сабе.
21 Бо закон Маісе́еў ад старажы́тных ро́даў па ўсіх гарада́х ма́е тых, што прапаве́дуюць яго, і чытаецца ў сінагогах кожную суботу.
22 Тады Апосталы і прасвітары з усёй царквою вы́рашылі пасла́ць вы́браных ад іх мужо́ў у Антыяхíю з Паўлам і Варнавам: Іуду, называ́нага Варса́вам, і Сілу, — мужоў, якія ме́лі старшынство́ сярод братоў,
23 напіса́ўшы і перада́ўшы праз іх насту́пнае: «Апосталы, і прасвітары, і браты́ — брата́м з язычнікаў у Антыяхíі, Сíрыі і Кілікíі: ра́давацца.
24 Паколькі мы пачулі, што некато́рыя, прыйшоўшы ад нас, устрыво́жылі вас сваімі сло́вамі і збянтэ́жылы ду́шы вашы, ка́жучы, што трэба абрэ́звацца і выко́нваць закон, чаго мы ім не даруча́лі,
25 то мы, сабра́ўшыся, вы́рашылі пасла́ць да вас адзінаду́шна вы́браных мужоў з узлю́бленымі нашымі Варнавам і Паўлам,
26 людзьмí, якія аддалí ду́шы свае за імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста.
27 Дык вось, мы паслалі Іуду і Сілу, якія на сло́вах перададу́ць вам тое самае;
28 бо ўгодна Духу Святому і нам не ўсклада́ць на вас нія́кага бо́льшага цяжа́ру, акрамя́ гэтага неабходнага:
29 устры́млівацца ад ахвярава́нага ідалам, і ад крывí, і ад заду́шанага, і ад блу́ду, і не рабіць іншым таго, чаго не жада́еце сабе; выко́нваючы гэта, вы до́бра зро́біце. Быва́йце здаро́вы».
30 І вось, адпра́ўленыя прыйшлі ў Антыяхíю і, сабра́ўшы людзе́й, перадалí пасла́нне.
31 Тыя ж, прачытаўшы, узра́даваліся настаўле́нню.
32 А Іуда з Сілам, якія са́мі былí прарокамі, у многіх прамовах далí настаўле́нне брата́м і ўмацава́лі іх.
33 Прабы́ўшы там пэўны час, яны былí з мірам адпу́шчаны брата́мі да Апосталаў;
34 але Сіла вы́рашыў заста́цца там, а Іуда адзін вярну́ўся ў Іерусалім.
35 Павел жа і Варнава знахо́дзіліся ў Антыяхíі, навуча́ючы і прапаве́дуючы з многімі іншымі сло́ва Гасподняе.
36 Праз нейкі час Павел сказаў Варнаву: давай ве́рнемся і наве́даем братоў нашых ва ўсіх гарадах, дзе мы прапаве́давалі слова Гасподняе, — як у іх справы.
37 Варнава хацеў узяць з сабою Іаана, называ́нага Маркам;
38 Павел жа лічы́ў, што не трэба браць з сабою яго, які пакінуў іх у Памфілíі і не пайшоў з імі на справу, на якую яны былí пасла́ны.
39 Адбыла́ся спрэчка, так што яны разлучы́ліся адзін з адным; і Варнава, узя́ўшы Марка, адплы́ў на Кіпр;
40 а Павел, вы́браўшы Сілу, пайшоў, бу́дучы дару́чаны брата́мі благада́ці Божай,
41 і праходзіў па Сíрыі і Кілікíі, умацо́ўваючы цэ́рквы.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеянні Апосталаў, 15 глава. Пераклад праваслаўнай царквы

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейская камісія БПЦ
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.