1 А некаторыя, прыйшоўшы з Юдэі, навучалі братоў: Што калі вы не абрэжацеся паводле Майсеявага абычаю, ня можаце збавіцца.
2 Дык калі паўстаў немалы спор у Паўла і Барнабы проціў іх, пастанавілі, каб Павал і Барнаба і некаторыя другія спаміж іншых пайшлі ў гэтай справе до апосталаў і старшых у Ерузалім.
3 Дык яны, праведзеныя касьцёлам, праходзілі Фэніцыю і Самарыю, расказваючы аб навароце паганаў, і рабілі вялікую радасьць усім братом.
4 Калі-ж прыйшлі ў Ерузалім, былі прыняты Касьцёлам і апосталамі і старшымі, абвяшчаючы, сколькі з імі ўчыніў Бог.
5 А паўсталі некаторыя з сэкты фарызэяў, каторыя ўверылі, кажучы: Што трэба іх абрэзаць і загадаць, каб захоўвалі закон Майсея.
6 І сабраліся апосталы і старшыя, каб разглядзець гэтае слова.
7 Калі-ж паўстала вялікая спрэчка, устаўшы Пётр, сказаў да іх: Мужы браты, вы ведаеце, што з даўных дзён Бог выбраў спаміж нас, каб праз мае вусны пагане слухалі слова эванэліі і верылі.
8 І Бог, каторы знае сэрцы, даў пасьведчаньне, даючы ім Духа сьвятога так як і нам,
9 і нічога не адрозьніў паміж намі і імі, верай ачышчаючы сэрцы іх.
10 Дык цяпер нашто спакушваеце Бога, каб узлажыць на шыі вучняў ярмо, якога не маглі насіць ані айцы нашы, ані мы?
11 Але праз ласку Пана Езуса Хрыста мы верым, што збавімся, так як і яны.
12 І замоўкла ўсё мноства, і слухалі Барнабу і Паўла, расказваючых, якія вялікія знакі і цуды ўчыніў Бог паміж паганаў праз іх.
13 А калі замоўклі, адказаў Якуб, кажучы: Мужы браты, паслухайце мяне!
14 Сымон расказаў, як перш Бог адведаў, каб з паганаў узяць народ для іменьня свайго.
15 І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў (Ам. 9:11-12), як ёсьць напісана:
16 «Пасьля гэтага вярнуся і адбудую палатку Давіда, каторая ўпала, і руіны яе адбудую і папраўлю яе,
17 каб другія людзі шукалі Пана і ўсе народы, над каторымі прызвана імя маё, кажа Пан, які чыніць гэта».
18 Ведамая ёсьць Пану ад веку справа ягона.
19 Дзеля гэтага я ўважаю, не беспакоіць тых, каторыя з паганаў наварачваюцца да Бога,
20 але напісаць да іх, каб устрымоўваліся ад брыдотаў балванаў, і блуду, і душанага, і крыві.
21 Бо Майсей з даўных часоў мае ў кожным горадзе тых, што яго абвяшчаюць у бажніцах, дзе ў кожную суботу чытаецца.
22 Тады спадабалася апосталам і старшым з усім касьцёлам, каб выбраць спасярод сябе мужоў і паслаць у Антыохію з Паўлам і Барнабай: Юду, каторы называўся Барсаба, і Сылу, мужоў першых паміж братамі,
23 напісаўшы праз іх рукі: Апосталы і старшыя браты, тым, каторыя ёсьць ў Антыохіі і ў Сырыі і ў Цыліцыі, братом з паганаў, прывет.
24 Дзеля таго што мы чулі, што некаторыя з нас выйшаўшы, устрывожылі вас славамі, адварочваючы душы вашы, каторым мы не загадалі,
25 спадабаліся нам, сабраўшымся ў вадно, выбраць мужоў і паслаць да вас з найдаражэйшымі нашымі Барнабай і Паўлам,
26 каторыя выдалі душы свае за імя Пана нашага Езуса Хрыста.
27 Дык паслалі мы Юду і Сылу, каторыя так-жа самі перакажуць вам славамі гэтае ж.
28 Бо здалося Духу сьвятому і нам не накладаць на вас болей ніякага цяжару, апроч гэтых канечных:
29 каб вы ўстрымаліся ад ахвяраваньня балваном, і крыві, і душанага, і блуду; чаго вы сьцерагучыся, добра зробіце. Бывайце здаровы.
30 Дык тыя выпраўленыя прыйшлі ў Антыохію і сабраўшы мноства, перадалі пісьмо.
31 Прачытаўшы яго, яны ўзрадаваліся з пацяшэньня.
32 А Юда і Сыла, будучы і самі прарокамі, многім словам пацяшалі братоў і ўцьвярджалі.
33 А прабыўшы там нейкі час, яны былі з супакоем выпраўлены братамі да тых, каторыя іх прыслалі.
34 Здалося-ж Сылу там астацца, а Юда адзін пайшоў у Ерузалім.
35 Павал-жа і Барнаба прабывалі ў Антыохіі, навучаючы і абвяшчаючы з многімі другімі слова Божае.
36 Пасьля-ж некалькіх дзён сказаў Павал да Барнабы: Вярнуўшыся адведайма братоў па ўсіх гарадох, у каторых мы абвяшчалі слова Пана, як яны маюцца.
37 А Барнаба хацеў узяць з сабою і Яна, каторы называўся Марак.
38 Але Павал прасіў, каб ён, як той, каторы адстаў ад іх ад Памфіліі і не хадзіў з імі на справу, ня быў прыняты.
39 Дык сталася нязгода, так што яны адыйшлі адзін ад другога, а Барнаба-то, узяўшы Марка, адплыў на Цыпр.
40 Павал-жа, выбраўшы Сылу, рушыў, паручаны братамі ласцы Божай.
41 І абходзіў Сырыю і Цыліцыю, уцьвярджаючы касьцёлы, загадваючы берагчы загады апосталаў і старшых.