1 І калі спаўняліся дні Сёмухі, былі яны ўсе разам на тым-жа месцы.
2 І стаўся раптам з неба шум, як-бы надыходзячага сільнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
3 І паказаліся ім паразьдзяляныя языкі як-бы агню, і сеў на кожным адным з іх.
4 І былі напоўнены ўсе Духам сьвятым, і пачалі гаварыць рознымі мовамі, так як Дух сьвяты даваў ім вымаўляць.
5 Былі-ж у Ерузаліме прабываючыя жыды, мужы набожныя, з усякага народу, што ёсьць пад небам.
6 Калі-ж стаўся гэты голас, зьбеглася мноства і ўстрывожылася ў мысьлі, бо кожны чуў іх гаворачых сваей мовай.
7 Астаўпянелі-ж усе і дзівіліся, кажучы: Ці-ж вось гэтыя ўсе, што гавораць, ня ёсьць галілеяне?
8 І як-жа мы кожны чулі сваю мову, у якой нарадзіліся?
9 Парты і мэды, і эламіты, і жыхары Мэзапотаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понту і Азіі,
10 Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і старон Лібіі, каторая ёсьць каля Цырэны, і прыходжыя рымскія,
11 жыды і наверненыя, крыцяне і арабы, мы чулі іх гаворачымі нашымі мовамі вялікасьці Божыя.
12 І стаўпянелі ўсе і дзівіліся, кажучы адзін да другога: што гэта мае быць?
13 А іншыя, насьмяхаючыся, казалі: што яны напіліся маладога віна.
14 Стаўшы-ж Пётр з адзінаццацьма падняў голас свой і гаварыў ім: Мужы жыдоўскія і ўсе, што жывецё ў Ерузаліме, гэта няхай будзе вам ведама і прыймеце да вушэй словы мае.
15 Бо ня ёсьць гэтыя п’яныя, як вы думаеце, бо ёсьць трэцяя гадзіна дня;
16 але ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля (2:28-32):
17 «І будзе ў апошнія дні (кажа Пан) вылю з Духа майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, а маладзяны вашыя будуць бачыць зьявы, а старцы вашыя сны будуць сьніць.
18 І на слуг-то маіх і на служкі мае ў гэныя дні вылю з Духа майго і будуць прарочыць.
19 І дам цуды на небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе; кроў і агонь і курава дыму.
20 Сонца абернецца ў цемру і месяц у кроў, перш чым прыйдзе дзень Пана вялікі і яўны.
21 І будзе: усякі хто-толькі прызаве імя Пана, збаўлены будзе».
22 Мужы ізраільскія, паслухайце слоў гэтых! Езуса Назарэнскага, мужа пацьверджанага між вамі ад Бога моцамі і цудамі і знакамі, якія ўчыніў Бог праз яго пасярод вас, як і вы ведаеце,
23 гэтага азначанай радай і празорам Божым выданага, вы рукамі нягодных замучыўшы загубілі.
24 Яго ўскрасіў Бог, разьвязаўшы болі пекла, дзеля таго што немагчыма было яму ўдзяржаць яго.
25 Бо Давід кажа аб ім: «Відзеў я Пана прад вачамі маімі заўсёды, бо ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.
26 Дзеля гэтага ўзрадавалася сэрца маё і разьвесяліўся язык мой; дагэтага і цела маё супачыне ў надзеі.
27 Бо не пакінеш душы маей у пекле, і не дасі сьвятому твайму ўбачыць гніцьця.
28 Учыніў ты мне ведамымі дарогі жыцьця і напоўніш мяне радасьцяй перад воблікам тваім» (Пс. 15:8-11).
29 Мужы браты, няхай-жа можна будзе сьмела сказаць да вас аб патрыярху Давідзе, што ён памёр і пахаваны, і гроб ягоны ёсьць у нас аж па сяньняшні дзень.
30 Дык ён, будучы прарокам і ведаючы, што яму Бог прысягай прысягнуў, што з плоду паясьніцы ягонай будзе сядзець на пасадзе яго,
31 прадбачыўшы сказаў аб ускрасеньні Хрыста, што ён ані пакінены ёсьць у пекле, ані цела ягонае ня бачыла гніцьця.
32 Гэтага Езуса ўскрасіў Бог, чаго мы ўсе ёсьць сьведкі.
33 Дык узвышаны правіцаю Божаю і атрымаўшы ад Айца абяцаньне Духа сьвятога, ён выліў таго, каго вы бачыце і чуеце.
34 Бо Давід ня ўзыйшоў у неба, але сам кажа: «Сказаў Пан Пану майму, сядзь праваруч мяне,
35 пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1).
36 Дык няхай напэўна ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог учыніў яго і Панам і Хрыстом, гэтага Езуса, каторага вы ўкрыжавалі.
37 Пачуўшы-ж гэтае, скрышыліся сэрцам і сказалі да Пятра і да іншых апосталаў: што нам рабіць, мужы браты?
38 А Пётр да іх: Пакутуйце (кажа) і няхай кожны з вас ахрысьціцца ў імя Езуса Хрыста на адпушчэньне грахоў вашых, і вы атрымаеце дар Духа сьвятога.
39 Бо для вас ёсьць абяцаньне і для дзяцей вашых, і для ўсіх, хто ёсьць далёка, каго-толькі пакліча Пан Бог наш.
40 Яшчэ многімі іншымі славамі сьведчыў і напамінаў іх, кажучы: Ратуйцеся ад гэтага нягоднага роду.
41 Дык тыя, што прынялі мову яго, былі ахрышчаны. І далучылася ў той дзень каля трох тысяч душ.
42 І трывалі ў навуцы апосталаў і ў супольніцтве ламаньня хлеба і ў малітвах.
43 І быў у кожнай душы страх; многа так-жа цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў у Ерузаліме, і вялікая баязьнь была ва ўсіх.
44 Так-жа ўсе, што верылі, былі разам і мелі ўсё супольнае.
45 Маемасьць і дабро прадавалі і дзялілі іх усім, як кожнаму трэба было.
46 Штодня так-жа аднадушна трываючы ў сьвятыні; і ламаючы хлеб па дамох, спажывлі ежу з радасьцяй і прастатой сэрца,
47 хвалячы Бога і маючы ласку ў усяго народу. Пан-жа штодня дабаўляў да супольнасьці тых, што мелі быць збаўлены.