1 І сталася, калі Аполло быў у Карынце, то Павал, абыйшоўшы горныя староны, прыйшоў у Эфэз. І знайшоў некаторых вучняў
2 і сказаў да іх: Ці ўверыўшы вы атрымалі Духа сьвятога? А яны сказалі да яго: Але мы і ня чулі, ці ёсьць Дух сьвяты.
3 Ён-жа сказаў: Дык у чым вы хрышчаны? Яны сказалі: У хросьце Яна.
4 Павал-жа сказаў: Ян хрысьціў народ хростам пакуты, кажучы, каб уверылі ў таго, каторы па ім мае прыйсьці, гэта значыць, у Езуса.
5 Пачуўшы гэтае, былі ахрышчаны ў імя Пана Езуса.
6 І калі Павал узлажыў на іх рукі, прыйшоў на іх Дух сьвяты, і гаварылі мовамі, і прарочылі.
7 Было-ж усіх мужоў каля дванаццацёх.
8 А ўвайшоўшы ў бажніцу, гаварыў з адвагай праз тры месяцы, гутаручы і пераконываючы аб каралеўстве Божым.
9 Калі-ж некаторыя ўпіраліся і ня верылі, наругаючыся з шляху Пана перад мноствам, адыйшоўшы ад іх, адлучыў вучняў, штодня гутаручы ў школе нейкага Тыранна.
10 Дзеялася-ж гэтае праз два гады, так што ўсе, каторы жылі ў Азіі, слухалі слова Пана, жыды і пагане.
11 І не абыякія цуды чыніў Бог рукою Паўла,
12 так што нават хусткі і паясы ад ягонага цела заносілі на хворых, і адыходзілі ад іх хваробы, і выходзілі злыя духі.
13 Прабавалі-ж некаторыя і з вандроўных жыдўскіх экзарцыстаў прызываць імя Пана Езуса над тымі, што мелі злых духаў, кажучы: Заклінаю вас праз Езуса, каторага абвяшчае Павал.
14 Было-ж нейкіх сем сыноў жыда Скевы, старшага сьвятара, каторыя гэтак рабілі.
15 А злы дух адказваючы сказаў ім: Езуса знаю і Паўла ведаю, але вы хто такія?
16 І ўскочыўшы на іх чалавек, у каторым быў вельмі злы дух, і абдолеўшы абодвух, паказаў над імі такую сілу, што яны голыя і параненыя ўцяклі з таго дому.
17 І гэта сталася ведамым усім жыдом і паганам, каторыя жылі ў Эфэзе; і паў на іх усіх страх, і было слаўлена імя Пана Езуса.
18 І многія з веруючых прыходзілі, спавядаючыся і выказваючы свае ўчынкі.
19 Многія-ж з тых, што займаліся чарамі, знайшлі кнігі і спалілі перад усімі. А зьлічыўшы цэны іх, знайшлі на грошы пяцьдзесят тысяч дынараў.
20 Так сільна расло слова Божае і ўмацоўвалася.
21 А споўніўшы гэта, павал намерыўся ў духу, прайшоўшы Македонію і Ахаю, ісьці ў Ерузалім, кажучы: што пасьля таго як там буду, трэба мне і Рым відзець.
22 І паслаўшы ў Македонію двух з паслугаваўшых яму, Цімафея і Эраста, сам да часу астаўся ў Азіі.
23 А ў той час сталася не малое забурэньне дзеля шляху Пана.
24 Бо адзін сераброўнік, на імя Дзімітры, каторы вырабляў сярэбраныя сьвятынкі Дыяны, даваў рамесьнікам не малы заработак.
25 Ён, склікаўшы іх і тых, каторыя былі гэтага роду працаўнікамі, сказаў: Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамясла ёсьць наш даход.
26 А вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэзе, але амаль ва ўсей Азіі гэты Павал, нагаварваючы, адвярнуў вялікую грамаду, кажучы: што гэта не багі, каторыя робяцца рукамі.
27 І гэта ня толькі пагражае нашаму рамяслу, каб яно ня прыйшло ў пагарду, але і сьвятыня вялікай Дыяны будзе лічыцца за нішто, але і пачне ніштожыцца вялікасьць тае, каторай пакланяецца ўся Азія і сьвет.
28 Пачуўшы гэтае, яны напоўніліся гневам і закрычалі, кажучы: Вялікая Дыяна Эфэская.
29 І напоўніўся горад узбурэньнем, і зрабілі аднадушна напад на тэатр, хватаючы Гая і Арыстарха, македонцаў, таварышаў Паўла.
30 А калі Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не пазволілі.
31 Некаторыя-ж і з начальнікаў Азіі, будучы яго прыяцелямі, паслалі да яго, просячы, каб не ўваходзіў у тэатр.
32 А іншыя другое крычалі. Бо было сабраньне бурнае і большасьць ня ведалі, дзеля чаго сабраліся.
33 А з грамады выцягнулі Александра, каторага выпіхалі жыды. Аляксандар-жа, зажадаўшы рукою цішыні, хацеў здаць справу перад народам.
34 Калі яго пазналі, што ён жыд, узьняўся адзін голас усіх, крычачых каля дзьвюх гадзін: Вялікая Дыяна Эфэская.
35 А пісар, успакоіўшы грамады, сказаў: Мужы эфэскія, і хто-б з людзей ня ведаў, што горад Эфэз ёсьць паклоньнікам вялікай Дыяны, дочкі Юпітэра?
36 Дык калі гэтаму пярэчыць ня можна, трэба вам успакоіцца і нічога неразважнага не рабіць.
37 Бо вы прыявялі гэтых людзей, ані сьвятазьняважнікаў, ані блюзьнячых проціў вашае багіні.
38 А калі Дзімітры і тыя, што з ім ёсьць, рамесьнікі, маюць справу проціў каго, то адбываюцца на рынку суды, і ёсьць старасты, няхай адны другіх вінавацяць.
39 Калі-ж даходзіце іншае рэчы, то можа быць вырашана на законным сабраньні.
40 Бо і пагражае нам, каб мы нябылі абвінавачаны ў сяньняшнім бунце, бо няма нікога вінаватага (аб каторым не маглі-б здаць справу) гэтага зборышча. І сказаўшы гэтае, распусьціў сабраньне.