Вучні Яна ў Эфесе атрымліваюць Духа

1 Калі Апалос быў у Карынце, Павел прайшоў праз горныя ваколіцы, спусціўся ў Эфес і, знайшоўшы там некаторых вучняў,
2 сказаў ім: «Ці атрымалі вы Духа Святога, калі паверылі?» А яны адказалі яму: «Мы і не чулі, што ёсць Дух Святы».
3 Ён спытаў: «У што ж вы хрысціліся?» Яны адказалі: «У хрост Яна». Павел сказаў:
4 «Ян хрысціў хростам пакаяння, кажучы людзям, каб паверылі ў таго, хто ідзе пасля яго, гэта значыць, у Езуса».
5 Калі гэта пачулі, ахрысціліся ў імя Пана Езуса.
6 І калі Павел усклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх. Яны гаварылі мовамі і прарочылі.
7 А было ўсіх каля дванаццаці чалавек.
Павел прапаведуе ў Эфесе і чыніць цуды

8 Увайшоўшы ў сінагогу, ён адважна прамаўляў тры месяцы, прапаведуючы і пераконваючы наконт Божага Валадарства.
9 А калі некаторыя заўпарціліся і не верылі, зласловячы шлях Пана перад народам, Павел пакінуў іх, узяўшы з сабою вучняў, і штодня прапаведаваў у школе Тырана.
10 Гэта працягвалася два гады, так што ўсе жыхары Азіі, юдэі і грэкі, пачулі слова Пана.
11 Бог рабіў надзвычайныя цуды рукамі Паўла,
12 так што на хворых ускладалі хусты і паясы з яго цела, і хваробы пакідалі іх, і злыя духі выходзілі з іх.
Юдэйскія заклінальнікі

13 Нават некаторыя з вандроўных юдэйскіх заклінальнікаў заклікалі над тымі, хто быў апанаваны злымі духамі, імя Пана Езуса, кажучы: «Заклінаю вас Езусам, якога прапаведуе Павел».
14 Рабілі гэта сем сыноў пэўнага Скевы, юдэйскага першасвятара.
15 Але злы дух адказаў ім: «Я знаю Езуса і ведаю Паўла, а вы хто такія?»
16 І накінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, перамогшы абодвух, адолеў іх так, што яны ўцяклі з таго дома голыя і параненыя.
17 Пра гэта стала вядома сярод усіх юдэяў і грэкаў, якія жылі ў Эфесе. Страх ахапіў іх усіх, і ўзвялічана было імя Пана Езуса.
18 Многія з тых, хто паверыў, прыходзілі, вызнаючы і выяўляючы свае ўчынкі.
19 Нямала з тых, хто займаўся чарадзействам, сабраўшы свае кнігі, спалілі іх перад усімі. А калі падлічылі іх кошт, аказалася іх на пяцьдзясят тысяч срэбных манет.
20 Так моцна ўзрастала і ўмацоўвалася слова Пана.
Планы Паўла

21 Калі гэта здзейснілася, Павел вырашыў прайсці Македонію і Ахаю і накіравацца ў Ерузалем, кажучы: «Калі пабуду там, дык я павінен убачыць і Рым».
22 І паслаў у Македонію з тых, хто служыў яму, двух — Цімафея і Эраста, а сам пэўны час заставаўся ў Азіі.
Дэметрый супраць Паўла

23 У гэты час узнялося немалое абурэнне з прычыны шляху Пана.
24 Нейкі Дэметрый, што займаўся срэбрам і рабіў срэбныя святыні Артэміды, прыносіў немалы прыбытак рамеснікам.
25 Ён сабраў іх і іншых падобных рамеснікаў і сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што наш дастатак залежыць ад гэтага занятку.
26 А вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфесе, але і амаль па ўсёй Азіі гэты Павел пераканаў і адвярнуў нямала народу, кажучы, што не з’яўляецца багамі тое, што зроблена рукамі.
27 Гэта пагражае нам не толькі тым, што наша доля прыйдзе ў заняпад, але і святыня вялікай багіні Артэміды будзе лічыцца нічога не вартай, і пазбавіцца велічы тая, якой пакланяецца ўся Азія і свет».
28 Пачуўшы гэта, яны напоўніліся гневам і закрычалі: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
29 Увесь горад ахапіла хваляванне. Схапіўшы спадарожнікаў Паўла, македонцаў Гая і Арыстарха, яны ўсёй грамадой кінуліся да тэатра.
30 Калі Павел хацеў увайсці ў натоўп, вучні не пусцілі яго.
31 Таксама некаторыя кіраўнікі правінцыі, якія прыязна ставіліся да яго, паслалі да яго з просьбай, каб не паказваўся ў тэатры.
32 Тым часам адны крычалі адно, другія — іншае, бо сход быў бязладны і многія не ведалі, чаго сабраліся.
33 Тады з натоўпу вывелі Аляксандра, якога юдэі выштурхнулі наперад. Аляксандр даў знак рукой, што хоча апраўдацца перад народам.
34 Калі ж даведаліся, што ён юдэй, усе ў адзін голас і каля дзвюх гадзін крычалі: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
35 Урэшце гарадскі пісар супакоіў народ, сказаўшы: «Эфесцы, хто з людзей не ведае, што горад Эфес — захавальнік святыні вялікай Артэміды і яе выявы, што ўпала з неба?
36 А паколькі гэта бясспрэчна, то вам трэба захоўваць спакой і не рабіць нічога паспешна.
37 Вы прывялі гэтых людзей, якія не блюзнерылі і не зняважылі нашай багіні.
38 Калі ж Дэметрый і рамеснікі, што з ім, маюць супраць кагосьці справу, дык на рынку адбываюцца суды і ёсць праконсулы. Няхай абвінавачваюць адны другіх.
39 А калі вы дабіваецеся чагосьці іншага, то гэта вырашыцца на законным сходзе.
40 Бо нам пагражае абвінавачанне ў сённяшнім хваляванні, і няма ніякай прычыны, каб апраўдаць наша зборышча». Сказаўшы гэта, ён распусціў сход.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 19 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.