Спасланне Духа Святога
1 Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы.
2 Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
3 З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх.
4 Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.
5 Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам.
6 Калі ўзняўся гэты шум, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове.
7 Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы?
8 Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?
9 Парфяне і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,
10 Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірэнай, ды прыезджыя рымляне,
11 юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя».
12 Усе былі ўражаныя і ўзбянтэжаныя, кажучы адзін аднаму: «Што гэта значыць?»
13 А іншыя з насмешкай казалі: «Яны напіліся маладога віна».
Першая прамова Пятра
14 Тады ўстаў Пётр разам з Адзінаццаццю, узняў рукі свае і прамовіў да іх моцным голасам: «Мужы юдэйскія і ўсе жыхары Ерузалема, пазнайце і выслухайце мае словы.
15 Яны не п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ толькі трэцяя гадзіна дня,
16 але гэта тое, што было сказана прарокам Ёэлем:
17 “У апошнія дні, — кажа Бог, —
Я пралью з Духа Майго на кожнае цела,
і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя,
а юнакі вашыя будуць бачыць візіі,
а старцам вашым будуць сніцца сны.
18 На слуг Маіх і на служанак Маіх
у тыя дні Я пралью Духа Майго,
і яны будуць прарочыць.
19 Учыню цуды на небе ўверсе і знакі на зямлі ўнізе:
кроў, і агонь, і клубы дыму.
20 Сонца абернецца ў цемру,
а месяц — у кроў,
перш чым настане дзень Пана,
вялікі і слаўны.
21 Кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены”.
22 Мужы ізраэльскія, выслухайце гэтыя словы: Езус з Назарэта быў чалавекам, якога Бог паказаў вам у сіле, цудах і знаках, якія Бог учыніў праз Яго сярод вас, як і самі ведаеце.
23 Яго, выдадзенага паводле вызначанай волі і Божага прадбачання, вы, укрыжаваўшы рукамі бязбожных, забілі.
24 Але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакутаў смерці, бо немагчыма было, каб яна трымала Яго.
25 Давід жа гаворыць пра Яго:
“Пана я маю заўсёды перад вачыма,
бо Ён праваруч мяне, каб я не пахіснуўся.
26 Таму радуецца маё сэрца
і весяліцца язык мой,
і цела маё будзе спачываць у надзеі.
27 Бо не пакінеш душы маёй у адхлані
і не дасі святому Твайму ўбачыць тленне.
28 Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця.
Ты напоўніш мяне радасцю перад абліччам Тваім”.
29 Браты, дазвольце мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, які памёр і пахаваны, а магіла ягоная знаходзіцца сярод нас па сённяшні дзень.
30 Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог прысягнуў яму пасадзіць на ягоным троне ягонага патомка,
31 ён прадбачыў і казаў пра ўваскрасенне Хрыста, што Ён не застанецца ў адхлані, і цела Ягонае не ўбачыць тленне.
32 Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі.
33 Ён, узнесены правіцаю Бога і атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, праліў Яго, як вы бачыце і чуеце.
34 Бо Давід не ўзышоў на неба, але сам ён кажа:
“Пан сказаў майму Пану: Сядай праваруч Мяне,
35 пакуль не пакладу ворагаў тваіх да падножжа Твайго”.
36 Няхай кожны дом Ізраэля цвёрда ведае, што гэтага Езуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў і Панам, і Месіяй».
Першыя навяртанні
37 Калі ж пачулі гэта, змякчэла іхняе сэрца, і яны сказалі Пятру і астатнім Апосталам: «Што нам рабіць, браты?» Пётр адказаў ім:
38 «Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння вашых грахоў, і вы атрымаеце дар Духа Святога.
39 Бо вам належыць абяцанне і дзецям вашым, і ўсім тым, хто далёка, каго толькі пакліча Пан Бог наш».
40 Таксама многімі іншымі словамі ён сведчыў і навучаў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага падступнага пакалення».
41 Тыя ж, хто прыняў ягонае слова, былі ахрышчаныя. І далучылася ў гэты дзень да іх каля трох тысяч людзей.
Першая хрысціянская супольнасць
42 Яны трывалі ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах.
43 Страх быў у кожнай душы; шмат цудаў і знакаў чынілі Апосталы.
44 Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае.
45 Яны прадавалі набытак свой і маёмасць і дзялілі паміж усімі, хто меў патрэбу.
46 Штодня збіраліся аднадушна ў святыні і, ламаючы дома хлеб, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,
47 праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народу. А Пан штодня далучаў да іх тых, хто меў быць збаўлены.
Дзеі Апосталаў, 2 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.