Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Дзеі 17 Дзеі Апосталаў 17 раздзел

У Тэсалоніцы. Цяжкасці з юдэямі

1 Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, яны прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была юдэйская сінагога.
2 Павел сваім звычаем увайшоў да іх і тры шабаты дыскутаваў з імі на падставе Пісання,
3 адкрываючы і даказваючы ім, што Хрыстус павінен быў цярпець і ўваскрэснуць і што: «Гэты Езус, якога вам прапаведую, — гэта Хрыстус».
4 Некаторыя з іх паверылі і далучыліся да Паўла і Сілы — вялікае мноства пабожных грэкаў і нямала знатных жанчын.
5 Тады юдэі, ахопленыя зайздрасцю, узялі з рынку нейкіх нягодных людзей, сабралі натоўп і пачалі бунтаваць горад. Падышоўшы да дома Ясона, яны шукалі іх, каб вывесці да народу.
6 Калі ж не знайшлі, пацягнулі Ясона і некаторых братоў да гарадскіх уладаў з крыкам: «Тыя, што бунтуюць увесь свет, прыйшлі і сюды,
7 а Ясон прыняў іх. Усе яны паступаюць насуперак загадаў цэзара, кажучы, што ёсць іншы кароль — Езус».
8 Устрывожыўся народ і гарадскія ўлады, якія слухалі гэта.
9 Але, атрымаўшы даволі шмат ад Ясона і іншых, адпусцілі іх.
Павел і Сіла ў Бэрэі

10 Тады браты адразу ж уначы адправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю. Прыбыўшы туды, яны пайшлі ў юдэйскую сінагогу.
11 Тутэйшыя былі больш прыхільныя, чым у Тэсалоніках, яны прынялі слова з усёй ахвотай і кожны дзень даследавалі Пісанне, ці так яно ёсць.
12 Многія з іх паверылі — і з грэцкіх знатных жанчын, і з мужчын нямала.
13 Калі ж даведаліся тэсаланікійскія юдэі, што і ў Бэрэі Павел прапаведуе Божае слова, прыйшлі таксама туды ды падбухторвалі і бунтавалі натоўп.
14 Тады браты адразу ж адправілі Паўла, каб ён пайшоў да самага мора, а Сіла і Цімафей засталіся.
15 Тыя, хто спадарожнічаў Паўлу, правялі яго аж да Атэн. Атрымаўшы наказ для Сілы і Цімафея, каб як мага хутчэй прыйшлі да яго, вярнуліся.
Павел у Атэнах

16 Калі Павел чакаў іх у Атэнах, яго дух абураўся на від горада, перапоўненага ідаламі.
17 Ён размаўляў у сінагозе з юдэямі і з тымі, хто баіцца Бога, і штодня з сустрэчнымі на рынку.
18 Спрачаліся з ім некаторыя філосафы з эпікурэйцаў і стоікаў. Адны казалі: «Што хоча сказаць гэты пустаслоў?» Іншыя: «Здаецца, ён прапаведуе чужых багоў», — таму што ён прапаведаваў ім Езуса і ўваскрасенне.
19 Яны ўзялі яго і прывялі на Арэапаг, кажучы: «Ці можам даведацца, што гэта за новае вучэнне, якое ты абвяшчаеш?
20 Бо нешта дзіўнае ўкладаеш нам у вушы. Мы хочам ведаць, што гэта азначае?»
21 А ўсе атэнцы ды іншаземцы, якія жылі там, нічым так ахвотна не займаліся, як расказваннем або слуханнем чагосьці новага.
Прамова Паўла на Арэапагу

22 Павел стаў пасярод Арэапагу і сказаў: «Атэнцы, я бачу, што ва ўсім вы вельмі рэлігійныя.
23 Бо, калі я праходзіў і аглядаў вашыя святыні, я знайшоў таксама алтар, на якім было напісана: “Невядомаму Богу”. Таго, каму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я абвяшчаю вам.
24 Бог, які стварыў свет і ўсё, што ў ім, будучы Панам неба і зямлі, жыве не ў святынях, збудаваных рукамі,
25 і не з рук чалавечых прымае служэнне, быццам бы маючы ў нечым патрэбу. Ён сам дае ўсяму жыццё, дыханне і ўсё.
26 Ён учыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб рассяліўся ён па ўсёй зямлі. Прызначыў устаноўленыя часы і межы іх рассялення,
27 каб яны шукалі Бога. Можа намацаюць і знойдуць Яго, бо Ён недалёка ад кожнага з нас.
28 Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём, як некаторыя з вашых паэтаў сказалі:

“І мы род Ягоны”.

29 Дык калі мы належым да Божага роду, то не павінны думаць, што боства падобна да золата ці срэбра, ці каменя, да выявы мастацтва і чалавечай фантазіі.
30 Не зважаючы на часы няведання, Бог цяпер наказвае людзям, каб усе і паўсюль каяліся,
31 бо Ён вызначыў дзень, калі будзе справядліва судзіць свет праз Чалавека, якога прызначыў, і даў доказ усім, уваскрасіўшы Яго».
32 Калі пачулі пра ўваскрасенне, адныя насміхаліся, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта іншым разам».
33 Так Павел выйшаў ад іх.
34 Але некаторыя людзі далучыліся да яго і паверылі. Сярод іх быў Дыянізій Арэапагіт, жанчына па імені Дамарыс ды іншыя разам з імі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеі Апосталаў, 17 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Дзеі 17 раздзел в переводах:
Дзеі 17 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.