Прамова Паўла перад Агрыпам і Бэрэнікай

1 Агрыпа сказаў Паўлу: «Табе дазволена гаварыць за самога сябе». Тады Павел працягнуў руку і прамовіў у сваю абарону:
2 «Кароль Агрыпа, я лічу сябе шчаслівым, што сёння павінен абараняцца перад табою ад усяго, у чым мяне вінавацяць юдэі.
3 Ты найбольш ведаеш усе юдэйскія звычаі і спрэчныя пытанні. Таму прашу велікадушна выслухаць мяне.
4 Жыццё маё з маладосці, якое ад пачатку праходзіла ў Ерузалеме сярод майго народу, ведаюць усе юдэі.
5 Яны ведаюць мяне здаўна і могуць засведчыць, што я жыў як фарысей паводле самай строгай плыні нашай рэлігіі.
6 А цяпер я стаю перад судом за надзею на абяцанне, якое Бог даў айцам нашым,
7 а яго спаўнення чакаюць нашыя дванаццаць пакаленняў, днём і ноччу няспынна служачы Богу. За гэтую надзею, кароль, юдэі вінавацяць мяне!
8 Чаму вы лічыце неверагодным, што Бог уваскрашае памерлых?
9 Я таксама лічыў, што павінен шмат зрабіць супраць імені Езуса з Назарэта.
10 Я гэта і рабіў у Ерузалеме. Атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, я многіх святых кінуў у вязніцу. Калі іх забівалі, даваў згоду.
11 Часта па ўсіх сінагогах я караў іх і прымушаў блюзнерыць, а будучы раз’юшаным на іх, пераследаваў нават у чужых гарадах.
Другое сведчанне Паўла пра сваё пакліканне

12 Калі дзеля гэтага я ішоў у Дамаск з уладай і даручэннем ад першасвятароў,
13 апоўдні я ўбачыў на дарозе, о кароль, святло з неба, ярчэйшае за святло сонца, якое асвятляла мяне і тых, хто ішоў разам са мною.
14 Калі мы ўсе ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які казаў мне па-габрэйску: “Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне? Цяжка табе ісці супраць ражна”.
15 Я спытаўся: “Хто ты, Пане?” Ён адказаў: “Я Езус, якога ты пераследуеш.
16 Але падыміся, устань на ногі свае, бо для таго Я з’явіўся табе, каб зрабіць цябе слугою і сведкам таго, што ты бачыў і што Я адкрыю табе.
17 Я вызвалю цябе ад гэтага народу і ад язычнікаў, да якіх Я пасылаю цябе
18 адкрыць ім вочы, каб яны павярнуліся ад цермы да святла і ад улады сатаны да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі дараванне грахоў і спадчыну сярод асвячаных”.
Місійная праца Паўла

19 Таму, кароль Агрыпа, я не быў непаслухмяным нябеснаму бачанню,
20 але прапаведаваў спачатку жыхарам Дамаска і Ерузалема, а потым па ўсёй зямлі юдэйскай і язычнікам, каб яны каяліся і навярталіся да Бога, здзяйсняючы справы, што вынікаюць з пакаяння.
21 За гэта юдэі схапілі мяне ў святыні і спрабавалі забіць.
22 Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я аж да гэтага дня працягваю сведчыць малому і вялікаму. Я не кажу нічога, акрамя таго, што, па словах прарокаў і Майсея, павінна было адбыцца:
23 што Хрыстус павінен быў цярпець і абвясціць, як першы сярод уваскрослых, святло народу гэтаму і язычнікам».
Рэакцыя слухачоў

24 Калі ён так абараняўся, Фэст гучна сказаў: «Павел, ты ашалеў! Вялікая вучонасць даводзіць цябе да вар’яцтва».
25 Але Павел сказаў: «Я не шалею, дастойны Фэст, але абвяшчаю словы праўдзівыя і прадуманыя.
26 Бо ведае пра гэта кароль, перад якім я смела кажу гэта. Я ўпэўнены, што нічога з гэтага не схавана ад яго, бо адбывалася не ў закутку.
27 Ці верыш ты, кароль Агрыпа, прарокам? Я ведаю, што верыш».
28 Агрыпа сказаў Паўлу: «Яшчэ крыху і пераканаеш мяне стаць хрысцінянінам!»
29 Павел сказаў: «Я маліў бы Бога, каб калісьці не толькі ты, але і ўсе, хто сёння чуе мяне, сталі такімі, як я, акрамя гэтых кайданаў!»
30 Тады кароль і намеснік, а таксама Бэрэніка, і тыя, што сядзелі разам з імі, падняліся.
31 Адышоўшы ўбок, яны гаварылі паміж сабою, кажучы: «Гэты чалавек не робіць нічога вартага смерці і кайданаў».
32 І сказаў Агрыпа Фэсту: «Можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не звяртаўся да цэзара».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 26 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.