Пётр і Ян перад Сінэдрыёнам

1 Калі яны прамаўлялі да народу, падышлі да іх святары, дазорац святыні і садукеі,
2 абураныя тым, што яны навучаюць народ і абвяшчаюць уваскрашэнне ў Езусе.
3 Схапілі іх і кінулі ў вязніцу да раніцы, бо ўжо быў вечар.
4 А многія з тых, хто чуў прамову, паверылі. Было іх каля пяці тысяч мужчын.
5 На другі дзень сабраліся іх правадыры, старэйшыны і кніжнікі ў Ерузалеме,
6 таксама першасвятар Анна і Каяфа, Ян і Аляксандр ды іншыя, што былі з першасвятарскага роду.
7 Яны паставілі іх пасярэдзіне і пыталіся: «Якою моцаю або чыім імем вы зрабілі гэта?»
8 Тады Пётр, напоўнены Духам Святым, сказаў ім: «Правадыры народу і старэйшыны,
9 калі нас сёння дапытваюць за добры ўчынак, дзякуючы якому гэты хворы чалавек выздаравеў,
10 то няхай будзе вядома вам і ўсяму ізраэльскаму народу, што гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы дзякуючы імені Езуса Хрыста, Назараніна, якога вы ўкрыжавалі і якога Бог уваскрасіў з мёртвых.
11

Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі,
і які стаўся галавою вугла.

12 І няма ні ў кім іншым збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мы можам атрымаць збаўленне».
13 Бачучы адвагу Пятра і Яна і даведаўшыся, што гэта людзі непісьменныя і простыя, дзівіліся. І пазналі іх, што яны былі з Езусам.
14 Гледзячы на аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, нічога не маглі адказаць.
15 Загадаўшы ім выйсці з месца пасяджэнняў, раіліся паміж сабою, кажучы:
16 «Што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо яны ўчынілі відавочны цуд, вядомы ўсім жыхарам Ерузалема. І мы не можам запярэчыць гэтаму.
17 Але, каб далей не пашыралася гэта ў народзе, забаронім ім пад пагрозаю, каб не прамаўлялі больш ад гэтага імя да ніводнага чалавека».
18 Тады паклікалі іх і забаранілі ім увогуле прамаўляць і навучаць у імя Езуса.
19 Але Пётр і Ян адказалі ім: «Падумайце, ці справядліва перад Богам слухацца вас больш, чым Бога?
20 Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі».
21 А тыя зноў прыгразілі і адпусцілі іх, бо з ўвагі на людзей не змаглі пакараць іх, таму што ўсе славілі Бога за тое, што сталася.
22 А чалавеку таму, з якім стаўся гэты цуд аздараўлення, было больш за сорак гадоў.
Малітва супольнасці

23 Калі іх адпусцілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі, што сказалі ім першасвятары і старэйшыны.
24 Тыя, выслухаўшы іх, узнялі разам голас да Бога і сказалі: «Валадару, Ты стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх.
25 Ты праз Духа Святога вуснамі айца нашага Давіда, Твайго слугі, сказаў:

“Чаму бунтуюцца язычнікі
і народы задумалі марнае?

26

Паўсталі каралі зямлі,
і валадары сабраліся разам
супраць Пана і супраць Памазаніка Яго”.

27 Бо, сапраўды, супраць святога Слугі Твайго Езуса, якога Ты намасціў, сабраліся ў гэтым горадзе Ірад і Понцій Пілат разам з язычнікамі і народам Ізраэля,
28 каб учыніць тое, што Твая рука і воля Твая прадвызначыла.
29 Цяпер, Пане, паглядзі на іхнія пагрозы і дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць Тваё слова.
30 Выцягні сваю руку дзеля аздараўлення, няхай стануцца знакі і цуды ў імя святога Слугі Твайго Езуса».
31 Калі памаліліся, затрэслася месца, на якім яны сабраліся, і ўсе напоўніліся Духам Святым, і адважна абвяшчалі Божае слова.
Супольная маёмасць

32 Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў сваім нічога з маёмасці сваёй, але ўсё ў іх было супольнае.
33 Апосталы з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку.
34 Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх
35 і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног Апосталаў. А раздавалася кожнаму паводле ягонай патрэбы.
36 Юзаф жа, якога Апосталы называлі Барнабам, што азначае «сын суцяшэння», левіт, родам з Кіпра,
37 прадаў зямлю, якую меў, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 4 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.