Пакліканне Цімафея

1 Прыбыў у Дэрбэ і Лістру. Быў там адзін вучань па імені Цімафей, сын жанчыны юдэйкі, якая паверыла, і бацькі грэка.
2 Браты ў Лістры і Іконіі добра сведчылі пра яго.
3 Таму Павел захацеў узяць яго з сабою. Узяўшы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцінах. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў грэкам.
4 Калі праходзілі праз гарады, наказвалі ім захоўваць пастановы, прынятыя Апосталамі і старэйшынамі ў Ерузалеме.
5 Касцёлы ж умацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі ў колькасці.
Падарожжа праз Малую Азію

6 Прайшлі Фрыгію і краіну галатаў, а Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі.
7 Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісці ў Бітынію, але Дух Езуса не дазволіў ім.
8 Тады яны прайшлі Мізію і сышлі ў Трааду.
9 І меў Павел уначы бачанне: стаяў перад ім чалавек, нейкі македонец, і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам!»
10 Пасля гэтага бачання мы адразу вырашылі адправіцца ў Македонію, упэўненыя, што Бог паклікаў нас абвяшчаць там Евангелле.
Павел у Філіпах

11 Калі мы адплылі з Траады, прыбылі проста ў Саматракі, а на другі дзень у Неапаль,
12 і адтуль у Філіпы, першы ў той частцы Македоніі горад, калонію. У гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён.
13 У дзень шабату выйшлі за браму да ракі, дзе, як мы лічылі, адбывалася малітва. Сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, якія сабраліся.
14 Адна жанчына, па імені Лідзія, гандлярка пурпурам з горада Тыятыра, якая пакланялася Богу, таксама слухала. Пан адкрыў яе сэрца, каб яна прыняла словы Паўла.
15 Калі ж яна разам з домам сваім ахрысцілася, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце, што я верная Пану, увайдзіце ў мой дом і заставайцеся». І прымусіла нас.
Арышт Паўла і Сілы

16 Калі мы ішлі на малітву, нам сустрэлася адна служанка, якая мела духа прадбачання і прадказаннямі здабывала сваім гаспадарам вялікія сродкі.
17 Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала: «Гэтыя людзі — слугі Найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць нам шлях збаўлення».
18 Так рабіла яна шмат дзён. Але Павел, раззлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «У імя Езуса Хрыста загадваю табе выйсці з яе». І той адразу выйшаў.
19 Тады гаспадары яе, убачыўшы, што знікла надзея на іхні заробак, схапілі Паўла і Сілу і пацягнулі на рынак да правадыроў.
20 Прывёўшы іх да кіраўнікоў, сказалі: «Гэтыя людзі, будучы юдэямі, падбухторваюць наш горад
21 і прапаведуюць звычаі, якія нам, рымскім грамадзянам, нельга прымаць і выконваць».
22 Тады натоўп паўстаў супраць Паўла і Сілы, а кіраўнікі сарвалі з іх адзенне і загадалі біць розгамі.
23 Нанёсшы ім шмат удараў, кінулі ў вязніцу і загадалі вартаўніку пільна сцерагчы іх.
24 Атрымаўшы такі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і надзеў ім на ногі калодкі.
Цудоўнае вызваленне з вязніцы

25 Каля поўначы Павел і Сіла маліліся, спяваючы гімны Богу, а вязні слухалі іх.
26 Раптам пачаўся вялікі землятрус, так што задрыжэлі падмуркі вязніцы. Адразу адчыніліся ўсе дзверы і апалі ўсе путы.
27 Калі вартаўнік прачнуўся і ўбачыў адчыненыя дзверы вязніцы, выцягнуў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што ўсе вязні ўцяклі. Але Павел ускрыкнуў моцным голасам:
28 «Не рабі сабе нічога благога, бо ўсе мы тут».
29 Папрасіўшы святла, вартаўнік увайшоў і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілам.
30 Затым вывеў іх вонкі і сказаў: «Панове, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?» Яны адказалі яму:
31 «Вер у Пана Езуса, і збавішся ты і дом твой».
32 І абвясцілі слова Пана яму і ўсім, хто быў у яго доме.
33 У тую ж гадзіну ночы ён прыняў іх, абмыў раны і адразу ж ахрысціўся сам і ўся яго сям’я.
34 Потым завёў іх у свой дом, накрыў ім стол і з усімі хатнімі сваімі цешыўся, што паверыў у Бога.
35 Калі настаў дзень, кіраўнікі паслалі ліктараў, кажучы: «Вызвалі гэтых людзей!»
36 Вартаўнік паведаміў пра гэта Паўлу: «Кіраўнікі сказалі адпусціць вас. Таму цяпер выходзьце і ідзіце ў супакоі».
37 Але Павел сказаў ім: «Нас, рымскіх грамадзянаў, прылюдна білі, кінулі ў вязніцу, а цяпер нас употай выпускаюць. Не, няхай прыйдуць і самі вывядуць нас».
38 Ліктары паведамілі гэтыя словы кіраўнікам. Тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне.
39 Таму прыйшлі і перапрасілі іх. І, вывеўшы, папрасілі пакінуць горад.
40 Калі яны выйшлі з вязніцы, прыйшлі да Лідзіі, а калі ўбачылі братоў, далі ім настаўленні і адышлі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 16 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.