ЕРУЗАЛЕМСКІ САБОР

Спрэчка аб захаванні Закона Майсея

1 Некаторыя з тых, хто прыйшоў з Юдэі, вучылі братоў: «Калі не будзеце абрэзаныя паводле звычаю Майсея, не зможаце быць збаўленымі».
2 Калі распачалася звада і немалая спрэчка Паўла і Барнабы з імі, было вырашана, што Павел і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх пойдуць у гэтай справе да Апосталаў і старэйшын у Ерузалем.
3 Яны ж, пасланыя Касцёлам, праходзілі праз Феніцыю і Самарыю, расказваючы пра навяртанне язычнікаў. І вельмі ўзрадавалі ўсіх братоў.
4 Калі прыйшлі ў Ерузалем, былі прынятыя Касцёлам, Апосталамі і старэйшынамі. Яны распавялі, што Бог учыніў з імі.
5 Тады ўсталі некаторыя з кола фарысеяў, якія паверылі, і сказалі: «Трэба абрэзаць іх і загадаць ім, каб яны захоўвалі Закон Майсея!»
Прамова Пятра

6 Тады сабраліся Апосталы і старэйшыны, каб вырашыць гэтую справу.
7 Калі паўстала вялікая спрэчка, Пётр устаў і сказаў ім: «Браты, вы ведаеце, што з даўніх дзён Бог выбраў мяне сярод вас, каб язычнікі з маіх вуснаў пачулі слова Евангелля і паверылі.
8 Бог, які ведае сэрцы, засведчыў перад імі, даўшы ім, як і нам, Духа Святога.
9 Ён не зрабіў ніякай розніцы паміж намі ды імі і праз веру ачысціў іхнія сэрцы.
10 Навошта ж цяпер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы вучням на шыю ярмо, якое не маглі несці ні айцы нашыя, ні мы?
11 Але мы верым, што ласкаю Пана Езуса мы будзем збаўленыя таксама, як і яны».
12 Замоўклі ўсе сабраныя і слухалі апавяданне Барнабы і Паўла пра тое, як шмат знакаў і цудаў учыніў Бог праз іх сярод язычнікаў.
Прамова Якуба

13 Калі яны скончылі, загаварыў Якуб, кажучы: «Браты, паслухайце мяне.
14 Сымон расказаў, як Бог спачатку паглядзеў на язычнікаў, каб выбраць з іх народ для свайго імя.
15 І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:
16

“Потым вярнуся
і адбудую заняпалы шацёр Давіда,
адбудую руіны яго і пастаўлю нанова,

17

каб астатнія людзі шукалі Пана,
і ўсе народы, над якімі заклікаюць імя Маё, —
кажа Пан, які чыніць гэтыя справы,

18

вядомыя спрадвеку”.

19 Таму я лічу, што не трэба абцяжарваць тых язычнікаў, якія навяртаюцца да Бога,
20 але трэба напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад апаганьвання ідаламі, ад распусты, ад таго, што задушана, і ад крыві.
21 Бо з даўніх часоў ёсць у кожным горадзе тыя, хто кожны шабат абвяшчае і чытае ў сінагогах Закон Майсея».
Ліст Сабору

22 Тады Апосталы і старэйшыны разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу — мужоў, якія былі першымі сярод братоў, вырашылі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабам.
23 А праз іх выслалі такі ліст: «Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў з язычнікаў у Антыёхіі, Сірыі і Цыліцыі!
24 Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, занепакоіўшы вашыя душы.
25 Таму мы згодна вырашылі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі,
26 якія аддаюць сваё жыццё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста.
27 Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі.
28 Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна:
29 устрымлівайцеся ад ахвяраў, прынесеных ідалам, ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы».
Пасланцы ў Антыёхіі

30 Пасланыя прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы людзей, аддалі ліст.
31 Калі яго прачыталі, узрадаваліся гэтаму настаўленню.
32 Юда і Сіла, якія самі былі прарокамі, многімі прамовамі настаўлялі і ўмацоўвалі братоў.
33 Прабыўшы там пэўны час, браты адпусцілі іх з супакоем да тых, хто іх паслаў.
34 [отсутсвует]
35 Але Павел і Барнаба заставаліся ў Антыёхіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі іншымі слова Пана.
ДРУГОЕ МІСІЙНАЕ ПАДАРОЖЖА ПАЎЛА

Расстанне Паўла і Барнабы

36 Праз некалькі дзён Павел сказаў Барнабу: «Вернемся і наведаем нашых братоў ва ўсіх гарадах, дзе мы абвяшчалі слова Пана, і паглядзім, як яны маюцца».
37 Тады Барнаба хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам.
38 Але Павел палічыў, што не трэба браць з сабой таго, хто адышоў ад іх у Памфіліі і не спадарожнічаў ім у працы.
39 Адбылася спрэчка, так што яны разышліся адзін з адным. Тады Барнаба ўзяў з сабою Марка і паплыў на Кіпр,
40 а Павел выбраў сабе Сілу і, калі браты даручылі яго ласцы Пана, вырушыў.
41 Праходзіў ён праз Сірыю і Цыліцыю, умацоўваючы Касцёлы.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 15 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.