Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Дзеі 15 Дзеі Апосталаў 15 раздзел

1 Некаторыя, прыйшоўшы з Юдэі, навучалі братоў: «Калі не будзеце абрэзаны па звычаі Майсея, не можаце быць збаўлены».
2 І сталася шмат немалых спрэчак і звадак між імі ды Паўлам і Барнабам, так што вырашылі, каб Паўла і Барнаба ды яшчэ некалькі з іх пайшлі дзеля гэтае справы ў Ерузалім да Апосталаў і старэйшых.
3 Дык, пасланыя царквою, ішлі яны праз Фэніцыю і Самарыю, расказваючы пра навяртанне паганаў, і прыносілі братам вялікую радасць.
4 Калі ж прыбылі ў Ерузалім, былі прыняты царквою і Апосталамі ды старэйшымі і расказалі ім, як шмат Бог учыніў ім.
5 Але некаторыя з тых, што ўверылі з герэзіі фарысейскай, супрацівіліся, кажучы: «Трэба абрэзаць іх і загадаць трымацца закону Майсея!»
6 Дык сабраліся Апосталы і старэйшыя, каб разгледзець гэтую справу.
7 Калі ўзнікла вялікая спрэчка, тады, узняўшыся, Пётра сказаў ім: «Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўніх дзён выбраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх пагане пачулі слова Евангелля ды ўверылі.
8 І Бог, Які ведае сэрцы, засведчыў гэта, даючы ім Духа Святога, як і нам,
9 і не зрабіў ніякай розніцы між намі і імі, ачышчаючы сэрцы іх верай.
10 Дык чаму цяпер выпрабоўваеце Бога, каб ускласці на вучняў ярмо, якога ані бацькі нашы, ані мы самі не змаглі насіць?
11 Мы, аднак, верым, што праз ласку Госпада Ісуса Хрыста будзем збаўлены, як і яны».
12 І замоўк увесь натоўп, і слухалі аповед Барнабы і Паўлы, якія знакі і цуды ўчыніў Бог праз іх сярод паганаў.
13 І калі яны замоўклі, азваўся Якуб, кажучы: «Мужы браты, паслухайце мяне.
14 Сімяон расказаў, як Бог спачатку наведаў паганаў, каб выбраць з іх народ для імя Свайго,
15 і з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:
16 “Пасля гэтага вярнуся і адбудую палатку Давіда, якая ўпала, і адбудую руіны яе, і ўзнаўлю яе,
17 каб іншыя людзі шукалі Госпада ды ўсе народы, над якімі будзе прызывана імя Маё. Так кажа Госпад, Які чыніць усё гэта:
18 вядомы спрадвеку Богу ўсе справы Яго”.
19 Таму я лічу, што не трэба непакоіць тых, якія з паганаў навярнуліся да Бога,
20 але напісаць ім, каб сцерагліся апаганьвання ад балванаў, распусты, і задаўленага, і крыві.
21 Бо Майсей ад найдаўнейшых пакаленняў мае такіх, што ў розных гарадах абвяшчаюць яго ў сінагогах, дзе кожную суботу чытаюць».
22 Тады Апосталы і старэйшыя з усёй царквою надумалі выбраць мужоў са свайго ліку: Юду, званага Барсабам, і Сілу, мужоў першых сярод братоў, ды паслаць іх у Антыёхію разам з Барнабам і Паўлам,
23 напісаўшы праз рукі іх гэтак: «Апосталы, і старэйшыя, і браты — тым, што жывуць у Антыёхіі, Сірыі і Цыліцыі, братам з паганаў, прывітанне!
24 Мы даведаліся, што некаторыя з нашых без нашага даручэння занепакоілі вас словамі, трывожачы сэрцы вашы, кажучы, што вы павінны быць абрэзаны і выконваць закон.
25 Дык мы, сабраўшыся разам, вырашылі паслаць да вас выбраных людзей разам з дарагімі нам Барнабам і Паўлам,
26 людзьмі, якія за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста аддалі душы свае.
27 Дык пасылаем Юду і Сілу, якія перакажуць словамі тое самае.
28 Бо Дух Святы і мы вырашылі, што не трэба ўскладаць на вас аніякага цяжару, апрача таго, што неабходна:
29 устрымлівацца ад ахвяр для ідалаў, ад крыві, ад таго, што задушана, ды ад распусты. Добра вы зробіце, калі ад гэтых рэчаў паўстрымаецеся. Бывайце здаровы».
30 Тыя ж, пасланыя, прыбылі ў Антыёхію і, сабраўшы грамаду, аддалі ліст.
31 Калі яго прачыталі, узрадаваліся словам суцяшэння.
32 А Юда і Сіла, якія і самі былі прарокамі, у частых прамовах пацяшалі братоў і ўмацоўвалі іх.
33 Па нейкім часе адаслалі іх браты з прывітаннем супакою да Апосталаў.
34 Сіла ж вырашыў застацца, а Юда вярнуўся ў Ерузалім.
35 А Паўла і Барнаба затрымаліся ў Антыёхіі, навучаючы і дабравесцячы з многімі іншымі слова Госпадава.
36 А праз некалькі дзён Паўла сказаў Барнабу: «Вернемся і наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведавалі слова Госпадава, і паглядзім, як маюцца».
37 Барнаба хацеў узяць з сабой Яна, званага Маркам,
38 але Паўла судзіў, што за тое, што ён адышоў ад іх у Памфіліі і не хадзіў працаваць з імі, не належыць браць яго.
39 І ўсчынілася крыўда, так што раздзяліліся, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр,
40 Паўла ж, абраўшы Сілу, пайшоў, даручаны братамі ласцы Бога.
41 І праходзіў праз Сірыю і Цыліцыю, умацоўваючы цэрквы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеі святых Апосталаў, 15 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Дзеі 15 раздзел, слухаць:
Дзеі 15 раздзел в переводах:
Дзеі 15 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.