Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Дзеі 2 Дзеі Апосталаў 2 раздзел

1 І, калі спаўняўся дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым жа месцы.
2 І раптам стаўся шум з неба, як бы ад наляцеўшага буйнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
3 І паказаліся ім паасобна языкі, як бы агнявыя, і паселі на кожнага з іх;
4 і напоўнены былі яны ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі так, як ім Дух даваў прамаўляць.
5 Жылі тады ў Ерузаліме юдэі, людзі пабожныя, з усіх народаў, што ёсць пад небам;
6 і, калі ўзняўся гэты голас, збеглася мноства людзей, і дзівіліся, бо кожны чуў іх, як прамаўлялі на яго мове.
7 Слупянелі яны і дзівіліся, кажучы: «Ці ж, вось, гэтыя ўсе, што прамаўляюць, не галілейцы?
8 Дык як жа мы кожны чуем сваю ўласную мову, у якой мы нарадзіліся?
9 Парты і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,
10 Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лібіі, што каля Цырэны, і прыбыльцы з Рыма,
11 а таксама юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — чуем, што яны гавораць пра веліч Божую на нашых мовах».
12 І дзівіліся ўсе, і не разумелі гэтага, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»
13 А іншыя, падсмейваючыся, казалі: «Можа быць, яны напіліся маладога віна?»
14 Тады Пётра, стаўшы з адзінаццаццю, узвысіў голас свой і сказаў ім: «Мужы юдэйскія ды ўсе жыхары Ерузаліма, хай будзе вам гэта ведама, і ўспрыміце вушамі мае словы!
15 Гэтыя людзі не п’яныя, як вы думаеце, бо трэцяя гадзіна дня,
16 але гэта спаўняецца тое, што сказана праз прарока Ёэля:
17 “І будзе: у апошнія дні, — кажа Бог, — вылью ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць праракаваць сыны вашы і дочкі вашы, і юнакі вашы будуць бачыць з’явы, і старыя вашы будуць бачыць сны.
18 І на паслугачоў Маіх і на паслугачак вылью ў тыя дні ад Духа Майго, і будуць праракаваць.
19 І дам цуды на небе, угары, ды знакі на зямлі, унізе кроў і агонь, і слупы дыму;
20 сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і слаўны.
21 І будзе: кожны, хто пакліча імя Госпада, будзе збаўлены”.
22 Мужы ізраэльскія, паслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засведчанага перад вамі Богам моцамі, цудамі і знакамі, якія Бог учыніў праз Яго між вамі, як вы самі ведаеце,
23 Яго вось, Які паводле вызначанага рашэння і наканавання Божага быў выдадзены, вы, рукамі беззаконных прыбіўшы цвікамі, забілі,
24 але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакут смерці, бо немагчыма было, каб яна авалодала Ім.
25 Бо Давід кажа адносна Яго: “Стаяў я перад Госпадам маім заўсёды; паколькі Ён праваруч мяне, нічога не баюся.
26 Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё і ўзвесялілася душа мая; звыш таго, і цела маё супакоіцца ў спадзяванні.
27 Бо не пакінеш душы маёй у пекле ды не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне.
28 Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю ад аблічча Твайго”.
29 Мужы браты, хай дазволена мне будзе сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, ды магіла яго захавалася ў нас да сённяшняга дня.
30 Як прарок, ён ведаў, што Бог прысягаў яму вернай прысягай, што ад плода сцёгнаў яго паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе Яго,
31 і, прадбачачы, гаварыў пра ўваскрэсенне Хрыста, што душа Яго не застанецца ў пекле, ды што цела Яго не ўбачыць парахнення.
32 Гэтага вось Ісуса ўваскрасіў Бог, і мы ўсе — сведкі гэтага.
33 Ён быў правіцаю Божаю ўзвышаны, атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, і выліў Яго, як вы бачыце і чуеце.
34 Бо Давід не ўзышоў у неба, аднак ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне,
35 аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.
36 Дык хай вельмі цвёрда ведае ўвесь дом Ізраэля, што гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі, Бог учыніў Госпадам і Хрыстом».
37 Калі яны пачулі гэта, спакарыліся сэрцам ды пыталіся ў Пётры і іншых Апосталаў: «Дык што маем мы рабіць, мужы браты?»
38 А Пётра сказаў ім: «Учыніце навяртанне, і хай кожны з вас прыме хрост у імя Ісуса Хрыста на адпушчэнне вашых грахоў, і атрымаеце дар Духа Святога;
39 бо вам належыць абяцанае і сынам вашым, ды ўсім тым, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, Бог наш».
40 І многімі іншымі словамі сведчыў і ўшчуваў іх, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага роду распуснага».
41 Дык тыя, што прыхільна прынялі яго словы, былі ахрышчаны; і ў той дзень было далучана каля трох тысяч душ.
42 І трывалі яны ў навуцы Апосталаў ды ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах.
43 І страх быў у кожнай душы, бо Апосталы чынілі мноства знакаў і цудаў.
44 Усе тыя, што ўверылі, былі разам ды ўсё мелі супольнае,
45 і прадавалі маёмасць і ўласнасць ды дзялілі яе між тымі, у каго якая была патрэба;
46 і штодзень аднадушна заставаліся ў святыні, і, ламаючы хлеб па дамах, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,
47 славячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народа. Госпад жа штодзень дадаваў да царквы збаўляемых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеі святых Апосталаў, 2 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Дзеі 2 раздзел, слухаць:
Дзеі 2 раздзел в переводах:
Дзеі 2 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Серия комментариев МакАртура
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.