Библия Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Дзеі, 27 Дзеі Апосталаў, 27 глава

1 Калі было вырашана плысці нам у Італію, перадалі Паўлу і разам з ім іншых вязняў Юлію, сотніку кагорты Аўгуста.
2 Селі мы на гадрамітыйскі карабель, які меў плысці каля ўзбярэжжа Азіі, і затым адплылі, а з намі быў Арыстарх, мацэдонец з Тэсалонікі.
3 На другі дзень прыплылі ў Сідон, і Юлій, які па-людску абыходзіўся з Паўлам, дазволіў яму пайсці да сяброў ды апекавацца над сабой.
4 І, калі мы выправіліся адсюль, то паплылі мы ўздоўж Кіпра, таму што былі супраціўныя вятры,
5 і пераплылі мора каля Цыліцыі і Памфіліі, ды прыбылі на караблі ў Міры, што ў Ліцыі.
6 І там сотнік знайшоў александрыйскі карабель, што плыў у Італію, і перасадзіў нас на яго.
7 І, многа дзён плывучы паволі, ледзь апынуліся насупраць Кніда з прычыны неспрыяльнага ветру, ды падплылі да Крыта каля Салмоны.
8 І, плывучы з цяжкасцю каля яго, мы дабраліся да аднаго месца, званага Добры Порт, каля якога быў горад Ласея.
9 Калі ж прайшло многа часу і плаванне сталася ўжо небяспечным, бо ўжо і пост прайшоў, Паўла перасцерагаў іх,
10 кажучы: «Людзі, я бачу, што плаванне становіцца небяспечным ды вельмі згубным не толькі для грузу і карабля, але і для нашых душ».
11 Але сотнік верыў болей стырніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Паўла.
12 А як порт не надаваўся для зімоўкі, большасць параіла адплысці адтуль, спадзеючыся дабрацца неяк на зімоўку ў порт Фэнікс на Крыце, выстаўлены на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.
13 І, калі падзьмуў паўднёвы вецер, яны, думаючы выканаць свой намер, выправіліся і паплылі ўздоўж берагоў Крыта.
14 Але хутка наляцеў на іх бурны вецер, званы эўраквілон.
15 Калі карабель быў падхоплены і не мог супрацівіцца ветру, мы здалі карабель на вецер, і нас панесла.
16 Апынуўшыся каля нейкага вострава, званага Клаўда, з цяжкасцю ўтрымалі мы лодку.
17 Калі яна была ўцягнута, то скарысталіся з дапаможных канатаў, абцягваючы карабель. І, баючыся, каб не трапіць на мялізну, спусцілі ветразь і так нас насіла.
18 А як вялікая бура кідала намі, пачалі назаўтра выкідваць груз,
19 а на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі некаторыя прылады карабля.
20 Калі ж праз многа дзён ані сонца не паказвалася, ані зоркі, а бура шалела, знікла ўжо ўсякая надзея нашага выратавання.
21 І, калі ўжо вельмі доўга не елі, сказаў ім Паўла, стаўшы між імі: «Трэба было слухаць мяне, і не адплываць ад Крыта, і не выстаўляцца на гэтую нядолю і шкоду.
22 І цяпер раю вам не губляць настрою, бо ніхто з вас не загіне, апрача толькі карабля.
23 У гэтую ноч аб’явіўся мне анёл Бога, Якому належу ды Якому служу,
24 кажучы: “Не бойся, Паўле; трэба табе стаць перад цэзарам; і вось, Бог табе падараваў усіх, што плывуць разам з табою”.
25 Дык будзьце добрай думкі, мужы, бо веру Богу, што будзе так, як мне сказана.
26 Нас мусіць выкінуць на які-небудзь востраў».
27 А ў чатырнаццатую ноч, калі нас насіла па Адрыятыку, стала здавацца маракам каля поўначы, што падплываюць да нейкай зямлі.
28 Дык спусцілі шнур з волавам і намералі дваццаць сажняў, і, крыху адплыўшы, спусцілі і знайшлі пятнаццаць сажняў.
29 Баючыся, каб не трапіць на скалістыя месцы, кінулі з кармы чатыры якары ды чакалі досвітку.
30 Калі маракі, імкнучыся ўцячы з карабля, спусцілі лодку на мора пад выглядам, што хочуць спераду закінуць якар,
31 Паўла сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце выратавацца».
32 Тады жаўнеры парэзалі вяроўкі ад лодкі ды дазволілі ёй зваліцца ў мора.
33 Калі пачынала днець, Паўла заахвочваў усіх пасілкавацца, кажучы: «Сёння ўжо чатырнаццаты дзень, як вы чакаеце, посцячы і не маючы нічога ў вуснах.
34 Дык, прашу вас, пасілкуйцеся. Гэта прычыніцца да вашага выратавання; бо ніводнаму з вас волас з галавы не спадзе».
35 І, калі сказаў гэта і ўзяў хлеб, падзякаваў Богу на віду ва ўсіх і, паламаўшы, пачаў есці.
36 Яны тады ўсе супакоіліся ды самі прынялі ежу.
37 А было ўсіх душ на караблі дзвесце семдзясят шэсць чалавек.
38 І, калі наеліся, аблягчылі карабель, выкідваючы пшаніцу ў мора.
39 Калі развіднела, не пазналі зямлі, заўважылі, аднак, нейкую затоку з плоскім берагам, да якой надумалі, калі магчыма, давесці карабель.
40 І паадразалі якары, і пакінулі іх у моры, і, развязаўшы стырно і распусціўшы брамсель па ветры, скіраваліся да берага.
41 Патрапілі, аднак, на мялізну і асадзілі на ёй карабель. Нос карабля ўвяз і быў нерухомы, а карма разбівалася сілаю хваль.
42 Жаўнеры ж змовіліся пазабіваць вязняў, каб хто, даплыўшы да берага, не ўцёк.
43 Але сотнік, хочучы ўхаваць Паўлу, утрымаў іх ад намеру. І тым, што ўмелі плаваць, загадаў, каб першыя кінуліся ў ваду ды выйшлі на зямлю,
44 а астатнія — хто на дошках або на частках карабля; і так усе выбраліся на зямлю.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 27 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.