Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Дзеі 13 Дзеі Апосталаў 13 раздзел

1 І былі ў Антыёхіі, у царкве, прарокі і настаўнікі: Барнаба і Сімяон, званы Нігер, Луцый Цырэнец і Манаэн, які гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, ды Саўл.
2 І, калі яны адпраўлялі службу Госпадаву і посцілі, сказаў Дух Святы: «Вылучыце мне Барнабу і Саўла на дзейнасць, на якую Я іх паклікаў».
3 Тады з постам і малітваю, усклаўшы на іх рукі, адпусцілі іх.
4 І яны, выпраўленыя Духам Святым, накіраваліся ў Сэлеўцыю, а адтуль паплылі па моры на Кіпр.
5 І, калі прыбылі ў Саламіну, прапаведавалі слова Божае ў сінагогах юдэйскіх. Мелі ж яны Яна ў дапамогу.
6 І, праходзячы праз увесь востраў, дайшлі да Пафы. Там напаткалі аднаго чараўніка, фальшывага юдэйскага прарока, якому імя Барыісус.
7 Ён быў з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавеку разумным. Ён, паклікаўшы Барнабу і Саўла, хацеў паслухаць слова Божае.
8 Але працівіўся ім Элімас, чараўнік, так бо тлумачыцца імя яго, намагаючыся праконсула адвярнуць ад веры.
9 Тады Саўл, які таксама Паўла, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на яго пільна
10 і сказаў: «О ты, сын д’ябла, поўны ўсякага ашуканства ды ўсякай крывадушнасці, вораг усякай справядлівасці! Ці не перастанеш ты заварочваць простых дарог Госпадавых?
11 Вось жа, цяпер рука Госпадава на табе; і будзеш сляпы, і нейкі час не будзеш бачыць сонца». І зараз жа найшла на яго слепата і цемра, і ён, ходзячы кругамі, шукаў, хто б даў яму руку.
12 Тады, убачыўшы, што здарылася, праконсул уверыў, здзіўлены навукай Госпадавай.
13 Адплыўшы з Пафы, тыя, што былі з Паўлам, прыбылі ў Пэргэ ў Памфіліі, а Ян вярнуўся ў Ерузалім, адышоўшы ад іх.
14 Яны ж, ідучы далей, прайшлі Пэргэ, і дайшлі да Антыёхіі Пісідыйскай, і ў суботу ўвайшлі ў сінагогу, і там паселі.
15 Па прачытанні закону і прарокаў начальнікі сінагогі паслалі да іх, кажучы: «Калі маеце, мужы браты, нейкае слова заахвоты для народа, прамоўце!»
16 Тады падняўся Паўла і, даўшы знак рукою маўчаць, гаворыць: «Слухайце, мужы ізраэльскія ды тыя, што баіцеся Бога!
17 Бог гэтага народа ізраэльскага выбраў нашых бацькоў ды ўзвысіў народ, калі былі яны жыхарамі зямлі Егіпецкай, і магутнаю рукою вывеў іх з яе.
18 І каля сарака гадоў зносіў цярпліва іх нараканні ў пустыні.
19 Ды, выгубіўшы сем народаў у зямлі Ханаан, жэрабем падзяліў зямлю ім
20 меней-болей праз чатырыста пяцьдзясят гадоў. Потым даў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.
21 І, калі пазней прасілі цара, даў ім Бог Саўла, сына Кіса, мужа з пакалення Бэньяміна, на сорак гадоў.
22 А калі яго адкінуў, паставіў ім царом Давіда, пра якога, даючы сведчанне, сказаў: “Знайшоў Я Давіда, сына Ясэя, мужа па сэрцы Маім, які ва ўсім выканае волю Маю”.
23 З яго нашчадкаў, паводле абяцання, Бог падняў для Ізраэля Збаўцу Ісуса,
24 перад прыходам Якога Ян прапаведаваў хрост навяртання ўсяму народу Ізраэля.
25 А пад канец свайго шляху Ян казаў: “Кім вы лічыце мяне? Гэта не я; але, вось, пасля мяне ідзе Той, Якому я не варты развязаць пасталоў на нагах”.
26 Мужы браты, сыны роду Абрагама і тыя паміж вас, што баяцца Бога! Вам паслана слова збаўлення гэтага.
27 Жыхары Ерузаліма ды іх начальнікі не прызналі Яго ды, асуджаючы Яго, здзейснілі прадказанні прарокаў, чытаныя кожную суботу,
28 і, не знаходзячы ў Ім ніякай віны, вартай смерці, дамагаліся ад Пілата, каб Яго забіць.
29 А калі выканалі ўсё, што пра Яго было напісана, зняўшы Яго з крыжа, паклалі ў магілу.
30 Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых,
31 і Ён паказваўся многа дзён тым, што з Ім разам прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім; яны цяпер сведкі Яго перад народам.
32 І мы абвяшчаем вам гэтую добрую вестку, што абяцанне, дадзенае бацькам,
33 Бог выканаў адносна нас, іх сыноў, уваскрашаючы нам Ісуса, як напісана ў другім псальме: “Ты — Сын Мой. Я сёння нарадзіў Цябе”.
34 А што Яго ўваскрасіў з мёртвых і што Ён не вернецца больш у парахненне, так сказаў: “Дам для вас святыя абяцанні Давіду”.
35 І ў іншым месцы кажа: “Не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне”.
36 Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленню, заснуў з волі Божай, і быў пахаваны пры сваіх бацьках, і ўбачыў парахненне.
37 Але Той, Каго Бог уваскрасіў, не бачыў парахнення.
38 Мужы браты, хай будзе вам ведама, што праз Яго абвяшчаецца вам дараванне грахоў; ад усяго, ад чаго не маглі вы апраўдацца ў законе Майсея,
39 у Ім кожны, хто ўверыць, апраўдаецца.
40 Дык глядзіце, каб не здзейснілася, што сказана прарокамі:
41 “Глядзіце вы, што пагарджаеце, дзівуйцеся ды адыдзіцеся, бо Я выконваю ў дні вашы справу, у якую не паверыце, калі вам хтосьці аб гэтым раскажа”».
42 Калі яны выходзілі з сінагогі юдэйскай, прасілі іх пагане, каб яны ў наступную суботу гаварылі тыя самыя словы.
43 А як разышлася сінагога, многа юдэяў і пабожных празелітаў праводзілі Паўлу і Барнабу, якія заклікалі іх да трывання ў ласцы Божай.
44 А ў наступную суботу амаль увесь горад сышоўся слухаць слова Божае.
45 Калі ж юдэі ўбачылі натоўпы, ахапіла іх зайздрасць, і, блюзнячы, пярэчылі таму, чаму навучаў Паўла, кажучы супраць ды зневажаючы.
46 Тады Паўла і Барнаба сказалі адважна: «Першым вам належала прапаведаваць слова Божае, але, калі вы яго адкідваеце ды самі сябе лічыце за нягодных жыцця вечнага, вось, мы звернемся да паганаў.
47 Бо гэтак загадаў нам Госпад: “Устанаўляю Я цябе святлом для паганаў, каб быў Ты збаўленнем аж па край зямлі”».
48 Пагане ж, чуючы гэта, цешыліся ды славілі слова Госпадава, і ўсе, прызначаныя да жыцця вечнага, уверылі.
49 І слова Госпадава разносілася па ўсім краі.
50 Тым часам юдэі падбурылі пабожных і паважаных жанчын ды першых грамадзян і ўчынілі пераследаванне на Паўлу і Барнабу, ды выкінулі іх са сваіх межаў.
51 А яны, абтросшы на іх пыл ад ног сваіх, пайшлі ў Іконію.
52 Вучні ж былі поўныя радасці і Духа Святога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеі святых Апосталаў, 13 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Дзеі 13 раздзел, слухаць:
Дзеі 13 раздзел в переводах:
Дзеі 13 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.