Библия Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Дзеяньні, 13 Дзеяньні, 13 глава

1 Былі-ж у Антыохіі, у тамтэйшай царкве́, некаторыя прарокі й вучыцялі: Варнава й Сымон, называны Нігер, і Лукій Кірэнэец, ды Манаэн, што ўзгадаваўся разам з Ірадам чацьвёраўладарным, ды Саўл.
2 І, калі яны адпраўлялі службу Божую і пасьцілі, сказаў Дух Сьвяты: выдзяліце мне́ Варнаву й Саўла на дзе́ла, на якое я іх паклікаў.
3 Дык яны, папасьціўшы й памаліўшыся, ды ўзлажыўшы на іх рукі, звольнілі іх.
4 Тыя-ж, пасланыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію ды стуль паплылі к Кіпру.
5 І, апынуўшыся ў Саляміне, абвяшчалі слова Божае ў Жыдоўскіх сынагогах; ме́лі-ж і Іоана слугу.
6 Прайшоўшы-ж востраў ажно да Пафа, знайшлі не́йкага чараўніка лжэпрарока, Жыда, на імя Варыісус,
7 які быў у старасты Сярге́я Паўлы, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Варнаву й Саўла, зажадаў паслухаць слова Божае.
8 Проці іх выступіў Яліма, чараўнік, (гэтак тлумачыцца імя ягонае), жадаючы адвярнуць старасту ад ве́ры.
9 Але Саўл (ён жа й Паўла), напоўніўшыся Духам Сьвятым ды паўзіраўшыся на яго,
10 сказаў: О, сыне чартоўскі, поўны ўсякае крывадушнасьці і ўсякага злачынства, ворагу ўсякае праўды! Ці-ж не пакінеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?
11 Дык вось цяпе́р рука Гасподня над табою, і будзеш ты сьляпы, і ня ўгле́дзіш сонца ажно да пары́. І ўраз жа найшоў на яго туман ды це́мра, і, блукаючыся, шукаў павадыра.
12 Тады стараста,угле́дзіўшы стаўшаеся, уве́раваў, зьдзіўлены навукай Гасподняй.
13 Адплыўшы-ж із Пафу, тыя, што былі з Паўлам, прыйшлі ў Пэргію, у Памфіліі. А Іоан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерузалім.
14 Яны-ж, прайшоўшы із Пэргіі, апынуліся ў Антыохіі Пісідзкай ды, увайшоўшы ў сынагогу, у дзе́нь суботні, паселі.
15 Пасьля-ж прачытаньня закону й Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх сказаць: Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова павучэньня для народу, прамоўце!
16 Паўла-ж, устаўшы й даўшы знак рукой, сказаў: Мужы Ізраільскія дый тыя, што баяцца Бога! Паслухайце!
17 Бог народу гэтага Ізраільскага выбраў айцоў вашых дый узвысіў народ у бытнасьць у зямлі Эгіпецкай і ўзьнятай рукой вывеў іх із яе́.
18 І ў працягу каля сараку гадоў карміў іх у пустыні.
19 І, зьніштожыўшы се́м народаў у зямлі Ханаанскай, надзяліў іх зямлёй гэных.
20 Пасьля-ж гэтага каля чатырох сот і пяцьдзесяцёх гадоў даваў судзьдзяў да Самуіла прарока.
21 А з таго часу прасілі аб цара; і даў ім Бог Саула, сына Кісавага, мужа з роду Бэніямінавага, гадоў на сорак.
22 Скінуўшы-ж яго, паставіў ім за цара Давіда, аб якім і сказаў, сьведчучы: Знайшоў Давіда, сына Есіявага, мужа Мне́ па сэрцу, які зьдзе́йсьніць усе́ жаданьні Мае́ (1 Царств 13:14; Псальм 88:21).
23 Із яго-ж насе́ньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Спаса Ісуса,
24 перад прыходам Якога абвясьціў Іоан хрышчэньне пакаяннае ўсяму народу Ізраільскаму.
25 Калі-ж Іоан канчаў шлях свой, ён сказаў: За каго лічыце мяне́? Не я гэта, а йдзе́ вось за мною, каму я ня годны вобуй разьвязаць на нага́х.
26 Мужы браты, сыны роду Аўраамавага і тыя, што Бога баяцца сярод вас! Вам паслана слова спасе́ньня гэтага.
27 Бо жыхары Ерузаліму й начальнікі іх, не пазнаўшы Яго ды асудзіўшы, споўнілі галасы́ прарокаў, чытаныя кожную суботу,
28 і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб быў забіты.
29 Калі-ж споўнілі ўсё напісанае аб Ім, дык, зьняўшы з дзе́рава, палажылі ў магілу.
30 Але Бог ускрасіў яго із мёртвых.
31 І шмат дзён паказываўся тым, што прыйшлі разам з Ім із Галіле́і ў Ерузалім; яны — сьве́дкі Яго перад народам.
32 І мы вам абвяшчаем, што абяцаньне, дадзенае айцом, Бог споўніў нам, іхнім дзе́цям, падняўшы Ісуса,
33 як і ў другім Псальме напісана: Ты Сын Мой, Я сяньня Цябе́ спарадзіў (Псальм 2:7).
34 А што ўскрасіў Яго із мёртвых, каб ніколі не абярнуўся ў тле́ньне, дык сказаў гэтак: Дам вам сьвятасьці Давідавыя напэўна (Ісая 55:3).
35 Дзеля таго і ў іншым гаворыць: Не дасі Сьвятому Твайму ўгле́дзіць тле́ньне (Псальм 15:10).
36 Бо-ж Давід, паслужыўшы роду свайму, з волі Божае супачыў і быў паложаны пры бацькох сваіх ды ўбачыў тле́ньне,
37 а Той, каго Бог ускрасіў, тле́ньня ня ўбачыў.
38 Дык няхай вам будзе ве́дама, мужы браты, што адпушчэньне грахоў праз Яго вам абвяшчаецца;
39 і ў-ва ўсім, у чым ня можаце апраўдацца ў законе Майсе́явым, кожын ве́руючы апраўдаецца ў Ім.
40 Глядзіце-ж, каб ня прыйшло на вас сказанае ў прарокаў:
41 Глядзіце, вы, пагарджаючыя, дзівуйцеся і шчэзьніце! Бо дзе́ла роблю ў дні вашыя, дзе́ла, якому вы не паве́рылі-б, калі-б кто расказаў вам (Аввакума 1:5).
42 Калі-ж выходзілі із Жыдоўскае сынагогі, прасілі іх пагане, каб і ў другую суботу гаварылі словы гэтыя.
43 А як разыйшлася сынагога, многа Жыдоў і пабожных паве́рненых пайшлі за Паўлам і Варнавай; тыя-ж, размаўляючы з імі, заклікалі іх аставацца ў ласцы Божай.
44 У наступную-ж суботу блізу ўсё ме́ста зыйшлося слухаць слова Божае.
45 Дык Жыды, убачыўшы гэткі натоўп, напоўніліся зайздрасьцяй і пярэчылі таму, што гаварыў Паўла, кажучы насупраць ды зьняважаючы іх.
46 Паўла-ж і Варнава горда сказалі: Да вас нале́жала пе́рш прамовіць слова Божае; але, калі вы адкідаеце яго ды ня лічыце сябе́ годнымі жыцьця ве́чнага, дык мы зварачаемся вось да паганаў.
47 Бо так запаве́даў нам Госпад: Я паставіў цябе́ за сьве́тач для паганаў, каб быў ты дзеля спасе́ньня ажно па край зямлі (Ісая 49:6).
48 Пагане-ж, пачуўшы, узрадаваліся і славілі слова Гасподняе, ды ўверавалі ўсе́, якія былі празначаны да жыцьця ве́чнага.
49 І разнасілася слова Гасподняе на ўсе́й старане.
50 Жыды-ж падбухторылі пабожных ды паважаных жанок і пе́ршых у ме́сьце, паднялі перасьле́даваньне проці Паўлы й Варнавы ды выгналі іх із ме́жаў сваіх.
51 Яны-ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, пайшлі ў Іконію.
52 А вучні напоўніліся радасьцяй і Духам Сьвятым.

Примечания к тексту

10 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чартоўскі» на → «дэмана».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеяньні, 13 глава. Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.