1 І сказаў ахрірэй: Ці-ж гэта так?
2 Той-жа адказаў: Паслухайце, мужы браты і айцы! Бог славы зьявіўся айцу нашаму Аўрааму, калі той быў у Мэзапатаміі, пе́рш, чым быў асе́ўшы ў Харране,
3 ды прамовіў да яго: Выйдзі з зямлі тваёй і з сям’і тваёй, ды йдзі ў зямлю, якую табе́ пакажу.
4 Тады, выйшаўшы з зямлі Хальдэйскае, асе́ў ён у Харране. І стуль, пасьля сьме́рці бацькі ягонага, перасяліў яго ў тую зямлю, у якой вы цяпе́р жывецё.
5 І ня даў яму ў ёй спадчыны ні на стапу́ нагі; і абяцаў яму даць яе́ ў валаданьне яму й патомству ягонаму пасьля́ яго, а ня было ў яго тады дзіцяці.
6 І прамаўляў да яго Бог гэтак: Што патомкі ягоныя будуць прыхаджанамі ў чужой зямлі, і паняволяць іх ды будуць мучыць іх чатырыста гадоў.
7 Але я, сказаў Бог, учыню суд над народам, якому будуць яны рабамі; і пасьля то́га яны выйдуць і будуць служыць Мне́ ў гэтым ме́сцы.
8 І даў яму запаведзь абразаньня. І гэтак ён спарадзіў Ізаака ды абрэзаў яго на восмы дзе́нь; а Ізаак Якава, а Якаў дванаццаць патрыархаў.
9 І патрыархі праз завісьць прадалі Язэпа ў Эгіпет; і Бог быў з ім
10 і ратаваў яго з усіх бе́д ягоных, і даў яму ласку й мудрасьць перад Фараонам, царом Эгіпецкім; і той паставіў яго за начальніка над Эгіптам дый над усім домам сваім.
11 І прыйшоў голад на ўсю зямлю Эгіпецкую ды Ханаанскую і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці.
12 Якаў жа, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў пе́ршы раз нашых айцоў,
13 а другім разам Язэп быў пазна́ны братамі ягонымі, і Фараону выявіўся род Язэ́павы.
14 І Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго, Якава, ды ўсю сям’ю ягоную, душ се́мдзесят пяць.
15 І Якаў перабраўся ў Эгіпет ды паме́р тутака сам і нашы айцы;
16 і перане́сьлі іх у Сіхе́м ды паклалі ў магілы, што закупіў Аўраам за цану серабра ў сыноў Ямора Сіхе́мавага.
17 А як набліжаўся час абяцаньню, якім кляўся Бог Аўрааму, нарастаў народ ды памнажаўся ў Эгіпце
18 да часу, калі настаў новы цар, што ня ве́даў Язэпа.
19 Той, хітруючы проці народу нашага, уціскаў айцоў нашых, прымушаючы выкідаць дзіцянятак, каб не выжывалі.
20 У тым часе ўрадзіўся Майсе́й ды быў угодны Богу; яго гадавалі тры ме́сяцы ў доме бацькі ягонага.
21 Калі-ж выкінулі, дык узяла яго дачка́ Фараонава дый узгадавала яго за сына сабе́.
22 І навучыўся Майсе́й усяе́ мудрасьці Эгіпецкае і быў дуж у словах і дзялох.
23 Калі-ж мінула яму сорак гадоў ве́ку, прыйшло яму на сэрца даве́дацца братоў сваіх, сыноў Ізраілявых.
24 І, убачыўшы, як аднаго крыўдзілі, заступіўся за яго дый памсьціўся за пакры́ўджанага, забіўшы Эгіпцяніна.
25 Ён думаў, што браты ягоныя зразуме́юць, што Бог ягонай рукой дае́ць ім выбаўле́ньне; ды тыя не зразуме́лі.
26 На другі-ж дзе́нь ён зьявіўся ім, як яны біліся, ды вёў іх да згоды, мовячы: О, мужы, вы-ж — браты! Чаму-ж крыўдзіце адны адных?
27 Але той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: Хто паставіў цябе́ за начальніка й судзьдзю над намі?
28 Ці й мяне́ хочаш забіць, як забіў учора Эгіпцяніна?
29 І ўцёк Майсе́й на слове гэтым ды быў прыхаджанінам у зямлі Мадыямскай, дзе спарадзіў двух сыноў.
30 Калі-ж мінула сорак гадоў, паказаўся яму ў пустыні пад гарою Сынаем Ангел Гасподні ў вагнявым полымі ў кусьце́.
31 Майсе́й жа, убачыўшы, дзівіўся з ба́чанага; калі-ж падыходзіў разглядзе́ці, пачуўся да яго голас Госпада:
32 Я — Бог айцоў тваіх, Бог Аўраама й Бог Ізаака й Бог Якава. І, задрыжэўшы, Майсе́й не адважыўся ўглядацца.
33 Госпад жа сказаў яму: Разуй вобуй з ног тваіх, бо ме́сца, дзе́ ты стаіш, сьвятая зямля.
34 Я глядзе́ў і ўбачыў у́ціск народу Майго, што́ ў Эгіпце, ды пачуў стагнаньне ягонае. І зыйшоў вызваліць яго. Дык ідзі цяпе́р, я пашлю цябе́ ў Эгіпет.
35 Таго Майсе́я, якога яны вы́ракліся, мовячы: Хто паставіў цябе́ за начальніка й судзьдзю? — яго Бог за начальніка й збавіцеля паслаў рукой Ангела, што паказаўся яму ў кусьце́.
36 Ён вы́веў іх, зрабіўшы цуды й знаме́ньні ў зямлі Эгіпецкай і ў Чырвоным моры і ў пустыні ў працягу сараку́ гадоў.
37 Гэта той Майсе́й, што сказаў сыном Ізраілявым: Паставіць вам Госпад Бог ваш Прарока із братоў вашых, як мяне́; яго слухайце.
38 Той гэта, што быў у пустыні на зборцы з Ангелам, які з ім гутарыў на гары Сінаі, ды з айцамі нашымі; ён жа прыняў жывыя словы, каб даць нам.
39 Якога не хаце́лі слухацца айцы́ нашыя, але адапхнулі яго ды зьвярнулі сэрцы свае́ да Эгіпту,
40 кажучы Аарону: Зрабі нам багоў, якія-б ішлі напе́радзе нас, бо з Майсе́ем, тым, што вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ве́даем, што сталася з ім.
41 І зрабілі ў тыя дні цяля́, і прыне́сьлі ахвяру ідалу, і це́шыліся з дзе́ла рук сваіх.
42 І адвярнуўся Бог і аддаў іх, каб служылі войску нябе́снаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: Доме Ізраілявы, ці прыносілі вы Мне́ бітае й ахвяры ў працягу сараку́ гадоў у пустыні?
43 І паднялі вы палатку Малохаву ды зорку бога Вашага Рэмфана, абразы́, што парабілі, каб ім пакланяцца. Дык перасялю вас ажно за Вавілон.
44 Палатка сьве́дчаньня была ў айцоў нашых у пустыні, як загадаў той, што прамаўляў да Майсе́я, зрабіць яе́ на ўзор ба́чанае.
45 Яе́, узяўшы, і зане́сьлі айцы нашыя з Ісусам у зе́млі пага́наў, якіх Бог выгнаў ад аблічча айцоў нашых, да дзён Давіда,
46 які знайшоў ласку ў вачох Бога ды маліў, каб знайсьці жыльлё Богу Якава.
47 Салямон жа пабудаваў яму дом.
48 Але Найвышэйшы ня ў твораных рукамі дамох жыве́ць, як кажа Прарок.
49 Госпад гавора: Не́ба — пасад Мой, зямля-ж — падножжа ног Маіх. Які-ж дом пабудуеце Мне́? Ці якое ме́сца дзеля супачынку Майго?
50 Ці-ж не Мая́ рука стварыла ўсё гэтае? (Ісая 66:1−2.)
51 Людзі з цьвёрдым каркам, ды з неабрэзаным сэрцам і вушыма! Вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як айцы вашыя, так і вы.
52 Каго із Прарокаў ня гналі айцы вашыя? І пазабівалі прадве́сьнікаў прыходу Справядлівага, здраднікамі й забойцамі Якога вы цяпе́р сталіся.
53 Вы прынялі закон па загаду Ангелаў, ды не захавалі яго.
54 Слухаючы-ж гэта, яны лопаліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго.
55 Ён-жа, поўны Духа Сьвятога, паўзіраўшыся на не́ба, угле́дзіў славу Божую ды Ісуса, стоючы праваруч Бога,
56 і сказаў: Вось, бачу нябёсы расчыненыя і Сына Чалаве́чага, стоючы праваруч Бога.
57 Яны-ж, загаласіўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае́ ды аднадушна кінуліся на яго
58 і, вывеўшы за ме́ста, закаменавалі яго. А сьве́дкі паклалі вопраткі свае́ ля ног дзяцюка на ймя Саўла
59 ды білі камнямі Сьцяпана, які маліўся мовячы: Госпадзе Ісусе, прымі дух мой!
60 І, укле́нчыўшы, загаласіў моцным голасам: Госпадзе, не паліч ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, паме́р. Саўл жа пахваляў забойства яго.
Дзеяньні Сьвятых Апосталаў, 7 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.