Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Дзеянні Апосталаў 7 Дзеянні Апосталаў 7 раздзел

1 І сказаў першасвята́р: ці так гэта?
2 Ён жа сказаў: мужы́ браты́ і айцы́! паслу́хайце. Бог сла́вы явíўся айцу нашаму Аўраа́му, калі ён быў у Месапата́міі, перад тым як пасяліўся ў Харра́не,
3 і сказаў яму: вы́йдзі з зямлі тваёй, і з раднí тваёй, і з до́му бацькі твайго, ды ідзі ў зямлю́, якую Я пакажу́ табе.
4 Тады, вы́йшаўшы з зямлі Халдзе́йскай, ён пасяліўся ў Харра́не; і адтуль, пасля смерці ба́цькі яго, Бог перасялíў яго ў гэтую зямлю́, у якой вы цяпер жывяце́,
5 і не даў яму спа́дчыны ў ёй ні на ступню́ нагі; але абяцаў даць яе ў вало́данне яму і патомству ягонаму пасля яго, хоць ён не меў тады дзіця́ці.
6 І казаў так Бог, што нашча́дкі яго будуць перасяле́нцамі ў зямлі чужой, і заняво́ляць іх, і будуць прыгнята́ць гадоў чаты́рыста.
7 Але народ, якому яны будуць падняво́льнымі, буду судзíць Я, — сказаў Бог, — і пасля таго яны вы́йдуць і будуць служы́ць Мне на гэтым месцы.
8 І даў яму запаве́т абрэ́зання. І так нарадзíў ён Ісаа́ка і абрэ́заў яго ў во́сьмы дзень; а Ісаа́к — Іа́кава, а Іа́каў — двана́ццаць патрыя́рхаў.
9 І патрыя́рхі, пазайздро́сціўшы Іосіфу, прадалí яго ў Егіпет; але Бог быў з ім
10 і зба́віў яго ад усіх бед яго, і даў му́драсць яму́ і прыхíльнасць фараона, цара́ Егіпецкага; і той паста́віў яго нача́льнікам над Егіптам і над усім до́мам сваім.
11 І прыйшоў голад на ўсю зямлю́ Егіпецкую і Ханаа́нскую, і го́ра вялікае, і не знахо́дзілі е́жы айцы́ нашы.
12 Іакаў жа, пачуўшы, што ёсць збо́жжа ў Егіпце, паслаў туды айцоў нашых першы раз;
13 а на другі раз пазна́ны быў Іосіф брата́мі сваімі, і стаў вядомы фарао́ну род Іосіфа.
14 Іосіф жа, пасла́ўшы, паклíкаў ба́цьку свайго Іакава і ўсю радню́ сваю, се́мдзесят пяць душ.
15 І перайшоў Іакаў у Егіпет, і памёр сам і айцы нашы;
16 і перане́сены былí яны ў Сіхе́м, і пакла́дзены былí ў грабнíцу, якую купіў Аўраа́м за серабро́ ў сыно́ў Еммо́ра Сіхе́мавага.
17 Калі ж набліжа́ўся час здзе́йсніцца абяца́нню, якое Бог з кля́тваю даў Аўраа́му, узраста́ў народ і памнажа́ўся ў Егіпце
18 да таго часу, як паўста́ў іншы цар, які не ве́даў Іосіфа;
19 ён, ужыва́ючы хітрасць су́праць ро́ду нашага, чынíў зло айцам нашым, прымуша́ючы выкіда́ць немаўля́т, каб яны не застава́ліся жывы́мі.
20 У той час нарадзіўся Маісей, і быў ён мíлы Богу; яго гадава́лі тры месяцы ў доме ба́цькі яго;
21 а калі ён быў вы́кінуты, узяла́ яго дачка́ фараона і вы́гадавала яго як свайго сы́на;
22 і наву́чаны быў Маісей усёй мудрасці Егіпецкай, і быў моцны ў сло́вах і справах.
23 Калі ж спо́ўнілася яму сорак гадоў, прыйшло яму на сэ́рца праве́даць братоў сваіх, сыно́ў Ізра́ілевых;
24 і, уба́чыўшы, што аднаго з іх кры́ўдзяць, ён заступíўся і адпо́мсціў за пакры́ўджанага, забіўшы Егіпця́ніна.
25 Ён думаў, што зразуме́юць браты́ яго, што Бог руко́ю яго дае́ ім выратава́нне; але яны не зразуме́лі.
26 На насту́пны дзень ён з’явіўся памíж імі, калі яны біліся, і схіля́ў іх да міру, ка́жучы: мужы́, вы ж — браты́! навошта кры́ўдзіце адзін аднаго́?
27 Але той, што кры́ўдзіў бліжняга, адштурхну́ў яго, ка́жучы: хто цябе паста́віў нача́льнікам і суддзёю над намі?
28 ці не хочаш ты забіць мяне, як забіў учо́ра Егіпця́ніна?
29 І ўцёк Маісей з-за слоў гэтых, і стаў перасяле́нцам у зямлі Мадыя́мскай, дзе нарадзíў двух сыноў.
30 Калі ж міну́ла сорак гадоў, явіўся яму ў пусты́ні каля гары Сіна́й Ангел Гасподні ў по́лымі, якім гарэ́ў цярновы куст.
31 Маісей жа, уба́чыўшы, дзівíўся відзе́нню; а калі падыхо́дзіў ён, каб разгле́дзець, прагучаў голас Госпада да яго:
32 Я — Бог айцоў тваіх, Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава. Затрымце́ў Маісей і не смеў угляда́цца.
33 Сказаў жа яму Гасподзь: здымí абу́так з ног тваіх, бо ме́сца, на якім ты стаіш, гэта зямля свята́я;
34 ба́чыў Я, ба́чыў прыгнёт народа Майго, які ў Егіпце, і стогн іх пачуў, і сышоў, каб вы́зваліць іх; і цяпер ідзі сюды́, Я пашлю́ цябе ў Егіпет.
35 Гэтага Маісея, якога яны адве́рглі, сказаўшы: хто паста́віў цябе нача́льнікам і суддзёю́ — яго Бог як нача́льніка і збавíцеля пасла́ў руко́ю Ангела, які явіўся яму ў цярно́вым кусце́;
36 ён вы́веў іх, тво́рачы цу́ды і знаме́нні ў зямлі Егіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пусты́ні на праця́гу сарака́ гадоў.
37 Гэта той Маісей, што сказаў сына́м Ізра́ілевым: Прарока ўздзвíгне вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце.
38 Гэта той, што быў у пусты́ні ў супо́льнасці з Ангелам, які гаварыў яму на гары́ Сінай, і з айцамі нашымі; той, што прыня́ў сло́вы жывы́я, каб перада́ць нам;
39 той, якому не захаце́лі быць паслухмя́нымі айцы нашы, а адве́рглі яго і звярну́ліся сэ́рцамі сваімі да Егіпта,
40 сказаўшы Ааро́ну: зрабі нам багоў, якія по́йдуць папе́радзе нас, бо Маісей гэты, які вы́веў нас з зямлі Егіпецкай, — не ведаем, што ста́лася з ім.
41 І зрабілі цяльца́ ў тыя дні, і прыне́слі ахвя́ру ідалу, і ра́даваліся стварэ́нню рук сваіх.
42 Бог жа адвярну́ўся і адда́ў іх служы́ць во́інству нябе́снаму, як напíсана ў кнізе прарокаў: до́ме Ізра́ілеў! ці прыно́сілі вы Мне закла́нні і ахвяры на праця́гу сарака́ гадоў у пусты́ні?
43 вы прынялí скінію Мало́хаву і зорку бога вашага Рэмфа́на — выя́вы, якія вы зрабілі, каб пакланя́цца ім; і Я перасялю́ вас дале́й за Вавілон.
44 Скінія све́дчання была́ ў айцоў нашых у пусты́ні, як загада́ў Той, Хто казаў Маісею зрабіць яе паво́дле ўзо́ру, які ён уба́чыў;
45 яе і ўне́слі, атрыма́ўшы, айцы нашы з Іісусам ва ўлада́нні народаў, вы́гнаных Богам ад аблíчча айцоў нашых; так было́ да дзён Давіда,
46 які знайшоў благада́ць перад Богам і маліўся аб тым, каб яму знайсці жыллё для Бога Іа́кавага.
47 Саламон жа пабудава́ў Яму́ дом.
48 Але Усявы́шні не ў рукатво́рных хра́мах жыве́, як кажа прарок:
49 «неба — прасто́л Мой, а зямля — падно́жжа ног Маіх; які ж дом пабуду́еце Мне, — ка́жа Гасподзь, — ці якое ме́сца для спачы́ну Майго?
50 хіба́ не Мая́ рука́ ствары́ла ўсё гэта?»
51 Цвёрдашы́ія і неабрэ́заныя сэ́рцам і вуша́мі! вы заўсёды Ду́ху Свято́му працíвіцеся, як бацькí вашы, так і вы;
52 каго з прарокаў не гна́лі бацькí вашы́ яны пазабіва́лі прадве́снікаў прышэ́сця Пра́ведніка, здра́днікамі і забойцамі Якога цяпер сталі вы;
53 вы, якія прынялí закон праз настаўле́нні Ангелаў, ды не захава́лі яго.
54 Чу́ючы гэта, яны раз’ю́шыліся ў сэ́рцах сваіх і скрыгата́лі зуба́мі на яго.
55 Сцяфан жа, напо́ўнены Ду́хам Святы́м, угле́дзеўшыся ў неба, уба́чыў сла́ву Божую і Іісуса, Які стаіць правару́ч Бога,
56 і сказаў: вось, бачу я нябёсы раскры́тыя і Сына Чалавечага, Які стаіць правару́ч Бога.
57 Яны ж, закрыча́ўшы моцным го́ласам, пазатыка́лі ву́шы свае і ўсе разам накíнуліся на яго,
58 і, вы́веўшы з горада, каме́ннем білі яго; а све́дкі пакла́лі адзе́нне сваё каля ног юнака́, якога зва́лі Саўл;
59 і білі каме́ннем Сцяфана, які маліўся і казаў: Госпадзі Іісусе! прымí дух мой.
60 І, стаўшы на калені, ён усклíкнуў моцным голасам: Госпадзі! не залічы́ ім граху́ гэтага. І, сказаўшы гэта, памёр.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеянні Святых Апосталаў, 7 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Дзеянні Апосталаў 7 раздзел в переводах:
Дзеянні Апосталаў 7 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.