Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Дзеянні Апосталаў 25 Дзеянні Апосталаў 25 раздзел

1 Фест, прыбы́ўшы ў правíнцыю, праз тры дні адправіўся з Кесары́і ў Іерусалім.
2 Тады першасвятары́ і зна́тныя Іудзеі зрабілі яму зая́ву су́праць Паўла і ўгаво́рвалі яго,
3 і прасілі зрабіць ла́ску і вы́клікаць яго ў Іерусалім, рыхту́ючы засаду, каб забіць яго ў дарозе.
4 Але Фест адказа́ў, што Паўла трыма́юць пад ва́ртаю ў Кесары́і і што сам ён ма́е наме́р неўзаба́ве адпра́віцца туды;
5 дык няхай тыя з вас, хто можа, — сказаў ён, — по́йдуць са мною, і, калі ёсць што-небудзь зага́ннае ў гэтым чалавеку, няхай абвінава́чваюць яго.
6 І, правёўшы ў іх не больш дзесяці дзён, ён прыбы́ў у Кесары́ю; а на другі дзень, сеўшы на судзе́йскае ўзвышэ́нне, загада́ў прыве́сці Паўла.
7 Калі ён з’явіўся, Іудзеі, якія прыйшлі з Іерусаліма, сталі наво́кал і выка́звалі шмат ця́жкіх абвінава́чанняў су́праць Паўла, якіх не здо́лелі даказа́ць;
8 ён жа ў сваю абаро́ну сказаў: ні су́праць закону Іудзейскага, ні су́праць храма, ні су́праць ке́сара нічым я не саграшы́ў.
9 А Фест, жада́ючы праявíць прыхíльнасць да Іудзеяў, прамо́віў Паўлу ў адказ: хочаш пайсцí ў Іерусалім, каб я там судзíў цябе за гэта?
10 Павел сказа́ў: я стаю́ перад судзíлішчам ке́саравым, дзе і нале́жыць мяне судзíць; Іудзеяў я нічым не пакры́ўдзіў, як і табе добра вядо́ма;
11 калі ж я вінава́ты і нешта ва́ртае смерці зрабіў, то не адмаўля́юся паме́рці; а калі нічога такога няма, у чым яны абвінава́чваюць мяне, то ніхто не можа вы́даць мяне ім. Патрабу́ю суда́ ў ке́сара.
12 Тады Фест, пагавары́ўшы з ра́даю, адказаў: ты патрабава́ў суда ў ке́сара, да ке́сара і по́йдзеш.
13 Праз некалькі дзён цар Агры́па і Вернíка прыбылí ў Кесары́ю, каб павіта́ць Феста.
14 І паколькі яны былí там многа дзён, Фест паве́даміў цару́ пра справу Паўлаву, ка́жучы: тут ёсць чалавек, пакíнуты Фе́ліксам пад ва́ртаю,
15 на якога, калі я быў у Іерусаліме, зрабілі зая́ву першасвятары́ і старэ́йшыны Іудзейскія, патрабу́ючы яго асуджэ́ння.
16 Я адказаў ім, што ў Ры́млян няма звы́чаю аддаваць якога-небудзь чалавека на смерць, перш чым абвінава́чаны не будзе мець перад сабою абвінава́ўцаў і не атрыма́е магчы́масці абараня́цца ад абвінава́чання.
17 Калі ж яны прыйшлі сюды, то я без усякага адкла́ду, на наступны дзень, се́ўшы на судзе́йскае ўзвышэ́нне, загада́ў прыве́сці гэтага чалавека.
18 Абступíўшы яго, абвінава́ўцы не назва́лі ніякай віны́ з тых, што я думаў;
19 але яны ме́лі з ім нейкія спрэ́чныя по́гляды нако́нт сваіх ве́раванняў і нейкага Іісуса паме́рлага, пра Якога Павел сцвярджа́ў, што Ён жывы́.
20 Не ве́даючы, што рабíць з гэтай справай, я сказаў, ці не хоча ён пайсці ў Іерусалім, каб там яго судзíлі за гэта?
21 Але, паколькі Павел патрабава́ў, каб яго пакінулі для прыня́цця рашэ́ння А́ўгустам, то я загада́ў трыма́ць яго пад ва́ртаю да таго часу, як я пашлю́ яго да ке́сара.
22 Агры́па сказаў Фесту: я хацеў бы і сам паслу́хаць гэтага чалавека. Заўтра, — адказаў той, — паслу́хаеш яго.
23 На другі дзень, калі Агры́па і Вернíка прыбылí з вялікай пы́шнасцю і ўвайшлі ў судо́вую пала́ту з тысячанача́льнікамі і са́мымі зна́тнымі мужа́мі горада, то па зага́ду Феста быў прыве́дзены Павел.
24 І сказаў Фест: цар Агры́па і ўсе прысу́тныя з намі мужы́! вы бачыце таго, з-за каго ўсё мноства Іудзеяў звярта́лася да мяне і ў Іерусаліме, і тут і крычала, што ён больш не павінен жыць;
25 але я перакана́ўся, што ён не зрабіў нічога ва́ртага смерці; паколькі ж ён сам патрабава́ў суда́ ў А́ўгуста, то я вы́рашыў паслаць яго туды;
26 я не магу нічога пэ́ўнага напіса́ць пра яго ўладару́, таму я вы́веў яго да вас і перш за ўсё да цябе, цар Агры́па, каб пасля таго, як адбу́дзецца рассле́даванне, у мяне было́ што напіса́ць;
27 бо мне здае́цца, неразу́мна пасыла́ць вя́зня і не паказа́ць абвінава́чанняў су́праць яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеянні Святых Апосталаў, 25 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Дзеянні Апосталаў 25 раздзел в переводах:
Дзеянні Апосталаў 25 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.