Біблія » Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Дзеянні 7 Дзеянні 7 раздзел

1 І першасвятар спытаўся: Ці так гэта?
2 І ён сказаў: Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы з’явіўся нашаму бацьку Аўрааму, калі той быў у Месапатаміі, перш чым ён пасяліўся ў Харане,
3 і сказаў яму: «Выйдзі з тваёй зямлі і [з] тваёй радні і пайдзі ў зямлю, якую Я табе пакажу».
4 Тады, выйшаўшы з халдзейскай зямлі, ён пасяліўся ў Харане. І адтуль, пасля таго як памёр яго бацька, Бог перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяце,
5 ды не даў яму спадчыны ў ёй ні на след нагі, але абяцаў даць яе ў валоданне яму і яго патомству пасля яго, хоць у яго яшчэ не было дзіцяці.
6 І сказаў так Бог, што яго нашчадкі будуць пасяленцамі ў чужой зямлі і іх зняволяць у рабства і будуць гнясці чатырыста гадоў.
7 «Але народ, якому яны будуць служыць рабамі, Я буду судзіць, — сказаў Бог, — і пасля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы».
8 І Ён даў яму запавет абразання; і гэтак ад Аўраама нарадзіўся Ісаак, і на восьмы дзень ён абрэзаў яго; а ад Ісаака — Іякаў, а ад Іякава — дванаццаць патрыярхаў.
9 І патрыярхі, пазайздросціўшы Іосіфу, прадалі яго ў Егіпет. Але Бог быў з ім,
10 і выбавіў яго ад усіх бедаў і даў яму ласку і мудрасць перад фараонам, царом Егіпта, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і [над] усім сваім домам.
11 І прыйшоў голад на ўвесь Егіпет і Ханаан і вялікая бяда, і нашы бацькі не знаходзілі, чым пракарміцца.
12 Але Іякаў, пачуўшы, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў туды нашых бацькоў першы раз.
13 А другім разам Іосіф адкрыўся сваім братам, і Іосіфаў род стаў вядомы фараону.
14 І Іосіф, паслаўшы, паклікаў свайго бацьку Іякава і ўсю [сваю] радню — семдзесят пяць душ.
15 І Іякаў зышоў у Егіпет; і памёр ён сам і нашы бацькі,
16 і іх перанеслі ў Сіхем і паклалі ў магільні, якую Аўраам купіў, заплаціўшы серабром, у сыноў Гэмора ў Сіхеме21.
17 І як набліжаўся час абяцання, якое Бог [з клятваю] даў Аўрааму, народ рос і памнажаўся ў Егіпце,
18 пакуль не ўстаў [над Егіптам] іншы цар, які не ведаў Іосіфа.
19 Ён хітраваў супроць нашага роду і чыніў ліхое [нашым] бацькам, так каб яны выкідвалі сваіх немаўлят, каб тыя не заставаліся ў жывых.
20 У гэты час нарадзіўся Маісей, і ён быў прыгожы22 для Бога; яго тры месяцы гадавалі ў бацькавым доме,
21 а калі яго кінулі, яго падабрала фараонава дачка і выгадавала яго сабе за сына.
22 І Маісей быў навучаны ўсёй егіпецкай мудрасці, быў жа ён моцны ў сваіх словах і ўчынках.
23 А калі яму споўнілася сорак гадоў, прыйшло яму на сэрца адведаць сваіх братоў, сыноў Ізраілевых.
24 І ён, убачыўшы, што аднаго з іх крыўдзяць, абараніў таго і адпомсціў за пакрыўджанага, забіўшы егіпцяніна.
25 І ён думаў, што яго браты разумеюць, што Бог яго рукою дае ім выратаванне; але яны не зразумелі.
26 І на другі дзень ён з’явіўся між іх, калі яны біліся, і схіляў іх да згоды, кажучы: Мужы, вы браты; чаму крыўдзіце адзін аднаго?
27 Але той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго і сказаў: «Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёю над намі?
28 Ці не хочаш ты забіць мяне гэтак жа, як учора забіў егіпцяніна?»
29 І Маісей уцёк пры гэтым слове і зрабіўся прышэльцам у мадыямскай зямлі, дзе ў яго нарадзілася два сыны.
30 І калі мінула сорак гадоў, з’явіўся яму ў пустэльні гары Сінай Анёл [Гасподні] ў полымі агню калючага куста.
31 І Маісей, убачыўшы, здзівіўся з’явенню, а калі ён падходзіў, каб разгледзець, пачуўся голас Госпада [да яго]:
32 «Я Бог тваіх бацькоў, Бог Аўраама, [і Бог] Ісаака, і [Бог] Іякава». І Маісей, задрыжаўшы, не адважыўся паглядзець.
33 І Госпад сказаў яму: «Здымі сандалі з тваіх ног, бо месца, на якім ты стаіш, — святая зямля.
34 Я сапраўды23 ўбачыў уціск Майго народа, што ў Егіпце, і стогн іх пачуў, і зышоў, каб выбавіць іх; а цяпер ідзі, сюды, Я пашлю цябе ў Егіпет».
35 Гэтага Маісея, ад якога яны адцураліся, сказаўшы: «Хто цябе паставіў начальнікам і суддзёю?» — гэтага Бог [і] начальнікам і збаўцам паслаў праз Анёла, што з’явіўся яму ў калючым кусце.
36 Гэты чалавек вывеў іх, творачы цуды і знакі ў егіпецкай зямлі, у Чырвоным моры і ў пустэльні сорак гадоў.
37 Гэта той Маісей, які сказаў Ізраілевым сынам: «Прарока паставіць вам Бог24 з вашых братоў, як мяне, [Яго слухайце]».
38 Гэта той, хто быў у пустэльні ў супольнасці з Анёлам, які казаў яму на гары Сінай, і з нашымі бацькамі і які прыняў жывыя словы, каб даць нам,
39 якога не захацелі слухацца нашы бацькі, а адштурхнулі яго і павярнуліся ў сваіх сэрцах да Егіпта,
40 сказаўшы Аарону: «Зрабі нам багоў, якія пойдуць перад намі; бо з гэтым Маісеем, які вывеў нас з егіпецкай зямлі, — мы не ведаем, што з ім здарылася».
41 І яны зрабілі цяльца ў тыя дні і прынеслі ахвяру ідалу і радаваліся працы сваіх рук.
42 Але Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць нябеснаму войску, як і напісана ў кнізе прарокаў: «Ці заколатае і ахвяры вы прыносілі Мне сорак гадоў у пустэльні, доме Ізраілеў?
43 І вы ўзялі скінію Молахаву і зорку [вашага] бога Райфана25 — выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім, і я перасялю вас за Вавілон».
44 Скінія сведчання была ў нашых бацькоў у пустэльні, як распарадзіўся Той, Хто казаў Маісею, каб зрабіў яе паводле ўзору, які ён убачыў;
45 яе і ўнеслі, атрымаўшы, нашы бацькі з Ісусам Навіным пры авалоданні зямлі народаў, якіх Бог выганяў ад аблічча нашых бацькоў да дзён Давіда,
46 які знайшоў ласку перад Богам і прасіў знайсці жыллё Богу Іякава.
47 Саламон жа пабудаваў Яму дом.
48 Але Усявышні жыве не ў рукатворным26, як кажа прарок:
49 «Неба мне трон, а зямля — падножжа Маіх ног; які дом збудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца Майго адпачынку?
50 Хіба не Мая рука стварыла ўсё гэта?»
51 Жорсткашыйныя і неабрэзаныя сэрцамі27 і вушамі, вы заўсёды працівіцеся Святому Духу, як вашы бацькі, так і вы.
52 Каго з прарокаў не гналі вашы бацькі? І яны забілі тых, хто загадзя абвяшчаў аб прышэсці Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога цяпер зрабіліся вы,
53 якія атрымалі закон у распараджэннях Анёлаў і не захавалі яго.
54 І, калі яны чулі гэта, сэрцы ў іх раз’ятрываліся, і яны скрыгаталі на яго зубамі.
55 А ён, поўны Святога Духа, угледзеўшыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, які стаяў праваруч Бога;
56 і ён сказаў: Вось бачу я адчыненыя нябёсы і Сына Чалавечага, што стаіць праваруч Бога.
57 А яны, закрычаўшы гучным голасам, заткнулі вушы свае і аднадушна кінуліся на яго
58 і, выгнаўшы з горада, яны пачалі яго каменаваць. А сведкі склалі сваё адзенне ў нагах юнака, якога звалі Саўлам,
59 і каменавалі Стэфана, а ён заклікаў Госпада і казаў: Госпадзе Ісусе, прымі мой дух!
60 І, стаўшы на калені, усклікнуў гучным голасам: Госпадзе, не залічы ім гэтага грэху! — І, сказаўшы гэта, спачыў.

Зноскі:

16 21: У некат. рукап.: Сіхемавага.
20 22: Гебраізм: прыгожы ў вачах Бога, г. зн. выключна прыгожы.
34 23: Літаральна: убачыўшы.
37 24: У некат. рукап.: Госпад Бог ваш.
43 25: У некат. рукап.: Рэмфана.
48 26: У некат. рукап.: рукатворных храмах.
51 27: У некат. рукап.: сэрцам.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеянні Апосталаў, 7 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Дзеянні 7 раздзел в переводах:
Дзеянні 7 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.