1 І тады мы, уратаваныя, даведаліся, што востраў называецца Мэліта69.
2 І тубыльцы70 праявілі да нас незвычайнае чалавекалюбства, бо яны, распаліўшы вогнішча, прынялі ўсіх нас з-за нахлынутага дажджу і з-за холаду.
3 Калі ж Павел назбіраў бярэмя галля і паклаў на вогнішча, ад гарачыні вылезла гадзюка і прычапілася да яго рукі.
4 І калі тубыльцы ўбачылі, што з яго рукі звісае гадзіна, яны казалі адзін аднаму: Напэўна гэты чалавек — забойца, якому, хоць ён уратаваўся ад мора, Дзікэ71 не дазволіла жыць.
5 Але ён, абтросшы гадзіну ў агонь, не зазнаў ніякай шкоды.
6 Яны ж чакалі, што ён апухне альбо раптоўна ўпадзе мёртвы. Але, доўга чакаючы і бачачы, што нічога незвычайнага з ім не робіцца, яны, змяніўшы думку, казалі, што ён Бог.
7 А навокал таго месца былі землі галоўнага чалавека вострава, імем Публій, які прыняўшы нас, тры дні прыязна частаваў.
8 І сталася: Публіеў бацька ляжаў хворы на гарачку і дызентэрыю. Павел, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, усклаў на яго рукі і вылечыў яго.
9 А калі гэта здарылася, і астатнія на востраве, у каго былі хваробы, прыходзілі і былі вылечаны.
10 Яны і многімі ўшанаваннямі нас ушанавалі і, калі мы адплывалі, панакладалі, што трэба было.
11 А праз тры месяцы мы адплылі на александрыйскім караблі з выяваю Дзеўсавых сыноў-блізнятаў, карабель якраз зімаваў на востраве.
12 І, прыстаўшы ў Сіракузах, мы заставаліся тры дні,
13 адкуль, плывучы ўздоўж узбярэжжа, мы прыбылі ў Рыгій. І праз дзень, калі падзьмуў паўднёвы вецер, мы прыйшлі на другі дзень у Путэолы,
14 дзе знайшлі братоў, і яны ўпрасілі нас застацца ў іх на сем дзён; і гэтак мы прыйшлі ў Рым.
15 А адтуль браты, пачуўшы пра нас, выйшлі насустрач нам да Апіевага Форума і Трох Тавернаў. Убачыўшы іх, Павел падзякаваў Богу і ўзбадзёрыўся.
16 А калі мы ўвайшлі ў Рым, [сотнік перадаў вязняў ваеначальніку,] Паўлу ж было дазволена заставацца самому па сабе з воінам, што яго вартаваў.
17 І сталася: праз тры дні ён72 склікаў тых, што былі першымі людзьмі між іудзеяў; і калі яны зышліся, ён сказаў ім: Я, мужы браты, хоць нічога не зрабіў супроць народа альбо бацькоўскіх звычаяў, вязнем быў перададзены з Іерусаліма ў рукі рымлянаў,
18 якія, дапытаўшы мяне, хацелі вызваліць, бо ніякай смяротнай віны няма на мне.
19 Але таму што іудзеі пачалі пярэчыць, я быў вымушаны апеляваць да цэзара — аднак не для таго, каб абвінаваціць у чым-небудзь мой народ.
20 Вось з гэтай прычыны я паклікаў вас, каб убачыць і пагаварыць, бо з-за надзеі Ізраіля я скаваны гэтым ланцугом.
21 Яны ж сказалі яму: Мы ніякіх лістоў пра цябе не атрымлівалі з Іудзеі і ніхто з братоў не прыходзіў і не паведамляў ці казаў пра цябе што-небудзь дрэннае.
22 Але мы лічым важным пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо пра гэты кірунак нам вядома, што ўсюды кажуць супроць яго.
23 І, прызначыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў госці, і ён выкладаў ім, цвёрда сведчачы пра Царства Божае і пераконваючы іх пра Ісуса і з Маісеевага закона, і з прарокаў з раніцы да вечара.
24 І адных пераконвала сказанае, а другія не верылі.
25 І нязгодныя адзін з адным, яны пачалі выходзіць, а Павел сказаў ім адно выслоўе: Добра прамовіў Святы Дух праз прарока Ісаію вашым73 бацькам,
26 калі казаў: «Пайдзі да гэтага народа і скажы: Слыхам вы будзеце чуць і ні ў якім разе не зразумееце, зрокам глядзець будзеце і ні ў якім разе не ўбачыце;
27 бо атлусцела сэрца гэтага народа і вушамі яны з цяжкасцю чулі, і вочы свае яны заплюшчылі, каб не бачыць вачыма і не чуць вушамі і не разумець сэрцам, і не далучыцца, і Я вылечу74 іх».
28 Дык няхай будзе вядома вам, што гэтае выратаванне Божае было паслана язычнікам; яны яго і пачуюць.
29 [І калі ён сказаў гэта, іудзеі пайшлі, шмат спрачаючыся між сабою.]
30 І ён75 заставаўся цэлыя два гады ў сваім найманым доме і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго,
31 прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёю адвагаю бесперашкодна.
Зноскі:
1 69: Цяперашняя Мальта.
2 70: Або: варвары.
4 71: Багіня помсты ў грэкаў.
17 72: У некат. рукап.: Павел.
25 73: У некат. рукап.: нашым.
27 74: У некат. рукап.: каб Я вылечыў.
30 75: У некат. рукап.: Павел.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Дзеянні Апосталаў, 28 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014