Біблія » Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Дзеянні 5 Дзеянні 5 раздзел

1 А адзін чалавек імем Ананія са сваёй жонкаю Сапфірай прадаў уладанне
2 і адклаў сабе з выручанага, аб чым ведала і [яго] жонка, і, прынёсшы нейкую частку, паклаў у нагах Апосталаў.
3 Але Пётр сказаў: Ананія, з-за чаго сатана напоўніў тваё сэрца, каб ты салгаў Святому Духу і адклаў сабе з выручанага за зямлю?
4 Хіба, астаючыся непрададзенаю, яна не тваёю заставалася, а прададзеная хіба не ў тваёй уладзе была? Чаму ж ты паклаў гэта ў сваім сэрцы? Ты салгаў не людзям, а Богу.
5 І Ананія, пачуўшы гэтыя словы, упаў і выпусціў дух; і напаў вялікі страх на ўсіх, хто чуў [гэта].
6 І малодшыя, устаўшы, прыбралі яго і, вынесшы, пахавалі.
7 І сталася: гадзіны праз тры ўвайшла і яго жонка, не ведаючы пра тое, што адбылося.
8 І Пётр звярнуўся да яе: Скажы мне, ці за гэтулькі вы аддалі зямлю? — І яна сказала: Так, за гэтулькі.
9 І Пётр да яе15: Чаму вы змовіліся выпрабаваць Духа Гасподняга? Вось, пры дзвярах ногі тых, што пахавалі твайго мужа, і цябе яны вынесуць.
10 І яна адразу ўпала да яго ног і выпусціла дух; і юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртваю і, вынесшы, пахавалі каля яе мужа.
11 І вялікі страх напаў на ўсю царкву і на ўсіх, што чулі гэта.
12 І многія знакі і цуды ў народзе рабіліся рукамі Апосталаў. І ўсе яны былі аднадушна ў Саламонавай галерэі.
13 І ніхто з астатніх не адважваўся прымкнуць да іх, а народ узвялічваў іх.
14 І ўсё больш дадавалася тых, хто ўвераваў у Госпада, мноства і мужчын, і жанчын,
15 так што і на вуліцы выносілі хворых і клалі на насілкі і пасцелі, каб, калі пройдзе Пётр, хоць бы яго цень ацяніў каго-небудзь з іх.
16 І зыходзілася таксама мноства людзей з навакольных гарадоў Іерусаліма16, несучы хворых і апантаных нячыстымі духамі, і тыя ўсе вылечваліся.
17 І падняўся першасвятар і ўсе, хто з ім — тутэйшая садукейская секта, напоўніліся зайздрасцю;
18 і наклалі [свае] рукі на Апосталаў і пасадзілі іх у гарадскую турму.
19 Але Анёл Гасподні ўначы адчыніў дзверы турмы і, вывеўшы іх, сказаў:
20 Ідзіце і, стаўшы ў святыні, кажыце народу ўсе словы гэтага жыцця.
21 І, выслухаўшы, яны ўвайшлі пад раніцу ў святыню і вучылі. А першасвятар і тыя, што з ім, прыйшоўшы, склікалі сінедрыён і ўсё старэйшынства сыноў Ізраілевых і паслалі ў турму, каб прывесці іх.
22 Але слугі, прыйшоўшы, не знайшлі іх у турме; і, вярнуўшыся, паведамілі,
23 кажучы: Турму мы знайшлі на запоры з усёю засцярогай і турэмнікі стаялі пры дзвярах, але, адчыніўшы дзверы, нікога ўсярэдзіне не знайшлі.
24 І, калі пачулі гэтыя словы, і начальнік храмавай варты, і першасвятары не маглі зразумець, што гэта магло б з імі быць.
25 Ды нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, [кажучы]: Вось, людзі, якіх вы пасадзілі ў турму, стаяць у святыні і вучаць народ.
26 Тады начальнік храмавай варты пайшоў са слугамі і прывёў іх без прымусу, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.
27 І, прывёўшы іх, паставілі ў сінедрыёне. І першасвятар спытаўся ў іх,
28 кажучы: [Ці не] мы вам сурова загадалі не вучыць у гэтае імя; і вось, вы напоўнілі Іерусалім вашым вучэннем і хочаце навесці на нас кроў Гэтага Чалавека.
29 Але Пётр і Апосталы сказалі ў адказ: Трэба слухацца Бога больш, чым людзей.
30 Бог нашых бацькоў уваскрэсіў Ісуса, з Якім вы расправіліся, павесіўшы на дрэве.
31 Яго ўзвысіў Бог Сваёю правай рукою як Правадыра і Збаўца, каб даць Ізраілю пакаянне і дараванне грахоў.
32 І мы [Яго] сведкі гэтых падзей, і Святы Дух, Якога Бог даў тым, хто слухаецца Яго.
33 Але яны, пачуўшы, раз’ятрыліся і хацелі забіць іх.
34 Але адзін фарысей у сінедрыёне імем Гамалііл, настаўнік закона, паважаны ўсім народам, устаў і загадаў ненадоўга вывесці гэтых людзей17.
35 І ён сказаў ім: Мужы ізраільскія, разважце самі сабе пра гэтых людзей, што вы збіраецеся рабіць.
36 Бо перад гэтымі днямі паўстаў Феўда, кажучы, што сам ён хтосьці вялікі, і да яго прыстала пэўная колькасць людзей, каля чатырохсот. І ён быў забіты, а ўсе, што слухаліся яго, разбегліся і абярнуліся ў нішто.
37 Пасля яго паўстаў Іуда Галілеянін у дні перапісу і звёў [даволі] людзей за сабою; і ён загінуў, а ўсе, што слухаліся яго, рассеяліся.
38 І цяпер кажу вам: адстаньце ад гэтых людзей і адпусціце іх; бо калі ад людзей гэтая задума альбо гэтая справа, яна разбурыцца,
39 а калі ад Бога, то вы не зможаце разбурыць іх: як бы вам не стацца і богапраціўцамі. — Яны паслухаліся яго
40 і, паклікаўшы Апосталаў, збілі іх, загадалі не прамаўляць у імя Ісуса і адпусцілі іх.
41 Яны ж пайшлі з сінедрыёна, радуючыся, што ўганараваліся прыняць знявагу за Імя [Госпада Ісуса],
42 і яны штодня ў святыні і ў дамах не пакідалі навучаць і дабравесціць пра Ісуса Хрыста.

Зноскі:

9 15: У некат. рукап.: сказаў ёй.
16 16: У некат. рукап.: у Іерусалім.
34 17: У некат. рукап.: Апосталаў.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеянні Апосталаў, 5 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Дзеянні 5 раздзел в переводах:
Дзеянні 5 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.