1 А пасля таго як хваляванне спынілася, Павел, паслаўшы па58 вучняў і суцешыўшы іх, развітаўся і выйшаў, каб падацца ў Македонію.
2 І, прайшоўшы тыя землі і суцешыўшы іх многімі словамі, ён прыйшоў у Эладу
3 і правёў там тры месяцы. А калі іудзеі ўчынілі супроць яго змову, падчас як ён збіраўся адплыць у Сірыю, вырашыў вярнуцца праз Македонію.
4 І разам з ім пайшлі [да Азіі] Сапатр59, Піраў сын, верыянін, і з фесаланікійцаў Арыстарх і Секунд, і Гаій, дэрвянін, і Цімафей, і азійскія — Ціхік і Трафім.
5 Яны, пайшоўшы ўперад, чакалі нас у Траадзе.
6 А мы адплылі пасля дзён Праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыбылі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
7 І ў першы дзень тыдня, калі мы60 сабраліся, дзеля пераламлення хлеба, Павел гутарыў з імі, збіраючыся на другі дзень выправіцца ў дарогу, і працягваў сваё слова да поўначы.
8 І было даволі шмат светачаў у верхнім пакоі, дзе мы сабраліся.
9 І адзін юнак, імем Яўціх, седзячы на акне, западаў у глыбокі сон у той час, як Павел гутарыў усё далей; змораны сном, ён упаў уніз з трэцяга паверха і яго паднялі мёртвым.
10 Але Павел, зышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы, сказаў: Не трывожцеся, бо яго душа ў ім.
11 І, падняўшыся, пераламаўшы хлеб, паеўшы і прагаварыўшы даволі доўга, аж да світання, ён тады пайшоў.
12 А яны прывялі хлопца жывога і ўсцешыліся бязмерна.
13 А мы, пайшоўшы ўперад на карабель, адплылі ў Ас, намерваючыся адтуль забраць Паўла, бо ён так распарадзіўся, сам намерваючыся ісці пешкі.
14 І калі ён сустрэўся з намі ў Асе, мы, забраўшы яго, прыйшлі ў Мітылену.
15 І, адплыўшы адтуль, мы назаўтра спыніліся насупроць Хіаса, а на другі дзень прысталі ў Самасе і, [пабыўшы ў Трагіліі], у наступны дзень прыйшлі ў Міліт,
16 бо Павел вырашыў плыць, абмінаючы Эфес, каб яму не давялося марнаваць час у Азіі, бо ён спяшаўся, каб, калі можна, быць яму ў дзень Пяцідзесятніцы ў Іерусаліме.
17 І з Мілета ён, паслаўшы ў Эфес, выклікаў прасвітараў царквы.
18 І калі яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: Вы ведаеце з першага дня, калі я ўступіў у Азію, як я ўвесь час быў з вамі,
19 служачы Госпаду з усёю пакораю і слязьмі і выпрабаваннямі, якія напаткалі мяне праз змовы іудзеяў;
20 як я не ўтойваў нічога з таго, што карысна; пра што абвяшчаў і вучыў вас прылюдна і па дамах,
21 цвёрда сведчачы як іудзеям, так і элінам пра пакаянне перад Богам і пра веру ў Госпада нашага Ісуса [Хрыста].
22 І цяпер — вось я, паводле жадання духа, іду ў Іерусалім, не ведаючы, што сустрэне мяне там,
23 да таго і Святы Дух цвёрда сведчыць мне ў [кожным] горадзе, кажучы, што мяне чакаюць кайданы і пакуты.
24 Але я лічу сваё жыццё нічога не вартым, калі б яно было каштоўным для мяне самога, — толькі б [з радасцю] закончыць мой бег і служэнне, якое я атрымаў ад Госпада Ісуса — цвёрда засведчыць пра дабравесце ласкі Божай.
25 І цяпер — вось, я ведаю, што ўжо не ўбачыце майго аблічча ўсе вы, між якіх я хадзіў, прапаведуючы Царства [Божае].
26 Таму сведчу вам у сённяшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,
27 бо я не адступіў ад таго, каб абвясціць вам усю волю Божую.
28 [Дык] рупцеся аб сабе і аб усім статку, у якім Святы Дух паставіў вас епіскапамі61, каб пасвіць Царкву [Госпада і] Бога, якую Ён здабыў [Сабе] ўласнаю крывёю.
29 Я ведаю, што пасля майго адыходу ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка.
30 І з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць перакручанае, каб адарваць вучняў.
31 Таму будзьце пільныя, памятаючы, што я тры гады ноч і дзень не пераставаў са слязьмі вучыць кожнага [з вас].
32 А цяер я даручаю вас, [браты], Богу і слову Яго ласкі, якое можа збудаваць і даць спадчыну сярод усіх асвечаных.
33 Ні серабра, ні золата, ні вопраткі я ні ад кога не пажадаў;
34 самі ведаеце, што маім патрэбам і тых, хто быў са мною, паслужылі гэтыя рукі.
35 Ва ўсім я паказаў вам, што, гэтак працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса — што Ён Сам сказаў: «Большае шчасце даваць, чым браць».
36 І, сказаўшы гэта, ён схіліў на свае калені і памаліўся з усімі імі.
37 І быў даволі вялікі агульны плач; і, кідаючыся Паўлу на шыю, яны шчыра цалавалі Яго,
38 адчуваючы асаблівы боль з-за слова, якое ён сказаў, — што яны ўжо не ўбачаць яго аблічча. І яны праводзілі яго на карабель.
Зноскі:
1 58: У некат. рукап.: паклікаўшы.
4 59: У некат. рукап.: Сасіпатр.
7 60: У некат. рукап.: вучні.
28 61: Або: ахоўнікамі, даглядальнікамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Дзеянні Апосталаў, 20 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014