1 А пасьля таго, як перастала разруха, Павал, склікаўшы вучняў і напомніўшы іх, разьвітаўся і рушыў, каб ісьці ў Македонію.
2 Калі-ж прайшоў гэныя староны і напомніў іх многай мовай, прыйшоў у Грэцыю.
3 Дзе калі прабыў тры месяцы, жыды зрабілі яму подступы, калі меўся адплыць у Сырыю; і пастанавіў вярнуцца праз Македонію.
4 А падарожнічаў з ім Соапатэр Пырраў, Бэроанін, а з Тэссалонічан Арыстарх і Сэкунд, І Гай Дэрбеец і Цімафей, а Азійцы Тыхік і Трахім.
5 Яны, пайшоўшы наперад, чакалі на нас у Троадзе.
6 А мы адплылі з Філіппаў па днях Праснакоў і прыбылі да іх у Троаду цераз пяць дзён, дзе прабылі сем дзён.
7 А ў першы дзень па субоце, калі мы былі сабраўшыся на ламаньне хлеба, Павал гаварыў з імі, маючы вырушыць назаўтра і зацягнуў мову аж да поўначы.
8 А было многа ламп у сьвятліцы, дзе мы былі сабраўшыся.
9 Седзячы-ж на вакне адзін дзяцюк, на імя Эўтых, папаўшы ў глыбокі сон, калі Павал доўга гаварыў, кіўнуўшыся ў сьне, ўпаў з трэцяга паверху ўніз, і падняты быў умерлы.
10 Калі Павал зыйшоў да яго, кінуўся на яго і абняўшы, сказаў: Не трывожцеся, бо душа ягона ў ім.
11 І ўзыйшоў і ламаў хлеб і еў і даволі нагаварыўшы аж да сьвету, так вырушыў.
12 А хлапца прывялі жывога і ўцешыліся немала.
13 А мы, узыйшоўшы на карабель, паплылі ў Ассон, маючы адтуль забраць Паўла; бо гэтак быў пастанавіўшы сам, маючы адбыць дарогу зямлёю.
14 Калі-ж ён зыйшоўся з намі ў Ассоне, мы, забраўшы яго, прыбылі ў Мітылену.
15 І адплыўшы адтуль, мы на другі дзень прыбылі супроць Хіосу, а назаўтра мы прысталі да Самосу, а на другі дзень прыбылі ў Мілет.
16 Бо Павал быў пастанавіўшы абмінуць Эфэз, каб ня сталася яму якое спазьненьне ў Азіі. Бо сьпяшаўся, калі-б было яму магчыма, каб дзень Сёмухі абходзіць у Ерузаліме.
17 А з Мілету паслаўшы ў Эфэз, паклікаў старшых касьцёла.
18 Калі яны прыйшлі да яго і былі разам, сказаў ім: Вы ведаеце ад першага дня, у каторы я ўвайшоў у Азію, як я быў з вамі праз увесь час,
19 служачы Пану з ўсей пакорай і сьлязамі і спакушэньнямі, якія прыходзілі на мяне ад подступаў жыдоўскіх.
20 Як я нічога не прапусьціў карыснага, каб вам не абвясьціць і навучыць вас публічна і па дамох,
21 сьведчучы перад жыдамі і паганамі аб пакуце перад Богам і аб веры ў Пана нашага Езуса Хрыста.
22 І цяпер вось я зьвязаны духам іду ў Ерузалім, ня ведаючы, што ў ім мае прыйсьці на мяне;
23 адно што Дух сьвяты па ўсіх гарадох сьведчыць мне, кажучы, што чакаюць мяне ў Ерузаліме путы і ўцісьненьні.
24 Але я нічога гэтага не баюся і не раблю жыцьця майго даражэйшым за сябе, каб толькі закончыць бег мой і служэньне слова, якое я атрымаў ад Пана Езуса, каб сьведчыць аб эванэліі ласкі Божай.
25 І цяпер вось я ведаю, што болей ня ўгледзіце вобліку майго вы ўсе, праз каторых я прыйшоў, абвяшчаючы каралеўства Божае.
26 Дзеля гэтага сьведчу вам у сягоньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,
27 бо ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
28 Уважайце на сябе і на ўсю стаду, у якой Дух сьвяты паставіў вас біскупамі, каб кіраваць Касьцёлам Божым, каторы ён здабыў крывёю сваею.
29 Я ведаю, што пасьля майго адыходу ўвойдуць між вас ваўкі рвучыя, не ашчаджаючыя стады.
30 І з вас самых паўстануць мужы, гаворачыя круцельствы, каб адвясьці за сабою вучняў.
31 Дзеля гэтага чуйце, памятаючы, што я праз тры гады ўначы і ўдзень не пераставаў напамінаць са сьлязьмі кожнага з вас.
32 І цяпер паручаю вас Богу і слову ласкі ягонай, каторы мае моц збудаваць і даць спадчыну і даць спадчыну між усіх пасьвячоных.
33 Серабра і золата або адзежы я ў нікога не пажадаў, як
34 самі ведаеце, што на мае патрэбы і тых, каторыя ёсьць са мною, служылі гэтыя рукі.
35 Усё вам паказаў, што так працуючы трэба падтрымліваць слабых і помніць слова Пана Езуса, што ён сказаў: шчасьлівей даваць, чым браць.
36 І калі гэтае сказаў, стаўшы на калені свае, маліўся з імі ўсімі.
37 І ўзьняўся вялікі плач усіх, і кідаючыся на шыю Паўла, цалавалі яго,
38 адчуваючы жаль найболей з таго слова, якое ён сказаў, што болей ня ўгледзяць вобліку ягонага. І праводзілі яго да карабля.