Библия Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

введ. Апостальскія Дзеі, введение

АБ АПОСТАЛЬСКІХ ДЗЕЯХ

Назоў. Сам назоў кнігі паказвае, што ў ёй ідзе гутарка аб дзеях апосталаў: у гэтай кнізе апісваюцца падзеі Хрыстовага Касьцёла, калі яшчэ жылі апосталы Пётр і Павал. Рэч зразумелая, што на дзейнасьць гэтых апосталаў і зьвернена найбольшая ўвага.

Аўтар. Аўтарам гэтай кнігі ёсьць сьв. Лукаш, той самы што напісаў трэцюю эванэлію. Кнігу сваю ён ахвяраваў, як гэта відаць з прадмовы, нейкаму бліжэй няведамаму Тэафілю. Аб тым, што сьв. Лукаш напісаў Апостальскія Дзеі, сьведчыць уся хрысьціянская старадаўнасьць, а так-жа зьмест самой кнігі, у якой знаходзім такі-самы стыль, як і ў трэцяй эванэліі і такія самыя выражэньні; апроч гэтага там знаходзім некаторыя словы і паняцьці, узятыя з тагачаснай мэдыцыны. А як ведаем, сьв. Лукаш быў лекарам.

Мэта. Сьв. Лукаш у гэтай кнізе апісвае пачатак хрысьціянства ў жыдоў і паганаў і гэтым самым дае нам гісторыю першапачаткавага Касьцёла. Свае «Дзеі» ён канцэнтруе каля дзейнасьці двух апосталаў: Пятра (разьдзелы 1-12) і Паўла (р. 13-28); часам толькі ўспамінае аб апостале Яне і Якубе Меншым. Відаць, сьв. Лукаш ня меў на мэце даць апісаньне дзейнасьці ўсіх апосталаў, а толькі хацеў на аснове галаўнейшых падзеяў апосталаў Пятра і Паўла даць адказ разьвіцьця і арганізаваньня Касьцёла пасьля Ушэсьця Езуса Хрыста. Бо эванэліі падаюць нам дзейнасьць Езуса Хрыста відомага, а «Дзеі» — дзейнасьць Езуса Хрыста невідомага, узятага ў неба, які аднак праз Духа сьв. далей кіруе сваім Касьцёлам і наварачвае як жыдоў так і паганаў. «Апостальскія Дзеі» падаюць так-жа прароцтва Езуса Хрыста, якія ўжо споўніліся і гэтым самым сьведчаць аб ягоным бостве.

Апроч гэтага сьв. Лукаш меў на ўвазе, як гэта відаць з зьместу кнігі, абарону хрысьціянства перад жыдамі і паганамі. Жыды і пагане ставілі тады хрысьціянству розныя закіды (што хрысьціянства бурыць грамадзкі лад, што не падымае чалавека на большую моральную вышыню і г. д. — вось-жа сьв. Лукаш у гэтай кнізе хоча паказаць усім, нават цікаваму паганскаму чытачу, што хрысьціянства мае ў сабе вялікія грамадзкія вартасьці і падымае людзкую адзінку на высокую ступеню абычайнасьці.

Час напісаньня. Сьв. Лукаш напісаў «Дзеі» зараз пасьля напісаньня сваей эванэліі. Закончаны «Дзеі» расказам аб увязьненьні сьв. Паўла ў Рыме, але яшчэ нічога не гаворыцца аб яго звальненьні ані аб ягонай сьмерці; не гаворыцца так-жа аб прасьледзе Касьцёла за Нэрана — дык з гэтага трэба зрабіць вывад, што «Дзеі» напісаны перад 63 годам па Нар. Хрыста (у 63 годзе сьв. Павал быў звольнены) і былі напісаны ў Рыме, куды сьв. Лукаш прыбыў разам з сьв. Паўлам.

Значэньне. З таго падрабязнага апісаньня некаторых падзеяў, абставін і мясцоў, якое бачым у гэтай кнізе, відаць, што сьв. Лукаш быў сам навочным сьведкай гэтых падзеяў. Апроч гэтага ён пільна даведываўся аб тых падзеях, якіх сам ня бачыў, ад навочных сьведкаў, як апосталы: Пётр, Павал, Якуб Меншы, дыякан Філіп і іншых. Гэта ўсё складаецца на тое, што «Дзеі» прадстаўляюць вялікую гістарычную вартасьць і даюць многа матар'ялу для вывучэньня жыцьця першапачатковага Касьцёла.

Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Апостальскія Дзеі, введение. Пераклад В. Гадлеўскага

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.