Біблія » Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Дзеянні 16 Дзеянні 16 раздзел

1 І ён прыйшоў [таксама] ў Дэрвію і Лістру. І вось, быў там адзін вучань імем Цімафей, сын верніцы іудзейкі, але бацькі эліна,
2 пра якога добра сведчылі браты ў Лістры і Іконіі.
3 Павел захацеў, каб ён пайшоў з ім; і, узяўшы, абрэзаў яго дзеля іудзеяў, што былі ў тых мясцінах, бо ўсе яны ведалі, што яго бацька быў элін.
4 Калі яны праходзілі праз гарады, то перадавалі ім пастановы, якія вынеслі Апосталы і прасвітары ў Іерусаліме, каб яны выконвалі іх.
5 Дык цэрквы ўмацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі колькасцю.
6 І яны прайшлі праз Фрыгію і Галатыйскую краіну, бо Святы Дух не дапусціў ім казаць слова ў Азіі.
7 І, дайшоўшы да Місіі, яны спрабавалі адправіцца ў Віфінію, але Дух Ісуса не дазволіў ім.
8 І, мінуўшы Місію, яны спусціліся ў Трааду.
9 І ўначы было з’явенне Паўлу: нейкі чалавек, македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: Перайдзі ў Македонію і памажы нам.
10 І калі ён убачыў з’явенне, мы адразу ж пастараліся выйсці ў Македонію, у перакананні, што Бог47 заклікаў нас дабравесціць ім.
11 І, адплыўшы з Траады, мы накіраваліся проста ў Самафракію, а на другі дзень у Неапаль
12 і адтуль у Філіпы, гэта галоўны горад той часткі Македоніі, рымская калонія. У гэтым жа горадзе мы правялі некалькі дзён.
13 І ў суботні дзень мы выйшлі за браму [горада] да ракі, дзе, як мы думалі, было месца малітвы; і, сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, што зышліся туды.
14 А адна жанчына імем Лідзія, прадаўшчыца пурпуру, з горада Фіятыра, шанавальніца Бога, слухала: Госпад адкрыў яе сэрца, каб яна ўспрымала тое, што казаў Павел.
15 І калі яна была ахрышчана і яе дом, яна папрасіла, кажучы: Калі вы прызналі, што я адданая Госпаду, увайдзіце ў мой дом і заставайцеся. — І яна дамаглася ад нас.
16 І сталася: калі мы ішлі да месца малітвы, сустрэлася нам адна служанка, апантаная духам Піфана48, якая вяшчунствам прыносіла вялікі прыбытак сваім гаспадарам.
17 Яна, ідучы ўслед за Паўлам і за намі, крычала, кажучы: Гэтыя людзі — слугі Усявышняга Бога, якія абвяшчаюць вам49 дарогу выратавання.
18 І яна рабіла гэта шмат дзён. Але Павел абурыўся і, павярнуўшыся, сказаў духу: Загадваю табе імем Ісуса Хрыста выйсці з яе. — І ён у тую ж хвіліну выйшаў.
19 Гаспадары ж яе, убачыўшы, што адышла надзея на іх прыбытак, схапілі Паўла і Сілу і пацягнулі на рыначную плошчу да начальнікаў
20 і, прывёўшы іх да магістратаў, сказалі: Гэтыя людзі, будучы іудзеямі, бунтуюць наш горад
21 і абвяшчаюць звычаі, якія нам, рымлянам, не дазваляецца ні пераймаць, ні выконваць.
22 І паўстаў натоўп супроць іх, і магістраты, сарваўшы вопратку з іх, загадалі біць кіямі
23 і, задаўшы ім шмат удараў, кінулі ў турму, загадаўшы турэмнаму стражніку пільна сцерагчы іх.
24 Ён, атрымаўшы такі загад, кінуў іх ва ўнутраную турму і забіў іх ногі ў калодкі.
25 І каля поўначы Павел і Сіла, молячыся, спявалі гімны хвалы Богу, а вязні слухалі іх.
26 Але раптам зрабіўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі турмы; і тут жа расчыніліся ўсе дзверы і ва ўсіх паспадалі кайданы.
27 А турэмшчык, прачнуўшыся і ўбачыўшы, што дзверы турмы расчынены, выцягнуў меч і збіраўся забіць сябе, думаючы, што вязні ўцяклі.
28 Але Павел крыкнуў гучным голасам, кажучы: Не рабі сабе ніякага ліха, бо мы ўсе тут.
29 І, папрасіўшы агню, турэмшчык ускочыў і ў трымценні прыпаў да Паўла і Сілы
30 і, вывеўшы іх адтуль, спытаўся: Спадары, што я павінен рабіць, каб уратавацца?
31 Яны ж адказалі: Уверуй у Госпада Ісуса [Хрыста] і будзеш уратаваны ты і твой дом.
32 І яны абвясцілі слова Гасподняе яму разам з усімі, хто быў у яго доме.
33 І турэмшчык, узяўшы іх у тую ж гадзіну ночы, абмыў іх раны; і быў тут жа ахрышчаны сам і ўсе яго дамашнія;
34 і, прывёўшы іх у [свой] дом, сабраў стол і цешыўся з усім домам, што ўвераваў у Бога.
35 А калі настаў дзень, магістраты паслалі ліктараў сказаць: Адпусці тых людзей.
36 І турэмшчык перадаў [гэтыя] словы Паўлу: Магістраты прыслалі, каб адпусціць вас. Дык цяпер выходзьце і ідзіце з мірам.
37 Але Павел сказаў ім: Яны, прынародна збіўшы нас, неасуджаных людзей, што з’яўляюцца рымскімі грамадзянамі, кінулі ў турму, а цяпер яны патаемна выганяюць нас? Ды не! Хай самі прыйдуць і выведуць нас.
38 І ліктары перадалі гэтыя словы магістратам. І тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны рымляне,
39 і, прыйшоўшы, яны перапрасілі іх і, вывеўшы, прасілі пайсці з горада.
40 І, выйшаўшы з турмы, яны ўвайшлі ў дом да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, яны суцешылі іх і пайшлі.

Зноскі:

10 47: У некат. рукап.: Госпад.
16 48: Г. зн. прадказальніка.
17 49: У некат. рукап.: нам.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеянні Апосталаў, 16 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Дзеянні 16 раздзел в переводах:
Дзеянні 16 раздзел, комментарии:
  1. Комментарии Баркли
  2. Новой Женевской Библии
  3. Толкование Иоанна Златоуста
  4. Учебной Библии МакАртура
  5. Комментарии Жана Кальвина
  6. Комментарии МакДональда
  7. Толкование Мэтью Генри
  8. Толковая Библия Лопухина
  9. Толкование Далласской семинарии
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Толкования Августина
  16. Комментарии Скоуфилда


2007–2023. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.