ПЕРШАЕ МІСІЙНАЕ ПАДАРОЖЖА БАРНАБЫ І САЎЛА. ЕРУЗАЛЕМСКІ САБОР

Барнаба і Саўл пасланыя прапаведаваць

1 У Касцёле Антыёхіі прарокамі і настаўнікамі былі: Барнаба і Сымон, якога звалі таксама Нігер, Люцый Кірэнэец і Манаэн, які выхоўваўся разам з тэтрархам Ірадам, і Саўл.
2 Калі яны служылі Пану і пасцілі, Дух Святы сказаў: «Вылучыце Мне Барнабу і Саўла на справу, да якой Я іх паклікаў».
3 Тады, пасля посту і малітвы, яны ўсклалі на іх рукі і адпусцілі іх.
На Кіпры

4 А яны, пасланыя Духам Святым, прыбылі ў Сэлеўкію. Адтуль паплылі на Кіпр.
5 Калі былі ў Саламіне, абвяшчалі Божае слова ў юдэйскіх сінагогах. Мелі таксама Яна памочнікам.
6 Прайшоўшы ўвесь востраў аж да Пафаса, яны знайшлі нейкага чалавека, чарадзея, ілжэпрарока, юдэя, якога звалі Бар-Езус.
7 Ён быў разам з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавекам разумным. Паклікаўшы Барнабу і Саўла, ён пажадаў пачуць слова Божае.
8 Але выступіў супраць іх Ялім, гэта значыць «чарадзей», бо так перакладаецца яго імя, і намагаўся адвярнуць праконсула ад веры.
9 Аднак Саўл, ён жа Павел, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на яго
10 і сказаў: «Сын д’ябла, поўны ўсякага подступу і зладзейства, вораг усякай праўды, ці перастанеш ты зводзіць з простых шляхоў Пана?
11 Вось цяпер рука Пана на табе: будзеш невідушчы і не ўбачыш сонца нейкі час». І адразу ахапіў яго змрок і цемра, і ён пачаў хадзіць наўкола, шукаючы павадыра.
12 Калі ж праконсул убачыў, што адбылося, паверыў, здзіўлены вучэннем Пана.
У Антыёхіі Пісідыйскай

13 Калі Павел і тыя, хто быў з ім, адплылі з Пафаса, прыбылі ў Пэргэ, што ў Памфіліі. Але Ян пакінуў іх і вярнуўся ў Ерузалем.
14 Яны ж прайшлі Пэргэ і прыбылі ў Антыёхію Пісідыйскую, і ў шабат увайшлі ў сінагогу, і селі.
15 Пасля чытання Закону і Прарокаў кіраўнікі сінагогі паслалі да іх, кажучы: «Браты, калі маеце нейкае слова заахвочвання для народу, скажыце!»
Павел прамаўляе перад юдэямі

16 Тады Павел устаў, даў знак рукою і сказаў: «Мужы ізраэльскія і тыя, хто баіцца Бога, слухайце.
17 Бог гэтага ізраэльскага народу выбраў айцоў нашых і ўзвысіў народ падчас знаходжання ў зямлі егіпецкай, і ўзнятаю рукою вывеў іх з яе.
18 Каля сарака гадоў цярпеў іх звычаі на пустыні.
19 І знішчыўшы сем народаў у зямлі канаанскай, даў ім у спадчыну іхнюю зямлю
20 пасля чатырохсот пяцідзесяці гадоў. Потым даў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.
21 Затым яны папрасілі караля, і Бог даў ім Саўла, сына Кіша, мужа з пакалення Бэньяміна, на сорак гадоў.
22 Адкінуўшы яго, прызначыў Давіда каралём іхнім, пра якога і сказаў, засведчыўшы: “Я знайшоў Давіда, сына Есэя, чалавека па сэрцы Маім, які выканае ўсе Мае жаданні”.
23 З ягонага патомства, паводле абяцання, Бог паслаў для Ізраэля Збаўцу Езуса.
24 Перад Ягоным прыйсцем Ян прапаведаваў хрост пакаяння ўсяму ізраэльскаму народу.
25 Пад канец сваёй дзейнасці Ян сказаў: “Я не з’яўляюся тым, кім вы лічыце мяне; але вось за мною ідзе той, каму я не варты развязаць сандалі на нагах”.
26 Браты, сыны роду Абрагама і тыя з вас, хто баіцца Бога. Нам паслана слова гэтага збаўлення,
27 бо жыхары Ерузалема і іх кіраўнікі не пазналі Езуса і, калі асудзілі Яго, споўнілі словы прарокаў, што чыталіся кожны шабат.
28 І хоць не знайшлі ніякай прычыны для смерці, прасілі Пілата забіць Яго.
29 А калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, знялі Яго з крыжа і паклалі ў магілу.
30 Але Бог уваскрасіў Яго.
31 Шмат дзён з’яўляўся Ён тым, хто разам з Ім прыйшоў з Галілеі ў Ерузалем, якія цяпер сведчаць пра Яго перад народам.
32 Мы таксама абвяшчаем вам Евангелле, што абяцанне, дадзенае айцам нашым,
33 Бог выканаў для нас, дзяцей іхніх, калі ўваскрасіў Езуса, як і напісана ў другім псальме:

“Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў”.

34 А пра тое, што ўваскрасіў Яго, каб Ён больш не вярнуўся да тлення, так сказаў:

“Я верна выканаю абяцанні, дадзеныя Давіду”.

35 Таму ў іншым месцы кажа:

“Ты не дасі свайму святому ўбачыць тлення”.

36 Давід, які ў свой час паслужыў Божай волі, спачыў і, далучыўся да сваіх айцоў, убачыў тленне.
37 А той, каго ўваскрасіў Бог, не ўбачыў тлення.
38 Таму, браты, няхай вам будзе вядома, што праз Яго абвяшчаецца вам адпушчэнне грахоў, і ва ўсім, у чым вы не апраўдаліся ў Законе Майсея,
39 кожны веруючы апраўдаецца праз Яго.
40 Сцеражыцеся, каб з вамі не здарылася тое, што сказана ў Прарокаў:
41

“Глядзіце, насмешнікі,
здзіўляйцеся і згіньце,
бо Я раблю справу ў дні вашыя,
справу, у якую вы не паверыце, калі б хто і распавёў вам!”».

42 Калі ж яны выходзілі, прасілі іх расказаць у наступны шабат пра гэтыя рэчы.
43 Калі сабраныя разышліся, многія юдэі і пабожныя празеліты пайшлі следам за Паўлам і Барнабам, якія ў размове пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.
Павел і Барнаба звяртаюцца да язычнікаў

44 У наступны шабат сабраўся амаль увесь горад слухаць слова Пана.
45 Калі юдэі ўбачылі такі натоўп, напоўніліся зайздрасцю і пярэчылі таму, што казаў Павел, і блюзнерылі.
46 Тады Павел і Барнаба з адвагаю сказалі: «Вам першым трэба было абвяшчаць слова Божае. Але паколькі вы адкідваеце яго і лічыце саміх сябе нявартымі вечнага жыцця, таму мы звяртаемся да язычнікаў.
47 Бо так нам загадаў Пан:

“Я зрабіў цябе святлом народаў,
каб ты быў збаўленнем аж да межаў зямлі”».

48 Калі пачулі гэта язычнікі, узрадаваліся і славілі слова Пана, і ўсе, пакліканыя да вечнага жыцця, паверылі.
49 А слова Пана пашыралася па ўсёй краіне.
50 Юдэі ж падбухторылі пабожных і дастойных жанчын, уплывовых у горадзе людзей і пачалі пераследаваць Паўла і Барнабу, і выгналі іх са сваіх межаў.
51 Яны ж абтрэслі пыл з ног і пайшлі ў Іконію.
52 А вучні напаўняліся радасцю і Духам Святым.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 13 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.