ЗАКАНЧЭННЕ ДЗЕЙНАСЦІ ПАЎЛА І АРЫШТ

Павел адпраўляецца ў Ерузалем

1 Калі мы, расстаўшыся з імі, адплылі, то простым шляхам прыбылі на Кос, затым — на Родас, а адтуль — у Патару.
2 Знайшоўшы карабель, які плыў у Феніцыю, мы селі і паплылі.
3 А калі паказаўся Кіпр, мы абмінулі яго злева і паплылі ў Сірыю. Прысталі ў Тыры, бо там трэба было разгрузіць карабель.
4 Знайшоўшы вучняў, мы засталіся там на сем дзён. Яны ж, натхнёныя Духам, казалі Паўлу не ісці ў Ерузалем.
5 Пасля гэтых дзён мы выбраліся ў дарогу, а ўсе з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас за горад. Укленчыўшы на беразе і памаліўшыся,
6 мы развіталіся адзін з адным і селі на карабель, а яны вярнуліся да сябе.
7 На заканчэнне нашага плавання мы прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе прывіталі братоў і прабылі ў іх адзін дзень.
У Цэзарэі. Прароцтва Агава

8 Назаўтра адышлі і прыбылі ў Цэзарэю. Увайшоўшы ў дом дабравесніка Філіпа, аднаго з сямі дыяканаў, мы засталіся ў яго.
9 Ён меў чатыры дачкі, дзевы, якія прарочылі.
10 У той час, як мы былі ў іх шмат дзён, прыйшоў з юдэі пэўны прарок, па імені Агаў.
11 Ён увайшоў да нас, узяў Паўлаў пояс і, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Так кажа Дух Святы: “Таго чалавека, чый гэта пояс, так звяжуць у Ерузалеме юдэі і аддадуць у рукі язычнікаў”».
12 Калі мы гэта пачулі, угаворвалі Паўла разам з тамтэйшымі братамі не хадзіць у Ерузалем.
13 Аднак Павел адказаў: «Навошта плачаце і засмучаеце маё сэрца? Бо я дзеля імя Пана Езуса гатовы не толькі быць звязаным, але і памерці ў Ерузалеме».
14 Паколькі яго не ўдалося ўгаварыць, мы супакоіліся, сказаўшы: «Няхай будзе воля Пана!»
Павел у Ерузалеме

15 Пасля гэтых дзён мы падрыхтаваліся і вырушылі ў Ерузалем.
16 З намі пайшлі некаторыя вучні з Цэзарэі і прывялі да нас нейкага Мнасона з Кіпра, даўняга вучня, які меў нас прыняць.
17 Калі мы прыйшлі ў Ерузалем, браты радасна прынялі нас.
18 На другі дзень Павел пайшоў з намі да Якуба, куды прыйшлі таксама ўсе старэйшыны.
19 Прывітаўшы іх, ён падрабязна расказваў пра тое, што Бог учыніў сярод язычнікаў праз яго служэнне.
20 Пачуўшы гэта, яны ўславілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч юдэяў паверыла, а ўсе яны рупліўцы Закону.
21 Яны чулі пра цябе, быццам ты юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступаць ад Майсея, кажучы, каб не абразалі дзяцей і не трымаліся звычаяў.
22 Дык што ж? Яны напэўна пачуюць, што ты прыйшоў.
23 Зрабі тое, што мы кажам табе. У нас ёсць чатыры мужчыны, якія далі абяцанне.
24 Вазьмі іх з сабою, ачысціся разам з імі і заплаці за іх выдаткі, каб яны абстрыглі свае галовы. Так даведаюцца ўсе, што ім кажуць пра цябе няпраўду і што ты сам выконваеш Закон.
25 А што да тых язычнікаў, якія паверылі, мы напісалі ім сваю параду, каб яны стрымліваліся ад ахвяраў, прынесеных ідалам, ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты».
26 Тады Павел узяў тых мужчын і назаўтра, ачысціўшыся з імі, увайшоў у святыню і абвясціў пра заканчэнне дзён ачышчэння, калі за кожнага з іх павінна быць прынесена ахвяра.
Арышт Паўла

27 Калі ж заканчваліся сем дзён, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь народ і схапілі яго
28 з крыкам: «Мужы ізраэльскія, дапамажыце! Гэты чалавек усюды ўсіх навучае супраць народу, Закону і гэтага месца. Яшчэ і грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца».
29 Бо перад тым яны бачылі ў горадзе з ім Трафіма эфесца і казалі пра яго, што Павел увёў яго ў святыню.
30 Увесь горад узрушыўся, і збегся народ. Яны схапілі Паўла, выцягнулі яго са святыні і адразу зачынілі дзверы.
31 Калі хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерузалем збунтаваўся.
32 Ён адразу ж узяў жаўнераў і сотнікаў і прыбег да іх. Убачыўшы тысячніка і жаўнераў, яны перасталі біць Паўла.
33 Тады тысячнік, наблізіўшыся, схапіў яго і загадаў скаваць падвойнымі ланцугамі. Дапытваўся таксама, хто ён і што ўчыніў.
34 У натоўпе ж усе крычалі сваё. Не здолеўшы даведацца нічога пэўнага з-за шуму, ён загадаў завесці яго ў крэпасць.
35 Калі быў на прыступках, жаўнеры мусілі несці яго з прычыны націску натоўпу,
36 бо шмат народу ішло за ім і крычала: «Забі яго!»
37 Пры ўваходзе ў крэпасць Павел сказаў тысячніку: «Ці можна сказаць табе нешта?» Той адказаў: «Ты гаворыш па-грэцку?
38 Значыць ты не той егіпцянін, які нядаўна ўчыніў бунт і вывеў на пустыню чатыры тысячы забойцаў?»
39 Павел адказаў: «Я юдэй з Тарса, грамадзянін вядомага горада ў Цыліцыі. Прашу цябе, дазволь мне звярнуцца да народу».
40 Калі ж той дазволіў, Павел, стоячы на прыступках, даў народу знак рукой. Калі настала поўная ціша, прамовіў па-габрэйску, кажучы:
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 21 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.