Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Дзеі 21 Дзеі 21 раздзел

1 Калі ж мы, пакінуўшы іх, паплылі, ідучы наўпрост, мы прыйшлі ў Кос, а на наступны дзень — у Радос, а адтуль — у Патару,
2 і, знайшоўшы карабель, які меў плыць у Фінікію, узыйшлі [на яго], і паплылі.
3 А ўбачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго зьлева, мы плылі ў Сірыю і зыйшлі ў Тыры, бо там карабель меў разладаваць тавар.
4 І, знайшоўшы вучняў, мы былі там сем дзён, а тыя праз Духа казалі Паўлу, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім.
5 А калі мы пражылі тыя дні, выйшаўшы, мы пайшлі, і ўсе праводзілі нас з жонкамі і дзецьмі ажно за горад, і на беразе, укленчыўшы, маліліся.
6 І, разьвітаўшыся адны з аднымі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.
7 А мы, скончыўшы плаваньне ад Тыру, прыйшлі ў Пталемаіду, і, прывітаўшы братоў, засталіся ў іх на адзін дзень.
8 А на заўтра тыя, што былі з Паўлам, пайшоўшы, прыйшлі ў Цэзарэю, і, увайшоўшы ў дом Філіпа дабравесьніка, аднаго з сямі, засталіся ў яго.
9 У яго ж былі чатыры дачкі дзяўчыны, якія прарочылі.
10 А як мы заставаліся шмат дзён, прыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаў,
11 і, увайшоўшы да нас і ўзяўшы пояс Паўла, і зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Гэтак кажа Дух Сьвяты: “Мужа, чый гэты пояс, так зьвяжуць Юдэі ў Ерусаліме і аддадуць у рукі паганаў”».
12 Калі ж мы пачулі гэта, і мы, і тамтэйшыя прасілі, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім.
13 А Павал адказаў: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Бо я ня толькі гатовы быць зьвязаным, але і памерці ў Ерусаліме дзеля імя Госпада Ісуса».
14 І не пераканаўшы яго, мы супакоіліся, кажучы: «Няхай станецца воля Госпада!»
15 А пасьля гэтых дзён, узяўшы рэчы, мы ўзыходзілі ў Ерусалім.
16 Ішлі ж з намі і вучні з Цэзарэі, ведучы да нейкага Мназона, Кіпрыйца, старадаўняга вучня, у якога мы мелі гасьцяваць.
17 А як мы апынуліся ў Ерусаліме, браты прыхільна прынялі нас.
18 І на другі дзень увайшоў Павал разам з намі да Якуба; і прыйшлі ўсе старосты.
19 І, прывітаўшы іх, ён распавядаў падрабязна, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае.
20 Яны ж, пачуўшы, праславілі Госпада і сказалі яму: «Бачыш, браце, колькі дзясяткаў тысячаў Юдэяў, якія паверылі, і ўсе яны рупліўцы Закону.
21 А яны начутыя адносна цябе, што ты вучыш адступніцтву ад Майсея ўсіх Юдэяў, што [жывуць] сярод паганаў, кажучы, каб не абрэзвалі сваіх дзяцей і не хадзілі паводле звычаяў.
22 Дык што гэта? Абавязкова мусіць сабрацца мноства, бо пачуюць, што ты прыйшоў.
23 Дык зрабі, што табе скажам. Ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе шлюбаваньне.
24 Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі і выдаткуй за іх, каб яны абстрыглі галаву, і ўсе даведаюцца, што тое, што яны дачуліся адносна цябе, ёсьць пустое, але ты ходзіш адпаведна і захоўваеш Закон.
25 А адносна паганаў, якія паверылі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб нічога гэткага не захоўвалі, а толькі высьцерагаліся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты».
26 Тады Павал, узяўшы мужоў гэтых, на наступны дзень ачысьціўшыся з імі, увайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, калі за кожнага з іх прынесены будзе дар [Богу].
27 А калі меліся скончыцца сем дзён, Юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў сьвятыні, узрушылі ўвесь натоўп і ўсклалі на яго рукі,
28 крычучы: «Мужы Ізраільцяне, дапамажыце! Гэта чалавек, які ўсіх паўсюль навучае супраць народу і супраць Закону, і супраць месца гэтага. Ды яшчэ Грэкаў увёў у сьвятыню і апаганіў гэтае месца сьвятое».
29 Бо яны раней бачылі з ім у горадзе Трафіма Эфэсца і думалі, што Павал увёў яго ў сьвятыню.
30 І ўвесь горад узварушыўся, і пазьбягаўся народ. І, узяўшы Паўла, пацягнулі яго вонкі са сьвятыні, і адразу дзьверы былі зачынены.
31 А калі шукалі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узрушаны.
32 Ён, неадкладна ўзяўшы жаўнераў і сотнікаў, пабег на іх, а яны, убачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі біць Паўла.
33 Тады, наблізіўшыся, тысячнік узяў яго і загадаў зьвязаць двума ланцугамі і пытаўся, хто ён і што зрабіў.
34 А ў натоўпе кожны крычаў нешта сваё. І ня могучы праз замяшаньне нешта пэўнае даведацца, загадаў весьці яго ў табар.
35 А калі [Павал] апынуўся ля сходаў, жаўнерам прыйшлося несьці яго на руках дзеля гвалту натоўпу,
36 бо мноства народу ішло за імі, крычучы: «Забі яго!»
37 І як меліся ўвайсьці ў табар, Павал кажа тысячніку: «Ці магу нешта сказаць табе?» Той жа сказаў: «Ты ведаеш грэцкую?
38 Дык ці ня ты той Эгіпцянін, які перад гэтымі днямі збунтаваў і вывеў у пустыню чатыры тысячы чалавек сікарыяў?»
39 А Павал сказаў: «Я — Юдэй з Тарсу, грамадзянін знакамітага гораду ў Кілікіі. Прашу ж цябе, дазволь мне гаварыць да народу».
40 Калі ж той дазволіў, Павал, стаўшы на сходах, даў знак народу рукою, і як сталася вялікая ціша, прамовіў на гебрайскай мове, кажучы:
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеі Апосталаў, 21 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Дзеі 21 раздзел в переводах:
Дзеі 21 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.