1 А апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, пачулі, што і пагане прынялі слова Божае.
2 І калі Пётар узыйшоў у Ерусалім, тыя, што з абрэзаных, сумняваліся ў ім,
3 кажучы: «Да мужоў неабрэзаных ты хадзіў і еў з імі!»
4 А Пётар, пачаўшы, выклаў па парадку, кажучы:
5 «Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і ў захапленьні ўбачыў відзеж: нейкае начыньне, якое зыходзіла, быццам вялікі абрус, за чатыры канцы апусканы з неба, і прыйшло да мяне.
6 Углядаючыся ў яго, я разгледзеў і ўбачыў чатырохногіх зямных, і зьвяроў, і паўзуноў, і птушах нябесных.
7 Пачуў жа я голас, які гаварыў мне: “Устаўшы, Пётар, заколвай і еш”.
8 А я сказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе, бо нічога паганага ці нячыстага ніколі ня браў я ў вусны мае”.
9 А голас адказаў мне другі раз з неба: “Што Бог ачысьціў, ты не пагань”.
10 Сталася ж гэта тройчы, і ізноў усё ўзьнялося ў неба.
11 І вось, у гэты момант спыніліся перад домам, у якім я быў, тры мужы, пасланыя да мяне з Цэзарэі.
12 А Дух сказаў мне ісьці з імі, нічога не сумняваючыся. Пайшлі ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго мужа.
13 І абвясьціў ён нам, як бачыў у доме сваім анёла, які стаў і сказаў яму: “Пашлі ў Ёппу мужоў і пакліч Сымона, называнага Пятром,
14 які скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”.
15 Калі ж я пачаў гаварыць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас на пачатку.
16 І ўзгадаў я слова Госпада, як Ён сказаў: “Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым”.
17 Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што паверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, хто ж я такі, каб мог забараняць Богу?»
18 Пачуўшы ж гэтае, яны супакоіліся і славілі Бога, кажучы: «Можа, і паганам даў Бог навяртаньне дзеля жыцьця».
19 А тыя, што расьцярушыліся пасьля ўціску, які стаўся з прычыны Стэфана, пайшлі аж да Фінікіі, і Кіпру, і Антыёхіі, нікому не гаворачы слова, адно толькі Юдэям.
20 Былі ж некаторыя з іх мужы Кіпрыйскія і Кірэнэйскія, якія, прыйшоўшы ў Антыёхію, гаварылі да эліністаў, дабравесьцячы Госпада Ісуса.
21 І была рука Госпада з імі, і вялікая лічба, паверыўшы, зьвярнулася да Госпада.
22 А слова пра іх дайшло да вушэй царквы, што ў Ерусаліме, і яны паслалі Барнабу пайсьці аж у Антыёхію.
23 Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і маліў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Госпадзе,
24 бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І значная грамада дадалася да Госпада.
25 А Барнаба выйшаў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыёхію.
26 Сталася ж, што яны цэлы год зьбіраліся ў гэтай царкве і навучалі значную грамаду; у Антыёхіі найперш вучняў сталі называць Хрысьціянамі.
27 У тыя ж дні прыйшлі з Ерусаліму ў Антыёхію прарокі.
28 А адзін з іх, на імя Агаў, устаўшы, праз Духа даў знак, што на ўсім сьвеце мае быць вялікі голад, які і стаўся за цэзара Кляўдыя.
29 А вучні, кожны паводле магчымасьці сваёй, вызначылі паслаць [дапамогу] братам, што жылі ў Юдэі.
30 І ўчынілі гэта, паслаўшы да старостаў праз рукі Барнабы і Саўла.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі, 11 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.