Библия Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Дзеі, 22 Дзеі Апосталаў, 22 глава

1 «Мужы браты і бацькі, паслухайце, што я вам цяпер скажу ў сваё апраўданне».
2 Пачуўшы, што ён гаворыць на гебрайскай мове, яны тым больш сціхлі. Ён жа сказаў:
3 «Я — юдэй, народжаны ў Тарсе, з Цыліцыі, выгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамаліэля атрымаў руплівае навучанне ў праўдзе айцоўскага закону, шчыры паслугач Бога, як і вы ўсе сёння.
4 Пераследаваў я гэты шлях аж да смерці, звязваючы і кідаючы ў вязніцы мужчын і жанчын,
5 што могуць засведчыць пра мяне першасвятар і цэлая рада. Ад іх атрымаўшы лісты да братоў, я направіўся ў Дамаск, каб тых, што былі там, увязніўшы, прывесці ў Ерузалім для пакарання.
6 І здарылася, калі я ішоў і набліжаўся да Дамаска, апоўдні раптам агарнула мяне вялікае святло з неба.
7 І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які казаў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?”
8 А я адказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” Ён сказаў мне: “Я — Ісус Назарэй, Якога ты пераследуеш”.
9 Тыя ж, што былі са мною, бачылі, праўда, святло і перапалохаліся, але голасу Таго, Які гаварыў са мной, не чулі.
10 Дык я сказаў: “Што маю рабіць, Госпадзе?” Госпад жа сказаў мне: “Устань і ідзі ў Дамаск, ды там скажуць усё, што табе прызначана рабіць”.
11 І як я аслеп ад яркасці таго святла, дык, ведзены за руку таварышамі, прыбыў у Дамаск.
12 І нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле закону, пра што сведчалі усе юдэі, якія жылі там,
13 прыбыўшы да мяне і падышоўшы, сказаў мне: “Саўле, браце, праглянь!” І я ў тую ж хвіліну ўбачыў яго.
14 А ён сказаў: “Бог бацькоў нашых прадвыбраў цябе, каб пазнаў ты волю Яго і ўбачыў Справядлівага, ды пачуў голас з вуснаў Яго,
15 бо будзеш сведкам Яму перад усім народам пра тое, што ты бачыў і чуў.
16 Дык чаму ж ты цяпер марудзіш? Прымі хрост і абмый грахі твае, прызваўшы імя Госпада”.
17 І сталася, калі вярнуўся я ў Ерузалім і маліўся ў святыні, апынуўся ў захапленні
18 і ўбачыў Яго, як Ён мне казаў: “Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузаліма, бо не прымуць твайго сведчання пра Мяне”.
19 Я ж сказаў: “Госпадзе, яны ж ведаюць, што я тых, што верылі ў Цябе, замыкаў у вязніцах і бічаваў у сінагогах;
20 а калі пралівана была кроў Сцяпана, сведкі Твайго, і я ўдзельнічаў, і згаджаўся з забойствам яго, ды пільнаваў адзенне забойцаў яго”.
21 Ён жа сказаў мне: “Ідзі, бо Я цябе пашлю далёка да паганаў”».
22 І слухалі яны яго да гэтых слоў, і закрычалі, кажучы: «Вынішчы з зямлі такога, бо яму нельга жыць!»
23 А калі яны крычалі, і махалі адзеннем сваім, і кідалі пясок у паветра,
24 трыбун загадаў завесці яго ў крэпасць, кажучы бічаваннем дазнацца, з якой прычыны так крычаць на яго.
25 І, калі яго звязалі рамянямі, Паўла сказаў сотніку, што стаяў побач: «Ці дазволена вам без суда бічаваць грамадзяніна рымскага?»
26 Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў да трыбуна і паведаміў яму, кажучы: «Глядзі, што ты думаеш рабіць? Гэты ж чалавек — рымлянін».
27 Трыбун падышоў і сказаў яму: «Скажы мне, ці ты — рымлянін?» Ён жа сказаў: «Так».
28 Трыбун адказаў: «Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства». А Паўла гаворыць: «Я маю яго ад нараджэння».
29 Адразу таму адышлі ад яго тыя, што меліся дапытваць яго. А трыбун спалохаўся, як даведаўся, што Паўла — рымлянін, а ён яго звязаў.
30 На другі дзень, хочучы лепш даведацца, з якой прычыны вінавацяць яго юдэі, ён вызваліў яго ад кайданоў, ды загадаў прыйсці першасвятарам і ўсёй радзе, і, прывёўшы Паўлу, паставіў яго перад імі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 22 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.