Арышт Езуса

1 Сказаўшы гэта, Езус выйшаў з вучнямі сваімі за зімні ручай Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя.
2 Гэтае месца ведаў і Юда, здраднік Ягоны, бо Езус там часта збіраўся з вучнямі сваімі.
3 Таму Юда ўзяў кагорту і слуг ад першасвятароў і фарысеяў і прыйшоў туды з паходнямі, ліхтарамі і зброяй.
4 Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім: «Каго шукаеце?»
5 Яму сказалі: «Езуса з Назарэта». Кажа ім: «Гэта Я!» Стаяў жа з імі таксама Юда, які выдаў Яго.
6 І калі Ён сказаў ім: «Гэта Я!», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю.
7 Тады Ён зноў спытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Езуса з Назарэта».
8 Езус адказаў: «Я сказаў вам, што гэта Я! Калі ж Мяне шукаеце, то дазвольце ім адысці»,
9 каб збылося слова, якое сказаў: «З тых, каго Ты даў Мне, Я не згубіў нікога».
10 Тады Сымон Пётр, які меў пры сабе меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха. Імя ж слугі было Мальхас.
11 Але Езус сказаў Пятру: «Схавай меч у ножны. Няўжо Мне не піць з келіха, які даў Мне Айцец?»
Езус перад Анной. Адрачэнне Пятра

12 Тады кагорта, тысячнік і юдэйскія прыслужнікі схапілі Езуса, звязалі Яго
13 і завялі спачатку да Анны, бо ён быў цесцем Каяфы, які быў у гэтым годзе першасвятаром.
14 Каяфа быў тым, хто параіў юдэям, што лепш аднаму чалавеку загінуць за народ.
15 За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, таму ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара.
16 Пётр жа стаяў звонку каля брамы. Тады той другі вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра.
17 Служанка-брамніца кажа Пятру: «Ці і ты з вучняў гэтага чалавека?» Ён сказаў: «Не!»
18 Нявольнікі і прыслужнікі распалілі агонь, бо было зімна, і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
19 Першасвятар спытаў у Езуса пра вучняў Ягоных і пра вучэнне Ягонае.
20 Езус адказаў яму: «Я адкрыта казаў свету. Заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і патаемна не казаў нічога.
21 Чаму ты пытаешся ў Мяне? Спытай тых, хто чуў, што Я казаў ім. Яны ведаюць, што Я гаварыў».
22 Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, які стаяў паблізу, ударыў Езуса па твары, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?»
23 Езус адказаў яму: «Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне?»
24 Тады Анна паслаў Яго звязанага да першасвятара Каяфы.
25 А Сымон Пётр стаяў і грэўся. І сказалі яму: «Ці і ты з вучняў Ягоных?» Ён адрокся і сказаў: «Не!»
26 Адзін са слугаў першасвятара, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха, сказаў: «Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе?»
27 Пётр зноў адрокся. І адразу заспяваў певень.
Езус перад Пілатам

28 Ад Каяфы павялі Езуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і магчы з’есці Пасху.
29 Таму Пілат выйшаў да іх і сказаў: «У чым абвінавачваеце гэтага чалавека?»
30 Яны сказалі яму ў адказ: «Калі б Ён не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе».
31 Пілат жа сказаў ім: «Вазьміце Яго вы і судзіце паводле свайго закону!» Юдэі сказалі яму: «Нам нікога не дазваляецца забіваць».
32 Так павінна было збыцца слова Езуса, у якім прадказаў, якой смерцю памрэ.
33 Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, паклікаў Езуса і сказаў Яму: «Ці Ты кароль юдэйскі?»
34 Езус адказаў: «Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?»
35 Пілат адказаў: «Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што Ты зрабіў?»
36 Езус адказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб Мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль».
37 Пілат сказаў Яму: «Дык Ты кароль?» Езус адказаў: «Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас».
38 Пілат сказаў Яму: «Што такое праўда?» І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да юдэяў, і сказаў ім: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
39 Ёсць у вас звычай, каб я на Пасху адпускаў вам аднаго вязня. Калі хочаце, я адпушчу вам караля юдэйскага?»
40 Тады яны зноў закрычалі: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Яна, 18 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Комментарии Джона Райла
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.