1 «Першага дня тыдня» г. зн. у нядзелю.
4 Сьв. Ян Апостал, як маладзейшы і сільнейшы, хутчэй за Пятра дабег, але можа з страху, а можа дзеля пашаны перад Пятром, не адважыўся першы ўвайсьці ў гроб.
7 Гэтыя палотны ляжачыя і хустка, скручаная і паложаная ў адно месца сьведчаць, што цела Езуса ня ўкралі, як гэта жыды навучалі казаць стражаў, але Езус сапраўды ўскрос. Зладзеі па сабе парадкаў ня робяць.
9 Вучні, бягучы да гробу, яшчэ не разумелі, што Езус павінен ускрэснуць. Калі Ян апостал уверыў (гл. радок 8), то Пётр яшчэ хістаўся (гл. Лук. 24:12).
11 «Нахілілася», бо ўваход у гроб быў звычайна нізкі і каб заглянуць у гроб, трэба было нахіліцца.
17 Гэта ня знача, што Езус забараніў зусім ей датыкацца да сябе, а толькі загадаў, каб яна не задзержывала яго тут на зямлі, бо ён мае яшчэ ўзыйсьці ў неба.
19 «У той дзень, першы тыдня» г. зн. у той дзень, калі Езус ускрос (у нядзелю).
23 Ужо першага дня свайго ўскросу Езус дае апосталам і іх наступнікам уладу адпушчэньня грахоў, чым устанаўляе вялікае жарало ласкаў і супакою для грэшнага чалавецтва. Бяз гэтай улады Касьцёл ня мог-бы належна спаўняць свайго заданьня, бо пасьля грэху ня было-б магчымасьці зьяднаньня грэшніка з Богам.
Адпушчэньне грахоў адбываецца ў сакрамэнце пакуты праз вонкавы акт гэтай улады, які мы называем разграшэньнем, і праз нутраны, які завём уліцьцём у душу чалавека ўсьвячаючай ласкі г. зн. надпрыроднай любові Бога.
Каб пазнаць, ці грахі можна адпусьціць і ці чалавек варт разграшэньня, сьвятар мусіць ведаць грахі, а згэтуль выплывае патрэба споведзі.
24 Дыдымус — тое самае, што панашаму Блізьнюк.
27 Усёведаючы Хрыстус, прамаўляючы да Тамаша, ужывае такіх самых слоў, якіх ужываў Тамаш, выказваючы сваю няверу.
29 Хрыстус багаславіць тых, што ня бачылі Хрыста, а ўверылі, бо тыя, што ня бачылі Хрыста, а вераць, маюць большую заслугу перад Богам.