1 Дык тады Пілат узяў Езуса і ўбічаваў.
2 А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, узлажылі яму на галаву і апранулі яго ў чырвонае адзеньне.
3 І падыходзілі да яго і казалі: Будзь прывітаны, кароль жыдоўскі! І давалі яму па шчоках.
4 Дык Пілат ізноў выйшаў вонкі і сказаў ім: Вось я выводжу яго вам вонкі, каб вы пазналі, што я не знаходжу ў ім ніякае віны.
5 І выйшаў Езус, несучы цярновы вянок і чырвоную вопратку. І сказаў ім: Во чалавек!
6 Дык калі ўбачылі яго архісьвятары і слугі, крычалі, кажучы: Укрыжуй яго! Сказаў ім Пілат: Вазьмеце вы яго і ўкрыжуйце, бо я ў ім не знаходжу віны.
7 Адказалі яму жыды: Мы маем закон, а паводле закону ён павінен памерці, бо зрабіў сябе Сынам Божым.
8 Калі-ж Пілат пачуў гэтую мову, яшчэ болей збаяўся.
9 І ўвайшоў ізноў у прэторыю і сказаў да Езуса: Адкуль ты? Але Езус ня даў яму адказу.
10 Дык сказаў яму Пілат: Са мною не гаворыш? Ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць цябе і маю ўладу пусьціць цябе?
11 Адказаў Езус: Ня меў-бы ты нада мною ніякае ўлады, калі-б табе ня было дадзена згары. Дзеля гэтага той, хто мяне выдаў табе, мае большы грэх.
12 І ад таго часу стараўся Пілат пусьціць яго. Але жыды крычалі, кажучы: Калі гэтага пусьціш, ты ня друг цэзару, бо кожны, хто сябе робіць каралём, супраціўляецца цэзару.
13 А Пілат, пачуўшы гэтыя мовы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, якое завецца Літостротос, а па-жыдоўску Габбата.
14 Быў-жа дзень прыгатаваньня Пасхі, гадзіна як-бы шостая. І сказаў жыдом: Вось ваш кароль!
15 Але яны крычалі: Вазьмі, вазьмі, укрыжуй яго! Сказаў ім Пілат: Караля вашага ўкрыжую? Адказалі архісьвятары: Мы ня маем караля, апроч цэзара.
16 Дык тады выдаў ім яго, каб быў укрыжаваны. І ўзялі Езуса і вывелі.
17 А нясучы крыж для сябе, выйшаў на тое месца, якое завецца Трупнога Чэрапу, а па-жыдоўску Голгота,
18 дзе яго ўкрыжавалі; а з ім другіх двух з аднаго боку і з другога, а Езус пасярэдзіне.
19 Напісаў-жа Пілат і надпіс і памясьціў на крыжы. А было напісана: Езус Назарэнскі, кароль жыдоўскі.
20 Дык гэты надпіс чыталі многія з жыдоў, бо месца, дзе быў укрыжаваны Езус, было блізка гораду. Было-ж напісана па-жыдоўску, па-грэцку і па-лацінску.
21 Дык жыдоўскія архісьвятары казалі Пілату: Ня пішы: «Кароль жыдоўскі», але што ён казаў: «Я ёсьць кароль жыдоўскі».
22 Адказаў Пілат: што я напісаў, то напісаў.
23 А жаўнеры, укрыжаваўшы яго, узялі ягонае адзеньне і зрабілі чатыры часьці, і сукню. А сукня была нязшываная, ад верху ўся тканая.
24 Дык сказалі адзін да другога: Ня рэжма яе, але кіньма аб яе лёс, чыя будзе. Каб споўнілася пісаньне, якое кажа: «Падзялілі між сабою адзеньне маё, а аб сукню маю кінулі лёс» (Пс. 22:19). Дык жаўнеры гэтае і зрабілі.
25 Стаялі-ж каля крыжа Езусава матка ягона, і сястра маткі ягонай, Марыя Клеофава, і Марыя Магдалена.
26 Дык калі-ж убачыў Езус матку і вучня стаячага, каторага любіў, сказаў сваей матцы: Жанчына, вось сын твой.
27 Потым сказаў вучню: Вось матка твая. І ад тае часіны ўзяў яе вучань да сябе.
28 Пасьля Езус, ведаючы, што ўсё даканалася, каб даканалася Пісаньне, сказаў: Смагну.
29 Была-ж пастанаўленая пасудзіна, поўная воцту. І яны губку, поўную воцту, узьдзеўшы на трысьціну, падалі да ягоных вуснаў.
30 Дык калі Езус прыняў воцат, сказаў: Даканалася. І схіліўшы галаву, выдаў дух.
31 Дык жыды, затым што быў дзень Прыгатаваньня, каб не асталіся целы на крыжы ў суботу, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб паламаць ім галені і зьняць.
32 Дык прыйшлі жаўнеры, і першаму паламалі галені, і другому, што быў з ім укрыжаваны.
33 Але прыйшоўшы да Езуса, як убачылі яго ўжо памёршага, не ламалі яму галеняў,
34 але адзін з жаўнераў адчыніў ягоны бок пікаю, і зараз-жа выйшла кроў і вада.
35 А той, хто відзеў, даў пасьведчаньне, і праўдзівае ёсьць ягонае пасьведчаньне; і ён ведае, што праўду кажа, каб і вы верылі.
36 Бо гэтае сталася, каб споўнілася Пісаньне: «Касьці яго не паломіце» (Вых. 12:46).
37 І ізноў другое Пісаньне кажа: «Убачаць, каго прабілі» (Зах. 12:10).
38 Пасьля-ж гэтага прасіў Пілата Язэп з Арыматэі — таму што ён быў вучнем Езуса, але тайным дзеля страху перад жыдамі — каб зьняць цела Езуса. І Пілат пазволіў. Дык прыйшоў і зьняў цела Езуса.
39 Прыйшоў і Мікодым, які прыходзіў да Езуса перш уначы, нясучы мешаніну мірры і алоэсу каля ста фунтаў.
40 І ўзялі цела Езуса і абвязалі яго палотнамі разам з пахнідламі, так як ёсьць звычай у жыдоў хаваць.
41 А на месцы, дзе ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе новы гроб, у каторым яшчэ ніхто ня быў паложаны.
42 Дык там, дзеля Прыгатаваньня жыдоўскага, таму што гроб быў блізка, палажылі Езуса.