Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Яна 19 Паводле Яна 19 раздзел

1 Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў [Яго].
2 І жаўнеры, сплёўшы вянец з церняў, усклалі на галаву Яму, і ў пурпуровае адзенне апранулі Яго,
3 [і падыходзілі да Яго,] і казалі: «Прывітаны будзь, Цар Юдэйскі!», і білі Яго па твары.
4 Тым часам Пілат выйшаў зноў вонкі і кажа ім: «Вось жа, выводжу Яго да вас, каб вы самі пераканаліся, што я ў Ім не знаходжу ніякай віны».
5 Выйшаў затым Ісус у церневым вянцы і пурпуровым адзенні. І кажа ім Пілат: «Вось Чалавек!»
6 Дык калі Яго ўбачылі першасвятары і паслугачы, закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце вы Яго ды ўкрыжуйце, бо я ў Ім не знаходжу віны».
7 Адказалі яму юдэі: «Мы маем закон, а паводле закона павінен Ён памерці, бо Ён зрабіў Сябе Сынам Божым».
8 Калі Пілат пачуў гэтыя словы, тым болей спалохаўся,
9 і зноў увайшоў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Але Ісус яму не адказаў.
10 Кажа Яму тады Пілат: «Не гаворыш мне? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе ды маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»
11 Адказаў Ісус: «Не меў бы ты ніякай улады нада Мной, калі б табе не было дадзена зверху; таму той, хто Мяне выдаў, мае большы грэх».
12 Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго; але юдэі крычалі, кажучы: «Калі ты Яго выпусціш, дык ты — не сябар цэзара! Кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца цэзару».
13 Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, што завецца Літастратас, а па-гебрайску Габбата.
14 А быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, бліз гадзіны шостай. І кажа юдэям: «Вось Цар ваш».
15 А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Цара вашага ўкрыжаваць?» Першасвятары адказалі: «Не маем цара, толькі цэзара».
16 Дык тады Пілат выдаў ім Яго на ўкрыжаванне. І забралі яны Ісуса.
17 І, несучы крыж Свой, выйшаў на тое месца, што завецца Чараповае, а па-гебрайску — Гальгота,
18 дзе і ўкрыжавалі Яго, і з Ім двух іншых з аднаго боку і з другога, а пасярэдзіне Ісуса.
19 Пілат напісаў таксама надпіс і змясціў над крыжам. А было напісана: «Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі».
20 Многа юдэяў чытала гэты надпіс, бо месца ўкрыжавання было паблізу горада; і было напісана па-гебрайску, па-лацінску і па-грэцку.
21 Дык казалі першасвятары юдэйскія Пілату: «Не пішы: “Цар Юдэйскі”, але: “Ён Сам сказаў: “Я — Цар Юдэйскі”».
22 Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў».
23 Калі жаўнеры ўкрыжавалі Ісуса, узялі адзенне Яго і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па адной, і туніку. А туніка была не шытая, але ўся тканая зверху ўніз.
24 Дык сказалі яны адзін аднаму: «Не будзем раздзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй мае быць», каб споўнілася Пісанне, якое кажа: «Адзенне Маё падзялілі між сабою, а на вопратку Маю кінулі жэрабя». Так і зрабілі жаўнеры.
25 А каля крыжа Ісуса стаяла Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.
26 Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога любіў, побач стаяўшага, сказаў Маці Сваёй: «Жанчына, вось сын Твой!»
27 Затым кажа вучню: «Вось, Маці твая!» Ад гэтай пары ўзяў Яе вучань у сваю апеку.
28 Пасля таго Ісус, ведаючы, што ўсё зрабілася, каб збылося Пісанне, кажа: «Смагну».
29 А была там пастаўлена пасудзіна, напоўненая воцатам, дык жаўнеры, насадзіўшы на трысціну губку, якую напоўнілі воцатам, паднялі яе да вуснаў Яго.
30 Калі Ісус прыняў воцат, сказаў: «Споўнілася!»; і, схіліўшы галаву, аддаў Духа.
31 Дык юдэі, бо быў дзень прыгатавання, каб у суботу целы не заставаліся на крыжы, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб ім перабіць ногі і зняць іх.
32 Дзеля таго прыйшлі жаўнеры і перабілі ногі першаму і другому, якія былі абапал Яго ўкрыжаваны.
33 А калі падышлі да Ісуса, як убачылі, што Ён памёр, не ламалі Яму ног,
34 але адзін з жаўнераў дзідай прабіў бок Яго, і зараз выцекла кроў і вада.
35 І той, хто бачыў, сведчыць, ды праўдзівае яго сведчанне, і ведае ён, што праўду кажа, каб вы ўверылі.
36 Гэта сталася, каб споўнілася Пісанне: «Косць Яго не пераломіцца».
37 А ў іншым месцы кажа Пісанне: «Убачаць Таго, каго прабілі».
38 Пасля таго Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але скрытым дзеля страху перад юдэямі, прасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык прыйшоў ён і ўзяў цела Ісуса.
39 Прыйшоў таксама і Нікадэм, які раней прыходзіў уночы да Ісуса, несучы літр каля ста мешанкі міры і алоэ.
40 Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі яго пялёнамі з духмянасцямі па традыцыі хаваць у юдэяў.
41 А на месцы, дзе быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе была магіла, у якой ніхто яшчэ не быў пакладзены;
42 там дзеля дня прыгатавання юдэйскага паклалі цела Ісуса, бо магіла была блізка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Яна, 19 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Яна 19 раздзел, слухаць:
Яна 19 раздзел в переводах:
Яна 19 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Комментарии Джона Райла
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.