1 А ўпершы дзень тыдня, вельмі рана, прыйшлі яны да гробу, нясучы пахнучыя рэчы, якія былі прыгатовілі.
2 І знайшлі камень адвалены ад гробу.
3 І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса.
4 І сталася, калі яны былі ад гэтага стрывожаны ў душы, вось два чалавекі сталі каля іх у бліскучым адзеньні.
5 Калі-ж яны баяліся і пахілілі твар да зямлі, сказалі да іх: Што вы шукаеце жывучага паміж умерлымі?
6 Няма яго тут, але ускрос. Успомніце, як вам гаварыў, калі яшчэ быў у Галілеі,
7 кажучы: «Што трэба, каб Сын чалавечы быў выданы ў рукі людзей грэшных, і быў укрыжаваны, і на трэці дзень уваскрэснуў».
8 І ўспомнілі словы ягоны.
9 А вярнуўшыся ад гробу, паведамілі аб гэтым усім тых адзінаццацёх і ўсіх іншых.
10 Была-ж Марыя Магдалена, і Ёанна, і Марыя Якубава, і іншыя, што з імі былі, каторыя гаварылі аб гэтым апосталам.
11 І здаліся ім гэтыя словы, як выдумкі, і не паверылі ім.
12 Пётр-жа, устаўшы, пабег да гробу, і нахіліўшыся, угледзеў адны зложаныя палотны. І адыйшоў, дзівячыся ў сабе з таго, што сталася.
13 І вось двух з іх ішлі таго самага дня ў мястэчка, якое было ў адлегласьці шасьцідзесяці стадыяў ад Ерузаліму, на імя Эмаус.
14 І яны гаварылі паміж сабою аб усіх гэтых здарэньнях.
15 І сталася, калі яны гаварылі і давалі сабе пытаньні, і сам Езус, прыбліжыўшыся, ішоў з імі;
16 але вочы іх былі ўстрыманы, каб не пазналі яго.
17 І сказаў да іх: Што гэта за гутаркі, якія вы вядзецё паміж сабою ідучы, і чаму вы сумныя?
18 І адказваючы адзін, катораму на імя Клеофа, сказаў яму: Ты адзіны падарожны ў Ерузаліме і ня ведаеш, што ў ім у гэтыя дні сталася?
19 Ён сказаў ім: Што? А яны сказалі: Аб Езусе Назарэнскім, каторы быў прарокам магутным ў дзеле і слове перад Богам і ўсім народам;
20 і як яго выдалі архісьвятары і нашы старшыя на сьмяротную казьнь і ўкрыжавалі яго.
21 А мы спадзяваліся, што ён меў адкупіць Ізраіля. А цяпер, да ўсяго гэтага, сягоньня трэці дзень, як гэтае сталася.
22 Але і некаторыя жанчыны з нашых перапужалі нас, каторыя былі перад сьветам каля гробу,
23 і не знайшоўшы цела ягонага, прыйшлі, кажучы, што яны бачылі так-жа зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што ён жыве,
24 і пайшлі некаторыя з нашых да гробу, і знайшлі так, як казалі жанчыны, але самога не знайшлі.
25 А ён сказаў ім: О безразумныя і лянівыя сэрцам, каб уверыць ва ўсё, што сказалі прарокі!
26 Ці-ж ня трэба было Хрысту гэтага перацярпець і так увайсьці ў славу сваю?
27 І пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, даваў ім выясьненьні ва ўсіх Пісаньнях, якія аб ім былі.
28 І прыбліжыліся да мястэчка, да каторага ішлі, а ён рабіў выгляд, што далей ідзе.
29 І прымусілі яго, кажучы: Астанься з намі, бо вечарэе і ўжо дзень пахіліўшыся. І ўвайшоў з імі.
30 І сталася, калі ён сядзеў з імі за сталом, узўя хлеб, і багаславіў, і ламаў, і падаваў ім.
31 І адкрыліся вочы іх, і пазналі яго; але ён зьнік з вачэй іх.
32 І гаварылі паміж сабою: Ці-ж не гарэла нашае сэрца ў нас, калі гаварыў у дарозе і адкрываў нам Пісаньні?
33 І ўстаўшы ў тую-ж часіну, вярнуліся ў Ерузалім, і знайшлі сабраўшыхся адзінаццацёх і тых, што былі з імі,
34 кажучых: Што сапраўды Пан ускрос і зьявіўся Сымону.
35 А яны расказвалі, што дзеялася ў дарозе, і як пазналі яго ў ламаньні хлеба.
36 Калі-ж яны гэтае гаварылі, стаў Езус пасярод іх і сказаў ім: Супакой вам! Гэта я, ня бойцеся!
37 А яны, стрывожаныя і перапалоханыя, думалі, што бачаць духа.
38 І сказаў ім: Чаго вы стрывожыліся і чаго думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
39 Глядзеце на рукі мае і ногі, што гэта я сам; датыкайцеся і паглядзеце, бо дух ня мае цела і касьцей, як бачыце, што я маю.
40 І сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.
41 Калі-ж яны яшчэ ня верылі і дзівіліся ад радасьці, сказаў: Маеце тут што есьці?
42 А яны падалі яму часьць печанай рыбы і пластар мёду.
43 І калі зьеў перад імі, узяўшы астаткі, аддаў ім.
44 І сказаў да іх: гэта ёсьць словы, каторыя я да вас гаварыў, калі яшчэ быў з вамі: што трэба каб выпаўнілася ўсё, што напісана аба мне ў законе Майсея і Прарокаў і ў Псальмах.
45 Тады адкрыў ім змысл, каб разумелі Пісаньні.
46 І сказаў ім: што так напісана і так трэба было, каб Хрыстус цярпеў і на трэці дзень устаў з умерлых,
47 і каб была апавяшчаная ў імя яго пакута і адпушчэньне грахоў па ўсіх народах, пачынаючы ад Ерузаліму.
48 Вы-ж сьведкі гэтага.
49 А я пасылаю на вас Абяцаньне Айца майго; вы-ж сядзеце ў горадзе, пакуль ня будзеце адзеты сілаю з вышыні.
50 І вывеў іх з гораду ў Бэтанію, і падняўшы рукі свае, багаславіў іх.
51 І сталася, калі багаславіў іх, адыйшоў ад іх і ўзнасіўся ў неба.
52 Яны-ж, пакланіўшыся, вярнуліся ў Ерузалім з вялікай радасьцяй.
53 І былі заўсёды ў сьвятыні, хвалячы і багаславячы Бога. Амэн.