1 «Увесь сьвет» — гэта «сьвет рымскі», рымская дзяржава.
4 Бэтлеем (сягоньня Бэйт-Лагм) ляжыць 8 клм. на поўдзень ад Ерузаліму. З Назарэту ў Бэтлеем было каля 140 клм. дарогі.
7 Не знайшоўшы для сябе месца ў бэтлеемскім заезьдзе, дзеля вялікага зборышча людзей, Н. Дзева Марыя з сьв. Язэпам выйшлі за горад і памясьціліся ў аднэй з пячэраў. У такіх пячэрах жылі бяднейшыя людзі, туды-ж заганялі пастухі быдла. У ваднэй з такіх пячэраў знайшлі сабе прыпынішча Н. Дзева і сьв. Язэп. Над гэнай пячэрай цяпер збудована базыліка.
Паводле навукі Касьцёла Н. Дзева Марыя радзіла свайго сына без нарушэньня свайго дзявоцтва, астаючыся заўсёды Дзевай. (Гл. Мт. 1:25).
8 У Палестыне авечкі нанач заганяюць у загараду, зробленую з каменьня ў полі пад чыстым небам. Пастухі па чарзе вартуюць каля сваіх стадаў.
13 Войска нябеснае — гэта анёлы, нябесныя духі.
21 Хрыстус хацеў паддацца праву абразаньня, каб даць довад свайго праўдзівага чалавецтва, каб даць нам прыклад послуху для права, каб сьцьвердзіць, што ён належыць да патомства Абрагама і гэтым самым мець доступ да жыдоўскага народу, да каторага прадусім быў пасланы.
22 Первародны сын кожнай маткі, паводле Старога закону (Быц. 13:2-15; 22:29) павінен быў пасьвяціцца на службу Божую і быць сьвятарам, калі-ж аднак потым да адпраўляньня службы Божай было вызначана адно пакаленьне Леві, первародных сыноў звальнялі ад гэтага абавязку, а толькі трэба было даць за іх выкуп — ахвяру з 5 сыкляў серабра. Ахвяроўваньне первародных сыноў адбывалася ў сьвятыні на дварышчы, празначаным для жанчын.
Хоць пастановы Закону адносна ахвяроўваньня первародных сыноў і ачышчэньня матак пасьля радзін не абавязывалі ані Е. Хрыста, як правадаўцы, ані Н. Дзевы Марыі, якая заўсёды асталася чыстаю, то аднак і Хрыстус і Марыя спаўняюць гэты старазаконны загад, каб даць нам прыклад послуху перад правам.
34 Езус «ёсьць паложаны» на ўпадак г. зн. на асуджэньне тых, каторыя ня вераць у яго, а на паўстаньне духовае (збаўленьне) тых, каторыя пойдуць за ім.
39 На гэты раз сьв. Сям'я ў Назарэце ня была доўга, бо сьв. Язэп зараз перанёсься ў Бэтлеем, тут наняў сабе дамок і жыў з працы рук каля аднаго году. У гэтым часе сюды прыбылі мудрацы з ўсходу, каб аддаць паклон Е. Хрысту і згэтуль скора наступілі ўцекі ў Эгіпет (гл. Мт. 2:11).
42 Калі хлапец у жыдоўскім народзе дахадзіў да 12 гадоў, ён станавіўся «сынам Закону», г. зн. падлягаў пастановам Закону.
44 Багамольнікі, варочаючыся да хаты, ішлі звычайна грамадкамі і групамі, мужчыны аддзельна, жанчыны аддзельна, дык Н. Дз. Марыя і сьв. Язэп думалі, што Езус ідзе разам з адною з такіх групаў. Аднак, калі вечарам затрымаліся на начлег, спасьцераглі, што Езуса няма пры ніводнай групе і вярнуліся назад у Ерузалім.
46 У сьвятыні кніжнікі (рабіны) вучылі народ і сваіх вучняў. Там быў і Езус.
52 Мала вестак пераказалі нам эванэліі аб жыцьці Езуса ў Назарэце ад 12-ці ягоных гадоў аж да 30-ці, г. зн. аж да ягонага выступленьня на публічнае навучаньне. Можна дапусьціць, што сьв. Язэп памёр перад выступленьнем Езуса на публічнае навучаньне і што Езус працаваў як рамесьнік.