1 І ўзяўшы ўсё мноства іх, павялі яго да Пілата.
2 І пачалі вінаваціць яго, кажучы: Мы яго знайшлі, што ён бунтуе наш народ, і забараняе даваць падаткі цэзару, і кажа, што ён ёсьць Хрыстус кароль.
3 Пілат-жа спытаўся ў яго, кажучы. Ты кароль Юдэйскі? А ён адказваючы сказаў: Ты кажаш.
4 І сказаў Пілат да архісьвятараў і грамадаў: я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку.
5 Але яны намагалі, кажучы: Ён узбурвае народ, вучачы па ўсей Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж сюды.
6 Пілат-жа, пачуўшы аб Галілеі, спытаўся, ці ён чалавек галілейскі.
7 А калі даведаўся, што ён з-пад улады Гэрада, адаслаў яго да Гэрада, каторы так-жа быў у Ерузаліме ў гэныя дні.
8 А Гэрад, убачыўшы Езуса, вельмі ўзрадаваўся. Бо ад доўгага часу хацеў бачыць яго, затым што многа чуў аб ім, і спадзяваўся, што пабачыць нейкі знак, учынены ім.
9 І пытаўся ў яго многімі славамі, але ён нічога яму не адказваў.
10 А архісьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы яго.
11 І ўзгардзіў ім Гэрад з войскам сваім, і высьмеяў, адзеўшы ў белую вопратку, і адаслаў да Пілата.
12 І сталіся прыяцелямі Гэрад і Пілат у той дзень, бо перад тым былі для сябе непрыяцелямі.
13 Пілат-жа склікаўшы вышэйшых духоўных і ўлады і народ,
14 сказаў да іх: Вы прывялі мне гэтага чалавека, быццам зводзячага народ, і вось я, перад вамі пытаючыся, не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны з тых, у каторых вы яго вінаваціце.
15 Але і Гэрад не, бо я адаслаў вас да яго; і вось нічога годнага сьмерці не даказана яму.
16 Дык я, пакараўшы яго, пушчу.
17 А трэба было яму пусьціць ім на сьвяточны дзень аднаго.
18 І закрычала разам уся грамада, кажучы: Вазьмі гэтага, а пусьці нам Бараббу,
19 каторы быў пасаджаны ў вастрог за нейкі бунт, дакананы ў горадзе і за забойства.
20 І ізноў Пілат гаварыў да іх, хочучы звольніць Езуса.
21 Але яны крычалі, кажучы: Укрыжуй, укрыжуй яго!
22 Ён-жа трэці раз сказаў ім: Што-ж благога ён зрабіў? Ніякай прычыны сьмерці я ў ім не знайшоў, дык пакараю яго і звольню.
23 Але яны наставалі моцнымі галасамі, дамагаючыся, каб быў укрыжаваны; і набіралі сілы іхныя галасы.
24 І Пілат прысудзіў, каб сталася іхнае жаданьне.
25 І пусьціў ім таго, каторы за забойства і бунт быў пасаджаны ў вастрог, каторага яны прасілі; а Езуса выдаў на іх волю.
26 Калі-ж вялі яго, узялі нейкага Сымона Кірэнэйца, каторы ішоў з вёскі, і ўзлажылі на яго крыж, каб нёс за Езусам.
27 І шла за ім вялікая грамада народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па ім.
28 А Езус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: Дочкі ерузалімскія, ня плачце нада мною, але самі над сабою плачце і над сынамі вашымі.
29 Бо вось прыйдуць дні, у каторых будуць казаць: «Шчасьлівыя бясплодныя, і лоны, якія не радзілі, і грудзі, якія не саілі».
30 Тады пачнуць гаварыць да гораў: «Упадзеце на нас», і да ўзгоркаў: «Прыкрыйце нас».
31 Бо калі-ж з зялёным дзеравам гэтае робяць, то што будзе з сухім?
32 І вялі з ім так-жа двух іншых злачынцаў, каб ім зрабіць сьмерць.
33 І калі прыйшлі на месца, званае Трупнога Чэрапу, там укрыжавалі яго, і разбойнікаў, аднаго па правай старане, а другога па левай.
34 А Езус казаў: Ойча, адпусьці ім, бо ня ведаюць, што робяць. А дзелячыся ягоным адзеньнем, кінулі лёс.
35 І стаяў народ угледаючыся. І з імі насьмяхаліся з яго старшыя, кажучы: Другіх ратаваў, няхай-жа сябе паратуе, калі ён Хрыстус Божы, выбраны.
36 Зьдзекаваліся-ж з яго і жаўнеры, падыходзячы і падаючы яму воцат,
37 і кажучы: Калі ты кароль жыдоўскі, ратуй самога сябе.
38 Быў-жа над ім і надпіс, напісаны літарамі грэцкімі, лацінскімі і гэбрайскімі: «Гэта ёсьць кароь жыдоўскі».
39 Адзін-жа з тых разбойнікаў, што віселі, блюзьніў проціў яго, кажучы: Калі ты Хрысус, паратуй самога сябе і нас.
40 А адказваючы другі сварыўся на яго, кажучы: Ты і Бога не баісься, хоць знаходзісься ў тэй самай казьні.
41 Мы-то справядліва, бо атрымоўваем належнае за ўчынкі, але гэты нічога благога не зрабіў.
42 І казаў да Езуса: Пане, помні аба мне, калі прыйдзеш у каралеўства сваё.
43 І сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, сяньня будзеш са мною ў раі.
44 Была-ж блізу гадзіна шостая, і сталася цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай.
45 І зацьмілася сонца, і заслона сьвятыні разьдзёрлася папалам.
46 І закрычаўшы вялікім голасам, Езус сказаў: Ойча, у рукі твае аддаю духа майго. І гэта сказаўшы, сканаў.
47 А сотнік, відзячы, што дзеялася, славіў Бога, кажучы: Сапраўды гэты чалавек быў справядлівы.
48 І ўся грамада тых, што былі разам на гэтым відовішчы і бачылі, што дзеялася, варочаліся, б’ючыся ў грудзі свае.
49 Стаялі-ж здалёку ўсе знаёмыя яго, і жанчыны, якія былі прыйшоўшы за ім з Галілеі, угледаючыся на гэтае.
50 І вось чалавек, на імя Язэп, каторы быў радным, чалавек добры і справядлівы,
51 з юдэйскага гораду Арыматэі; ён быў не згадзіўшыся з Радай і ўчынкамі іх, і ён сам чакаў каралеўства Божага;
52 ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса.
53 І зьняўшы, увярнуў у палатно і палажыў яго ў высечаным гробе, у каторым яшчэ ніхто ня быў паложаны.
54 А быў дзень прыгатаўленьня і надыходзіла субота.
55 А падыйшоўшы жанчыны, каторыя прыйшлі з ім з Галілеі, бачылі гроб і як было паложана ягонае цела.
56 І вярнуўшыся, прыгатовілі пахнучыя рэчы і алейкі. А ў суботу-ж супачывалі паводле прыказаньня.
Зноскі:
2 Тры закіды паставілі жыды Хрыстусу: бунтуе народ, забараняе даваць падаткі цэзару і чыніцца каралём жыдоўскім.
7 Езус жыў у Назарэце і дзеля гэтага быў падданым Гэрада. Пілат, пазнаўшы, што жыды прывялі да яго Езуса з нейкай злосьці ці завіднасьці, хоча пазбыцца гэтай прыкрай справы і адсылае да Гэрада Антыпы, які быў прыехаўшы на Пасху ў Ерузалім.
17 Гл. Мт. 27:15 і наст.
21 Гэтага дня мелі ўкрыжаваць двух праступнікаў, дык натоўп крычыць, каб і Езуса ўкрыжаваць.
28 Езус кажа жанчынам ерузалімскім плакаць над сынамі сваімі, бо іх спаткае горкая доля пры збурыньні Ерузаліму.
29 Падчас аблогі Ерузаліму рымлянамі быў такі голад у гэтым горадзе, што маткі елі сваіх дзяцей.
31 Зялёнае дзерава ў сьв. Пісаньні азначае справядлівага, дык словы Хрыстуса трэба разумець так: калі я нявінны гэтак цярплю, то што будзе з грэшным чалавекам?
33 Гл. Мт. 27:33 і наст.
45 Гл. Мт. 27:45 і 51.
47 Гл. Мт. 27:54.
54 Было гэта ў пятніцу каля 5 гадзіны вечарам.
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 23 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.