Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лукі 23 Лукі 23 раздзел

1 І, падняўшыся, усё мноства іх павяло Яго да Пілата.
2 І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Гэтага знайшлі мы, што Ён псуе народ і забараняе плаціць падаткі цэзару, называючы Сябе Хрыстом Валадаром».
3 А Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ён жа, адказваючы яму, прамовіў: «Ты кажаш».
4 А Пілат сказаў першасьвятарам і натоўпам: «Я не знаходжу аніякае віны ў гэтым Чалавеку».
5 А яны настойвалі, кажучы, што Ён падбухторвае народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль.
6 Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: «Ці ж гэты Чалавек — Галілеец?»
7 І, даведаўшыся, што Ён з-пад улады Ірада, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў у Ерусаліме.
8 А Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, які Ён учыніць.
9 І пытаўся ў Яго шматлікімі словамі, а Ён нічога не адказваў яму.
10 А першасьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы Яго.
11 Ірад жа з жаўнерамі сваімі, пагардзіўшы Ім і пазьдзекваўшыся з Яго, апрануў Яго ў сьветлае адзеньне і паслаў Яго да Пілата.
12 І сталіся ў той дзень Пілат і Ірад сябрамі, бо раней мелі варожасьць між сабою.
13 Пілат жа, склікаўшы першасьвятароў, і начальнікаў, і народ,
14 сказаў ім: «Вы прывялі да мяне Чалавека гэтага, як таго, хто адварочвае [ад уладаў] народ. І вось я, пры вас дапытаўшы, не знайшоў у Чалавеку гэтым аніякай віны, у якой вы Яго абвінавачваеце.
15 І таксама Ірад [нічога не занйшоў], бо я пасылаў вас да яго. І вось, нічога ня знойдзена ў Ім, вартага сьмерці.
16 Таму, пакараўшы Яго, я вызвалю [Яго]».
17 А яму трэба было на сьвята вызваліць ім аднаго [вязьня].
18 А ўсё мноства закрычала, кажучы: «Вазьмі Яго! А нам вызвалі Бараббу!»
19 А той быў кінуты ў вязьніцу за паўстаньне, якое ён учыніў у горадзе, і забойства.
20 Тады Пілат ізноў прамовіў, хочучы вызваліць Ісуса.
21 А яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»
22 Ён жа трэці раз сказаў ім: «Якое зло Ён учыніў? Аніякай сьмяротнай віны я не знайшоў у Ім; дык пакараўшы Яго, вызвалю».
23 Яны ж дамагаліся моцным голасам, просячы, каб Яго ўкрыжавалі. І перамаглі галасы іхнія і першасьвятароў.
24 І Пілат прысудзіў, каб сталася паводле просьбы іхняй:
25 вызваліў ім таго, хто за паўстаньне і забойства быў кінуты ў вязьніцу, якога яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.
26 І калі вялі Яго, узяўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
27 А за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчынаў, якія плакалі і галасілі па Ім.
28 Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі Ерусалімскія! Ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых,
29 бо вось прыходзяць дні, калі скажуць: “Шчасьлівыя няплодныя, і чэравы, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі”.
30 Тады пачнуць гаварыць гарам: “Упадзіце на нас!”, і ўзгоркам: “Прыкрыйце нас!”
31 Бо калі з зялёным дрэвам гэтае робяць, дык з сухім што станецца?»
32 Вялі ж з Ім на сьмерць і двух іншых злачынцаў.
33 І калі прыйшлі на месца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, а другога — з левага боку.
34 Ісус жа сказаў: «Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць». А тыя, што дзялілі шаты Ягоныя, кінулі жэрабя.
35 І стаяў народ, гледзячы. А разам з імі насьміхаліся і начальнікі, кажучы: «Другіх збаўляў, няхай жа Сябе Самога збавіць, калі Ён — Хрыстос, Выбранец Божы».
36 Зьдзекваліся з Яго і жаўнеры, падыходзячы, і прыносячы Яму воцат,
37 і кажучы: «Калі Ты — Валадар Юдэйскі, збаў Сябе Самога».
38 І быў над Ім надпіс, напісаны пісаньнямі грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі: «Гэта — Валадар Юдэйскі».
39 Адзін з павешаных злачынцаў блюзьніў на Яго, кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, збаў Сябе і нас».
40 Адказваючы, другі забараняў яму, кажучы: «Ці ж ты не баішся Бога, бо і сам маеш такі самы прысуд?
41 І мы сапраўды [асуджаны] справядліва, бо атрымалі вартае таго, што мы зрабілі, а Ён нічога благога не зрабіў».
42 І сказаў Ісусу: «Узгадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!»
43 І сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: сёньня будзеш са Мною ў раі».
44 А было каля шостае гадзіны, і сталася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае,
45 і зацьмілася сонца, і заслона ў бажніцы была разьдзёртая пасярэдзіне.
46 І ўсклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: «Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой». І, сказаўшы гэтае, аддаў духа.
47 Сотнік жа, убачыўшы ўсё, што сталася, праславіў Бога, кажучы: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў праведнік».
48 І ўвесь натоўп, які зграмадзіўся на гэта відовішча, бачачы, што здарылася, варочаўся, б’ючы сябе ў грудзі.
49 А ўсе знаёмыя з Ім і жанчыны, якія ішлі за Ім з Галілеі, стаялі здалёк, гледзячы на гэта.
50 І вось чалавек на імя Язэп, які быў ратманам, чалавек добры і праведны,
51 які не згаджаўся з радай і ўчынкам іхнім, з Арыматэі, гораду Юдэйскага, які таксама чакаў Валадарства Божага,
52 прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса,
53 і, зьняўшы Яго [з крыжа], абкруціў палатнінаю і палажыў Яго ў магіле, якая была высечаная ў скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пахованы.
54 Дзень быў днём прыгатаваньня, і надыходзіла субота.
55 І жанчыны, што былі прыйшоўшы з Ім з Галілеі, пайшлі глядзець магілу і як было пакладзена цела Ягонае.
56 А вярнуўшыся, падрыхтавалі духмянасьці і міра. І ў суботу супачывалі паводле прыказаньня.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Лукі, 23 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукі 23 раздзел в переводах:
Лукі 23 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.