1 І сталася пасьля, праходзіў Ён праз гарады і мястэчкі, абвяшчаючы і дабравесьцячы Валадарства Божае, і з Ім Дванаццаць,
2 і некаторыя жанчыны, якія былі аздароўленыя ад злых духаў і нядужасьцяў: Марыя, называная Магдалена, з якое выйшлі сем дэманаў,
3 і Ёанна, жонка Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія іншыя, якія служылі Яму з маёмасьці сваёй.
4 А калі сабралася мноства народу, і з гарадоў зыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыповесьць:
5 «Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і, калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;
6 а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;
7 а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна, і заглушыла яго;
8 а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны». Сказаўшы гэтае, Ён усклікнуў: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
9 А вучні Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: «Што значыць прыповесьць гэтая?»
10 Ён жа сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а для рэшты яны ў прыповесьцях, так што яны, бачачы, ня бачаць і, чуючы, не разумеюць.
11 Вось жа прыповесьць гэтая: насеньне ёсьць слова Божае.
12 А што пры дарозе — гэта тыя, якія слухаюць, а пасьля прыходзіць д’ябал, і забірае слова з сэрца іхняга, каб не паверылі і не былі збаўленыя.
13 А што на камяні — гэта тыя, якія, калі пачуюць, з радасьцю прыймаюць слова, ды ня маюць кораня і часова вераць, а ў час спакусы адпадаюць.
14 А што ўпала ў цярніну — гэта тыя, якія слухаюць, але, адыходзячы, заглушаюцца клопатамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі, і не даюць плоду.
15 А што ўпала на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы, і даюць плод у цярплівасьці.
16 Ніхто, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, або ня ставіць пад ложак, але ставіць на сьвечнік, каб тыя, якія ўваходзяць, бачылі сьвятло.
17 Бо няма нічога таемнага, што б ня выявілася, ані схаванага, што ня сталася б вядомым і ня выйшла на сьвятло.
18 Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго будзе забрана і тое, што ён думае мець».
19 І прыйшлі да Яго маці і браты Ягоныя, і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны натоўпу.
20 І паведамілі Яму, кажучы: «Маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, хочучы бачыць Цябе».
21 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, якія слухаюць слова Божае і выконваюць яго».
22 І сталася аднаго дня, Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: «Пераплывем на той бок возера». І паплылі.
23 Калі ж яны плылі, Ён заснуў. І падняўся на возеры бурны вецер, і іх залівала хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.
24 І, падыйшоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Настаўнік! Настаўнік! Мы гінем». А Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і яны спыніліся, і сталася ціша.
25 Ён жа сказаў ім: «Дзе вера вашая?» А яны, спалохаўшыся, у зьдзіўленьні гаварылі адзін аднаму: «Хто Ён ёсьць, што вятрам загадвае і вадзе, і яны падпарадкоўваюцца Яму?»
26 І прыплылі ў краіну Гадарэнскую, якая насупраць Галілеі.
27 Калі ж выйшаў Ён на бераг, пераняў Яго нейкі чалавек з гораду, які меў дэманаў з даўніх часоў, і не апранаў адзеньня, і жыў ня ў доме, але ў магілах.
28 Ён, убачыўшы Ісуса, упаў перад Ім, закрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня мучай мяне».
29 Бо Ён загадаў духу нячыстаму выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і дэман гнаў яго ў пустыні.
30 А Ісус спытаўся ў яго, кажучы: «Якое тваё імя?» Ён жа сказаў: «Легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго.
31 І прасілі Яго, каб не казаў ім ісьці ў бездань.
32 А там на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў; і прасілі Яго [дэманы], каб дазволіў ім увайсьці ў іх, і Ён дазволіў ім.
33 Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньняў, і рынуўся гурт са стромы ў возера, і згінуў.
34 А тыя, якія пасьвілі іх, убачыўшы, што сталася, уцяклі і, пайшоўшы, паведамілі ў горадзе і вёсках.
35 І выйшлі ўбачыць, што сталася; і прыйшлі да Ісуса, і знайшлі чалавека, з якога выйшлі дэманы, што сядзіць каля ног Ісуса, апрануты і пры розуме; і спалохаліся.
36 А тыя, якія бачылі, распавялі ім, як збаўлены быў апанаваны дэманамі.
37 І прасіла Яго ўсё мноства ваколіцы Гадарэнскае пайсьці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Ён жа, увайшоўшы ў човен, вярнуўся.
38 А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім, але Ісус адпусьціў яго, кажучы:
39 «Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што ўчыніў яму Ісус.
40 І сталася, калі Ісус вярнуўся, натоўп прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, а быў ён начальнік сынагогі; і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны,
42 бо ў яго была адзінародная дачка, гадоў дванаццаці, і яна памірала. А калі Ён ішоў, натоўпы ціснуліся да Яго.
43 І жанчына, якая мела крывацечу дванаццаць гадоў і аддала на лекараў усё ўтрыманьне сваё, і ніводзін ня здолеў вылечыць яе,
44 падыйшоўшы ззаду, дакранулася да крыса шаты Ягонай; і адразу спынілася ў яе крывацеча.
45 І сказаў Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А як усе адмаўляліся, сказаў Пётар і тыя, што з Ім былі: «Настаўнік! Натоўпы акружаюць Цябе і ціснуць, і Ты кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»
46 Але Ісус сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, якая выйшла з Мяне».
47 А жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, дрыжучы, падыйшла і, упаўшы перад Ім, расказала Яму перад усім народам, з якое прычыны яна дакранулася да Яго, і як адразу была аздароўлена.
48 Ён жа сказаў ёй: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».
49 Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць нехта ад начальніка сынагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла; не турбуй Настаўніка».
50 А Ісус, пачуўшы, адказаў яму, кажучы: «Ня бойся, толькі вер, і будзе збаўлена».
51 Прыйшоўшы ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Яна і Якуба, і бацькі дзяўчынкі, і маці.
52 А ўсе плакалі і галасілі па ёй. Ён жа сказаў: «Ня плачце; яна не памерла, але сьпіць».
53 І сьмяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
54 Ён жа, выслаўшы ўсіх вонкі і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»
55 І вярнуўся дух ейны, і яна адразу ўстала, і Ён загадаў даць ёй есьці.
56 І зьдзівіліся бацькі ейныя, а Ён загадаў ім не гаварыць нікому пра тое, што сталася.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Лукі, 8 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукі 8 раздзел в переводах:
Лукі 8 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.