Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лукі 16 Лукі 16 раздзел

1 Сказаў жа і да вучняў Сваіх: «Адзін чалавек быў багаты і меў аканома, і данясьлі яму на яго, што ён марнуе маёмасьць ягоную.
2 І, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Дай справаздачу з гаспадараваньня твайго, бо ты ня можаш больш гаспадараваць”.
3 Сказаў сам у сабе аканом: “Што мне рабіць, бо пан мой забірае ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня здолею, жабраваць саромеюся.
4 Ведаю, што зраблю, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адстаўлены буду ад гаспадараваньня”.
5 І, паклікаўшы даўжнікоў пана свайго кожнага паасобку, сказаў першаму: “Колькі ты вінен пану майму?”
6 Той сказаў: “Сто мер алею”. І сказаў яму: “Вазьмі напісанае табою і, сеўшы, хутчэй напішы пяцьдзясят”.
7 Пасьля другому сказаў: “А ты колькі вінен?” Той сказаў: “Сто мер пшаніцы”. І гаворыць яму: “Вазьмі напісанае табою і напішы: восемдзясят”.
8 І пахваліў пан аканома няправеднага, што мудра ўчыніў; бо сыны веку гэтага мудрэйшыя за сыноў сьвятла ў пакаленьні сваім.
9 І Я кажу вам: здабывайце сабе сяброў мамонай няправеднай, каб яны, як зьбяднееце, прынялі вас у вечныя намёты.
10 Верны ў малым, і ў многім верны, і няправедны ў малым, і ў многім няправедны.
11 Дык вось, калі вы ў няправеднай мамоне не былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?
12 І калі вы ў чужым не былі верныя, хто дасьць вам вашае?
13 Ніякі слуга ня можа служыць двум панам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне».
14 Чулі ўсё гэтае і фарысэі, якія былі срэбралюбцамі, і насьміхаліся з Яго.
15 І Ён сказаў ім: «Вы апраўдваеце сябе перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што вельмі высока ў людзей, тое агіда перад Богам.
16 Закон і Прарокі да Яна; адгэтуль жа Валадарства Божае дабравесьціцца, і кожны сілаю здабывае яго.
17 Але хутчэй неба і зямля прамінуць, чым адна рыска з Закону загіне.
18 Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, чужаложыць, і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чужаложыць.
19 Адзін чалавек быў багаты, і апранаўся ў пурпур і вісон, і кожны дзень гучна весяліўся.
20 А нейкі ўбогі, на імя Лазар, ляжаў ля брамы ягонай увесь у скулах,
21 і жадаў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі, прыходзячы, лізалі скулы ягоныя.
22 І сталася, убогі памёр і аднесены быў анёламі на ўлоньне Абрагама; памёр і багацей, і быў пахаваны.
23 І ў пекле, пакутуючы, ён, падняўшы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,
24 і, загаласіўшы, сказаў: “Ойча Абрагаме! Зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым”.
25 Але Абрагам сказаў: “Сыне! Узгадай, што ў жыцьці тваім меў ты добрае, а Лазар — ліхоту; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты мучышся.
26 І да таго паміж намі і вамі вялікая прорва разьмешчана, так што тыя, хто хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, і адтуль да нас не пераходзяць”.
27 Сказаў жа ён: “Тады прашу цябе, ойча, каб ты паслаў яго ў дом бацькі майго,
28 бо ў мяне пяць братоў; няхай ён засьведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакутаў”.
29 Кажа яму Абрагам: “Маюць Майсея і прарокаў, няхай іх слухаюць”.
30 Ён жа сказаў: “Не, ойча Абрагаме! Але калі хто з памёршых прыйдзе да іх, навернуцца”.
31 Сказаў жа яму [Абрагам]: “Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, нават калі хто і з памёршых уваскрэсьне, не павераць”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Лукі, 16 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Лукі 16 раздзел в переводах:
Лукі 16 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.