1 Калі ж Ён скончыў [гаварыць] усе словы Свае ў вушы народу, увайшоў у Капэрнаум.
2 У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьмерці.
3 Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу ягонага.
4 І яны, прыйшоўшы да Ісуса, дужа прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэтае,
5 бо ён любіць народ наш і пабудаваў нам сынагогу».
6 Ісус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: “Не турбуйся, Госпадзе! Бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой,
7 бо і сябе самога я не палічыў вартым прыйсьці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
8 Бо і я чалавек, які маю над сабою ўладу, і маю пад сабою жаўнераў; і кажу аднаму: “Пайдзі”, — і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, — і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, — і ён робіць».
9 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, павярнуўшыся, сказаў натоўпу, які ішоў за Ім: «Кажу вам, што нават у Ізраілю не знайшоў Я гэткае веры».
10 І вярнуўшыся ў дом, пасланыя знайшлі хворага слугу паздаравеўшым.
11 І сталася пасьля гэтага, пайшоў Ён у горад, называны Наін; і з Ім ішлі многія з вучняў Ягоных і шматлікі натоўп.
12 Калі ж Ён наблізіўся да брамы гораду, вось, выносілі памёршага, адзінароднага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і вялікі натоўп з гораду ішоў з ёю.
13 І, убачыўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: «Ня плач».
14 І, падыйшоўшы, дакрануўся да пахавальных насілак; а тыя, што несьлі іх, затрымаліся, і Ён сказаў: «Юнача, табе кажу: "Устань!"»
15 І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і Ён аддаў яго маці ягонай.
16 І ўсіх ахапіў страх, і яны славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў між намі», і: «Бог адведаў народ Свой».
17 І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.
18 І паведамілі Яну вучні ягоныя пра ўсё гэтае.
19 І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?»
20 А мужы [гэтыя], прыйшоўшы да Яго, сказалі: «Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?”»
21 У гэтую гадзіну Ён многіх аздаравіў ад хваробаў і немачаў, і ад злых духаў, і многім сьляпым вярнуў зрок.
22 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Пайдзіце, паведаміце Яну, што вы бачылі і чулі, што сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім дабравесьціцца.
23 І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне».
24 Калі ж пасланцы Яна пайшлі, Ён пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?
25 Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў пышным адзеньні і жывуць раскошна, знаходзяцца пры дварох валадарскіх.
26 Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
27 Ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.
28 Бо кажу вам: "Сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Яна Хрысьціцеля; але меншы ў Валадарстве Божым большы за яго".
29 І ўвесь народ, які слухаў яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцячыся хрышчэньнем Янавым;
30 а фарысэі і законьнікі адкінулі параду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў яго».
31 Госпад жа сказаў: «З кім параўнаю людзей пакаленьня гэтага? І да каго яны падобныя?
32 Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы, і клічуць адзін аднаго, і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.
33 Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ані хлеба ня есьць, ані віна ня п’е, і вы кажаце: “Дэмана мае”.
34 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і вы кажаце: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”.
35 І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе».
36 Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці разам з ім, і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
37 І вось жанчына з таго гораду, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён узьлягае ў доме фарысэя, прынесла алябастравы збанок міра,
38 і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі, і выцірала валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Ягоныя, і мазала мірам.
39 Бачачы гэтае, фарысэй, які быў запрасіў Яго, сказаў сам у сабе: «Калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна — грэшніца».
40 І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Сымоне, Я маю нешта сказаць табе». Ён жа кажа: «Кажы, Настаўнік».
41 [Ісус сказаў]: «У аднаго пазычальніка былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.
42 А як яны ня мелі, чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы, каторы з іх больш узьлюбіць яго?»
43 Адказваючы, Сымон сказаў: «Думаю, што той, якому больш дараваў». Ён жа сказаў яму: «Слушна ты пастанавіў».
44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла ногі Мае і валасамі галавы сваёй выцерла.
45 Ты пацалунку Мне ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае цалаваць ногі Мае.
46 Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам памазала ногі Мае.
47 Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца многія грахі яе за тое, што яна шмат узьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць».
48 А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі».
49 І тыя, што ўзьлягалі з Ім, пачалі гаварыць у сабе: «Хто Ён ёсьць, што і грахі адпускае?»
50 А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Лукі, 7 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Лукі 7 раздзел в переводах:
Лукі 7 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.