1 Калі ж скончыў (Ён) усе Словы Свае ў вушы народу, (Ён) увайшоў у Капэрнавум.
2 У аднаго ж сотніка раб, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці.
3 Пачуўшы ж пра Ісуса, (ён) паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў просячы Яго, каб прыйшоўшы аздаравіў раба ягонага.
4 Яны ж прыйшоўшы да Ісуса прасілі Яго вельмі, кажучы: ён варты, каб яму гэта было зроблена,
5 бо (ён) любіць народ наш і ён збудаваў нам сынагогу.
6 Дык Ісус пайшоў зь імі. І ўжо Ён знаходзіўся нідалёка ад дому. Сотнік паслаў да Яго сяброў, кажучы Яму: Госпадзе, ня турбуйся, бо я ня варты, каб (Ты) увайшоў пад дах мой;
7 таму і сябе самога (я) ня палічыў вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і выздаравее слуга мой.
8 Таму і я, чалавек падначалены ўладзе, які мае пад сабою жаўнераў. І кажу аднаму: «пайдзі — і ідзе», і другому: «прыйдзі — і прыходзіць»; і рабу майму: «зрабі гэта — і робіць».
9 Пачуўшы ж гэта Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся да ішоўшага за Ім народу, сказаў: «кажу вам: нават у Ізраэлю (Я) ня знайшоў такой веры».
10 І вярнуўшыся ў дом пасланыя знайшлі хворага раба здаровым.
11 І сталася: пасьля гэтага пайшоў (Ісус) да места называнага Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства народу.
12 Калі ж (Ён) падыйшоў да мястовае брамы, і вось (тут убачылі, што) выносілі памершага адзінага сына (ў) маткі ягонай, а яна была ўдава; і шматлікі натоўп мястовы (быў) зь ёю.
13 І, угледзіўшы яе, Госпад зьлітаваўся над ёю і сказаў ёй: ня плач.
14 І, падыйшоўшы, дакрануўся да насілкаў; тыя ж, што несьлі, спыніліся, і (Ён) сказаў: хлопча! табе кажу, устань!
15 І мёртвы сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго (Ісус) матцы ягонай.
16 І ахапіў усіх страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі Прарок паўстаў сярод нас, і: наведаў Бог народ Свой.
17 І разыйшлося слова гэтае пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсім навакольлі.
18 І паведамілі Яану вучні ягоныя пра ўсе гэтыя (падзеі).
19 І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Яан паслаў (іх) да Ісуса, кажучы: ці Ты Той, Які прыходзе, ці чакаць (нам) другога?
20 Прыйшоўшы ж да Яго гэныя мужчыны сказалі: Яан Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытаць: ці Ты Той, Які прыходзе, ці чакаць (нам) другога?
21 А ў гэты час (Ён) многіх аздаравіў ад хваробаў і немачаў, і злых духаў, і многім сьляпым падараваў зрок.
22 І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: пайшоўшы скажыце Яану, што вы ўбачылі і пачулі: сьляпыя стаюцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрашаюцца, убогім абвяшчаецца Эвангельле;
23 і шчасьлівы той, хто ня спакусіцца аба Мне!
24 Як жа пасланцы Яанавы пайшлі, пачаў гаварыць да народу пра Яана: што глядзець хадзілі (вы) у пустэльню? трысьціну ветрам калыханую?
25 Што ж глядзець хадзілі (вы)? Чалавека, апранутага ў мяккія вопраткі? Вось, хто ў пышныя і раскошныя вопраткі апранаецца, тыя ў валадарскіх палацах знаходзяцца.
26 Што ж глядзець хадзілі (вы)? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
27 Гэты ёсьць той, пра якога напісана: вось, Я пасылаю Ангела Майго перад Абліччам Тваім, каторы прыгатуе шлях Твой перад Табою.
28 Бо кажу вам: з народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока большага за Яана Хрысьціцеля; але меншы ў Гаспадарстве Божым большы за яго.
29 І ўвесь народ, што слухаў, і мытнікі прызналі справядлівасьць Бога, ахрысьціўшыся хрышчэньнем Яанавым;
30 а хварысэі і законьнікі адкінулі волю Боскую адносна сябе, ня ахрысьціўшыся ў яго.
31 І Госпад сказаў: да каго прыраўную людзей роду гэтага? І да каго яны падобныя?
32 Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць адны другіх і гавораць: (мы) ігралі вам на жалейцы, і (вы) ня скакалі; (мы) сьпявалі вам жалобныя песьні, а (вы) ня плакалі.
33 Бо прыйшоў Яан Хрысьціцель: ні хлеба ня есьць, ні віна ня п’е, і (вы) кажаце: у ім дэман.
34 Прыйшоў Сын Чалавечы: есьць і п’е; і (вы) кажаце: вось Чалавек, Які любіць есьці і віно піць, Сябра мытнікам і грэшнікам.
35 І апраўдана мудрасьць усімі дзяцьмі ейнымі.
36 Нехта з хварысэяў прасіў Яго паесьці разам зь ім, і (Ён), увайшоўшы ў дом хварысэяў, узьлёг.
37 І вось жанчына з таго места, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што (Ён) узьляжыць у доме хварысэя, прынесла алябастравую пасудзіну міра
38 і стануўшы ззаду ля Ног Ягоных (і) плачучы пачала абліваць Ногі Ягоныя сьлязьмі і выцірала валасамі галавы сваёй і цалавала Ногі Ягоныя, і мазала мірам.
39 Убачыўшы ж (гэтае) хварысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам (у) сабе (у думцы), кажучы: калі б Ён быў Прарок, то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
40 І, адказаўшы, Ісус сказаў яму: Сымоне! (Я) маю нешта сказаць табе. Ён жа гаворыць: скажы, Настаўнік.
41 (Ісус жа сказаў:) У аднаго пазыкадаўцы было два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят;
42 але як яны ня мелі чым вярнуць доўг, (ён) дараваў абодвум. Скажы ж, каторы зь іх больш узьлюбіць яго?
43 Адказаўшы ж Сымон сказаў: думаю, той, катораму больш дараваў. Ён жа сказаў яму: справядліва (ты) рассудзіў.
44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: бачыш (ты) гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, (і) ты вады на Ногі Мае ня даў; а яна сьлязьмі абліла Мне Ногі і валасамі галавы сваёй выцерла.
45 (Ты) цалаваньня Мне ня даў, а яна з таго часу, як Я ўвайшоў, ня перастае цалаваць Мне Ногі.
46 (Ты) Галавы Маёй алеям ня памазаў, яна ж мірам памазала Мне Ногі.
47 А таму кажу табе: дараваныя грахі яе многія, бо (яна) узьлюбіла многа; каму ж мала даруецца, той мала любіць.
48 А ёй сказаў: дараваны табе грахі.
49 І тыя, што ўзьляжалі зь (Ім), пачалі гаварыць самі (у) сабе: хто Ён, што і грахі даруе?
50 Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Паводля Лукаша Сьвятое Эвангельле, 7 раздзел. Пераклад Сабілы і Малахава.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020