Біблія » Сабіла Пераклад Сабілы і Малахава

Лукаша 8 Паводля Лукаша 8 раздзел

1 І сталася пасьля: і Ён праходзіў па местах і вёсках, прапаведуючы і дабравесьцячы Гаспадарства Боскае, і дванаццаць зь Ім,
2 і нікаторыя жанчыны, якія былі аздароўлены ад злых духаў і хваробаў; Марыля, называная Магдалінай, зь якой выйшлі сем дэманаў.
3 І Яанна, жонка Хузы, аканома Гірадавага, і Сусанна, і многія іншыя, якія служылі Яму з маёмасьці сваёй.
4 Калі ж сабралася мноства народу, і з (усіх) местаў жыхары зыходзіліся да Яго, (Ён) сказаў прыповесьцю:
5 выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;
6 а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;
7 а іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні і заглушылі яго;
8 а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны. Сказаўшы гэтае, клікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
9 Вучні ж Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: што значыць прыповесьць гэтая?
10 Ён жа сказаў: вам дадзена пазнаць тайны Гаспадарства Боскага, а астатнім — у прыповесьцях, так што (яны) бачучы, ня бачаць, і чуючы ня разумеюць.
11 Вось што значыць прыповесьць гэтая: семя ёсьць Слова Боскае.
12 А што ля дарогі, гэта тыя, што слухаюць, (але) пасьля прыходзіць д’ябал і забірае Слова з сэрца іхнага, каб ня паверылі і ня былі выратаваныя;
13 а (упала) на камень — гэта тыя, што калі пачулі Слова дык з радасьцяй прыймаюць, ды ня маюць караня, і часова вераць, а ў час выпрабаваньня адпадаюць;
14 а што ўпала ў церні — гэта тыя, што пачулі, але турботамі, багацьцем і ўцехамі жыцьця, адыходзячы, заглушаюцца і ня даюць плёну.
15 Тыя ж (што пасеяны) на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы Слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы і даюць плён у цярплівасьці.
16 Ніхто, запаліўшы сьветач, ня прыкрывае яго судзінаю, або ня ставіць пад ложак, але ставіць на падстаўку пад сьветач, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло.
17 Бо няма нічога таемнага, што б ня выявілася, ні ўкрытага, што б ня сталася вядомым і ня выйшла б вонкі.
18 Назірайце ж (за тым), як (вы) слухаеце: бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець.
19 І прыйшлі да Яго маці і браты Ягоныя, і ня маглі даступіцца да Яго з-за натоўпу.
20 І паведамíлі Яму, кажучы: маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ, жадаючы Цябе бачыць.
21 Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць Слова Боскае і выпаўняюць Яго.
22 І сталася ў адзін з тых дзён: Ён увайшоў у човен з вучнямі Сваімі і сказаў ім: пераплывём на той бок возера. І адплылі.
23 Калі ж яны плылі, (Ён) заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх, і былі (яны) у небясьпецы.
24 І, падыйшоўшы, разбудзілі Яго, кажучы: Настаўнік! Настаўнік! (мы) гінем. Але Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і супакоіліся, і сталася ціша.
25 Тады (Ён) сказаў ім: дзе вера вашая? спалохаўшыся ж, (яны) зьдзівіліся, гаворачы між сабою: Хто (ж) тады Ён ёсьць, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?
26 І прыплылі ў зямлю Гадарынскую, што насупраць Галілеі.
27 (Калі) ж Ён выйшаў на бераг, спаткаў Яго нейкі мужчына зь места, які меў дэманаў з даўных часоў, і адзеньня ня апранаў, і ў доме ня жыў, але ў магілах.
28 Угледзіўшы ж Ісуса, і, закрычаўшы, паваліўся перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня муч мяне.
29 Бо (Ісус) загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо (ён) доўгі час ухапляваў яго; і зьвязвалі яго ланцугамі і кандаламі; і старажылі (яго), але разрываючы вязі (ён) быў гнаны дэманам у пустэльні.
30 І спытаў яго Ісус, кажучы: як імя тваё? Ён жа сказаў: легіён, таму што шмат дэманаў увайшло ў яго.
31 І маліў Яго, каб ня загадаў ім ісьці ў бяздоньне.
32 Там жа на гарэ пасьвіўся шматлікі гурт сьвіньняў; і (дэманы) малілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх; і дазволіў ім.
33 І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньняў. І кінуўся гурт з кручы ў возера і патануў.
34 Пастухі ж, убачыўшы, што здарылася, уцяклі і, пайшоўшы, расказалі ў месту і сёлах.
35 (Людзі) ж выйшлі пабачыць, што сталася, і прыйшлі да Ісуса і знайшлі чалавека, з каторага выйшлі дэманы, седзячы ля Ног Ісусавых, апранутага і пры розуме, і перапалохаліся.
36 А тыя, што ўбачылі, расказалі ім як быў выратаваны апанаваны дэманамі.
37 І ўпрасіў Яго ўвесь народ Гадарынскага краю адыйсьці ад іх, бо страх вялікі абдымаў іх. Ён жа, увайшоўшы ў човен, вярнуўся.
38 Мужчына ж, зь якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць разам зь Ім, але Ісус адправіў яго, кажучы:
39 вярніся ў дом твой і раскажы, што зрабіў табе Бог. І (ён) пайшоў, абвяшчаючы па ўсім месту, што зрабіў яму Ісус.
40 І сталася ж пры вяртаньні Ісуса: народ прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў мужчына па імені Яір, а быў ён начальнікам сынагогі; і, упаўшы да Ног Ісусавых, (ён) прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны,
42 бо ў яго была адзіная дачка, гадоў дванаццацёх, і яна памірала. Пад час жа хады Ягонай народ ціснуўся да Яго.
43 І жанчына, што мучылася ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая аддала на лекараў усю маёмасьць сваю, ды ніводзін ня мог вылячыць (яе),
44 падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Ягонай, і ў той жа час крывацеча ў яе спынілася.
45 І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмаўляліся, Пётра і тыя, што зь Ім былі, сказалі: Настаўнік! Народ абступае Цябе і націскае, а (Ты) кажаш: хто дакрануўся да Мяне?
46 Але Ісус сказаў: нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, выйшаўшую зь Мяне.
47 Жанчына ж, убачыўшы, што ня ўтаілася, дрыжучы падыйшла і, упаўшы перад Ім, паведаміла Яму перад усім народам зь якой прычыны дакранулася да Яго і як адразу паздаравела.
48 Ён жа сказаў ёй: бадзёрся, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.
49 Яшчэ Ён гаворыць, як прыходзіць нехта (з дому) начальніка сынагогі, кажучы яму: дачка твая памерла. Ня турбуй Настаўніка.
50 Ісус жа, пачуўшы (гэтае), сказаў яму, гаворачы: ня бойся, толькі вер, і (яна) будзе ўратаваная.
51 Прыйшоўшы ж у дом (Ён) ня дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, і Якуба, і Яана і бацькі ды маткі дзяўчыны.
52 Усе ж плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; (яна) ня памерла, але сьпіць.
53 І насьмяхаліся зь Яго, ведаючы, што (яна) памерла.
54 Ён жа, выслаўшы ўсіх вон і ўзяўшы яе за руку́, усклікнуў, кажучы: Дзяўчынка! устань!
55 І вярнуўся дух яе, і адразу паднялася; і (Ён) загадаў даць ёй есьці.
56 І былі моцна ўражаны бацькí яе. Ён жа загадаў ім нікому ня гаварыць пра тое, што сталася.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводля Лукаша Сьвятое Эвангельле, 8 раздзел. Пераклад Сабілы і Малахава.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукаша 8 раздзел в переводах:
Лукаша 8 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.