Біблія » Сабіла Пераклад Сабілы і Малахава

Лукаша 20 Паводля Лукаша 20 раздзел

1 І сталася ў адзін з тых дзён, калі Ён вучыў народ у Сьвятыні і абвяшчаў Эвангельле, падступіліся архірэі ды кніжнікі са старэйшынамі,
2 і сказалі Яму, кажучы: скажы нам, якою ўладаю (Ты) гэта робіш, і хто даў Табе гэтую ўладу?
3 І, адказаўшы, Ён сказаў ім: запытаюся і Я ў вас адно слова, і скажыце Мне:
4 хрышчэньне Яанавае было зь Неба, ці ад людзей?
5 Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: калі скажам: «зь Неба», (то) скажа: «чаму тады (вы) ня паверылі яму?»
6 калі ж скажам: «ад людзей», (то) увесь народ паб’е нас каменьнем, бо ён перакананы, што Яан ёсьць прарок.
7 І адказалі: «ня ведаем адкуль».
8 Тады Ісус сказаў ім: і Я ня скажу вам, якою ўладаю гэтае раблю.
9 І пачаў (Ён) гаварыць да народу прыповесьць гэтую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду вінаградарам, і адлучыўся ў чужы край на доўгі час;
10 і ў пару́ паслаў да вінаградараў раба, каб далі яму пладоў зь вінаградніку. Але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым.
11 І (ён) ізноў паслаў другога раба; але яны і таго, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым.
12 І (ён) ізноў паслаў трэйцяга; яны ж і гэтага, зраніўшы, прагналі.
13 Тады сказаў Гаспадар вінаградніку: што (мне) рабіць? пашлю Сына Майго ўлюбленага; можа, убачыўшы Яго, паўстыдаюцца.
14 Але вінаградары, убачыўшы Яго, разважалі між сабою, кажучы: гэты ёсьць Спадкаемца; давайце, пайшоўшы, заб’ем Яго, каб спадчына стала нашай.
15 І, выгнаўшы Яго вон зь вінаградніку, забілі. Што тады зробіць ім Гаспадар вінаградніку?
16 Прыйдзе і зьнішчыць вінаградараў гэтых, і аддасьць вінаграднік іншым. Чуўшыя ж сказалі: хай ня станецца!
17 Ён жа, паглядзеўшы на іх, сказаў: дык што ж значыць гэтае напісаньне?: «Ка́мень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла».
18 Кожны, хто ўпадзе на гэты Ка́мень, разаб’ецца; а на каго (Ён) упадзе, таго раздушыць.
19 І шукалі ў гэты час архірэі і кніжнікі накласьці на Яго ру́кі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што гэтую прыповесьць (Ён) сказаў пра іх.
20 І, пасачыўшы (за Ім), падаслалі выведнікаў, якія прынімаючы выгляд праведных, падлавілі б Яго на (якім-небудзь) слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесьніка.
21 І (тыя) спыталіся (ў) Яго, кажучы: Настаўнік! (мы) ведаем, што (Ты) правільна гаворыш і навучаеш і ня глядзіш на аблічча, але па праўдзе шляху Божаму вучыш.
22 Ці дазволена нам даваць падатак кесару, ці не?
23 Але (Ён), зразумеўшы іхную хітрасьць, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
24 Пакажыце Мне дынарыя: чый (ён) мае абраз і надпіс? І, адказаўшы, (яны) сказалі: кесара.
25 Ён жа сказаў ім: дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу.
26 І ня змаглі яны падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся Ягонаму адказу, замоўклі.
27 Тады падыйшлі да Яго нікаторыя з саддукеяў, якія пярэчаць, што няма ўваскрасеньня, (і) спыталіся (ў) Яго,
28 кажучы: Настаўнік! Масей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і ён памрэ бязьдзетным, каб брат ягоны ўзяў гэтую жанчыну і аднавіў семя брату свайму.
29 Было ж сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетным.
30 І ўзяў другі тую жанчыну, і гэты памёр бязьдзетным.
31 І трэйці ўзяў яе. Гэтак жа сама і (ўсе) сямёра ня аставілі дзяцей і памерлі.
32 Пасьля ж усіх памерла і жанчына.
33 Дык пры ўваскрасеньні каторага зь іх будзе (яна) жонкаю? Бо сямёра мелі яе жонкаю.
34 І, адказаўшы, сказаў ім Ісус: сыны веку гэтага жэняцца і (дочкі) выходзяць замуж;
35 але спадобленыя дасягнуць таго веку і ўваскрасеньня зь мёртвых ня жэняцца і замуж ня выходзяць;
36 і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя Ангелам і сыны Бога, раз (яны) ёсьць сынамі ўваскрасеньня.
37 А што памершыя ўваскрашаюцца, і Масей паказаў ля цярнёвага куста, калі называе Госпада Богам Абрагама, і Богам Ісагака, і Богам Якуба.
38 Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых. Бо ўсе Ім жывуць.
39 Адказаўшы ж, нікаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Добра (Ты) сказаў.
40 І ўжо (больш) ня адважваліся пытацца Яго ні пра што.
41 І сказаў ім: як кажуць, (што) Хрыстос ёсьць Сын Давідаў?
42 Сам жа Давід кажа ў кнізе Псальмаў: сказаў Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне,
43 пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх.
44 Пагэтаму Давід называе Яго Госпадам, дык як (жа) Ён Сын ягоны?
45 І калі слухаў увесь народ, (Ён) сказаў вучням Сваім:
46 Сьцеражыцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх вопратках і любяць прывітаньні на народных сходах і першыя мейсцы ў сынагогах і ўзьляжаньні сьпераду на вячэрах,
47 што паядаюць хаты ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць больш цяжкі прысуд.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводля Лукаша Сьвятое Эвангельле, 20 раздзел. Пераклад Сабілы і Малахава.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукаша 20 раздзел в переводах:
Лукаша 20 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.