Біблія » Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Лукі 8 Эвангельле Лукі 8 раздзел

1 І сталася пасьля, праходзіў Ён па ме́стах і сёлах, прапаве́дываючы і абвяшчаючы добрую ве́стку аб Царстве Божым, і з Ім дванаццацёра,
2 і некаторыя жанчыны, каторых Ён аздаравіў ад злых духаў і хвароб, — Марыя, называная Магдаліна, з якое выйшлі се́м чартоў,
3 і Іоанна, жана́ Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія другія, што служылі Яму з мае́масьці сваёй.
4 Калі-ж сабралося множства народу, і з усіх гарадоў жы́хары зыходзіліся да Яго, Ён пача́ў гаварыць прыпо́весьцю:
5 выйшаў сейбіт се́яць се́мя сваё; і, калі ён се́яў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябе́сныя паклявалі яго;
6 а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня ме́ла вільгаці;
7 а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна і заглушыла яго;
8 а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынясло плод стакро́тны. Сказаўшы гэтае, клікнуў: хто ма́е вушы слухаць, няхай слухае.
9 Вучні-ж Яго спыталіся ў Яго: што-б значыла прыповесьць гэтая?
10 Ён сказаў: вам да́дзена знаць тайны Царства Божага, а для рэшты яны ў прыпо́весьцях, так што яны, бачучы ня бачуць і чуючы, не разуме́юць.
11 Вось што́ значыць прыповесьць гэтая: се́мя ёсьць слова Божае.
12 А што ля дарогі, гэта тыя, што слухаюць, ды пасьля прыходзіць д’ябал і забірае слова з сэрца іх, каб не паве́рылі і не спасьліся;
13 а на ка́мені гэта тыя, што, калі пачуюць слова, дык з радасьцяй прыймаюць, ды ня маюць караня́ і часова ве́раць, а ў час спакусы адпадаюць;
14 а што ўпала ў цярніну — гэта тыя, што слухаюць слова, але, адыходзячы, заглуша́юцца клапотамі, бага́цьцем і ўце́хамі жыцьцёвымі і не даюць плёну.
15 А ўпаўшае на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы і даюць плён у цярплівасьці.
16 Ніхто, запаліўшы сьве́чку, не прыкрывае яе́ судзінаю, або не стаўляе пад ложак, але ставіць на ліхтар, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло́,
17 бо няма нічога тайнага, што-б ня выявілася, ні ўкрытага, што ня сталася-б вядомым і ня выйшла-б наве́рх.
18 Глядзіце-ж, як вы слу́хаеце; бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто ня ма́е, у таго адымецца й тое, што ён думае ме́ць.
19 І прыйшлі да Яго маці і браты Яго і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны народу.
20 І далі знаць Яму: маці і браты Тваі стаяць вонках, хо́чучы бачыць Цябе́.
21 Ён сказаў ім у адказ: маці мая́ і браты мае́ — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выпаўняюць яго.
22 І сталася, аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: пераплыве́м па той бок возера. І паплылі.
23 Калі-ж яны плылі, Ён заснуў. На возеры падняўся бурны ве́цер, і залівала іх хва́лямі, і яны былі ў небясьпе́цы.
24 І, падыйшоўшы, збудзілі Яго ды сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем. Але Ён, устаўшы, закрычэу ве́тру і хваляваньню вады; і спыніліся, і ста́лася ціша.
25 Тады Ён сказаў ім: дзе́ ве́ра ваша? Яны-ж у страху і задзіўле́ньні гаварылі адзін аднаму: Хто ж гэта, што ве́трам загадвае і вадзе́, і слухаюцца Яго?
26 І прыплылі ў старану Гадарынскую, што насу́праць Галіле́і.
27 Калі-ж выйшаў Ён на бе́раг, спаткаў Яго адзін чалаве́к з ме́ста, які ме́ў чарто́ў з даўных часоў і хадзіў не адзе́ўшыся, і жыў ня ў доме, але ў магілах.
28 Ён, угле́дзіўшы Ісуса, закрычэўшы, паваліўся перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе́ да мяне́, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Малю Цябе́, ня муч мяне́.
29 Бо Ісус сказаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалаве́ка; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі й сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і нячысты гнаў яго ў пустыні.
30 Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Ён сказаў: легіён; бо многа чартоў увайшло ў яго.
31 І прасілі Яго, каб не вяле́ў ім ісьці ў бяздоньне.
32 Тут жа на гарэ пасьвіўся вялікі гурт сьвіне́й; і чарты́ прасілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім.
33 Чарты́, выйшаўшы з чалаве́ка, увайшлі ў сьвіне́й.
34 І кінуўся гурт з кру́чы ў мора, і ўтануў. Пастухі, бачучы, што́ ста́лася, пабе́глі ды расказалі ў ме́сьце і сёлах.
35 І выйшлі бачыць стаўшаеся; і, прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалаве́ка, з каторага выйшлі чарты́, се́дзячы ля ног Ісусавых, адзе́тага і пры розуме; і перепалохаліся.
36 А бачыўшыя расказалі ім, як спасён быў апанаваны чарта́мі.
37 І прасіў Яго ўве́сь народ Гадарынскае краіны пайсьці ад іх, бо іх зьняў вялікі страх. Ён увайшоў у човен і вярнуўся.
38 А чалаве́к, з якога выйшлі чарты́, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Ісус адправіў яго, сказаўшы:
39 вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе́ Бог. Ён пайшоў і наказваў па ўсім ме́сьце, што ўчыніў яму Ісус.
40 Калі-ж вярнуўся Ісус, народ прыняў Яго, бо ўсе́ чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў чалаве́к, імем Яір (а быў ён начальнікам школы); і, упаўшы да ног Ісусавых, прасіў Яго ўвайсьці ў дом яго,
42 бо ў яго была адзіная дачка́, гадоў дванаццацёх, і тая была пры сьме́рці. Калі-ж Ён ішоў, народ ціснуўся да Яго.
43 І адна жанчына, што мучылася ад крываце́чы дванаццаць гадоў і аддала на ле́караў усю мае́масьць сваю, ды ніводзін ня мог вылячыць яе́,
44 падыйшоўшы ззаду, дакрану́лася да краю вопраткі Яго; і той час крываце́ча ў яе́ спынілася.
45 І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне́? Калі-ж усе́ адпіраліся, Пётр і быўшыя з Ім сказалі: Настаўнік! народ акружае Цябе́ ды націскае, і Ты кажаш: хто дакрануўся да Мяне́?
46 Але Ісус сказаў: не́хта дакрануўся да Мяне́, бо Я адчуваю сілу, што выйшла з Мяне́.
47 Жанчына-ж, бачучы, што яна ня ўто́іцца, дрыжучы, падыйшла і, упаўшы перад Ім, аб’явіла Яму перад усім народам, з якое прычыны дакрану́лася да Яго, і як тады-ж паздараве́ла.
48 Ён сказаў ёй: бадрыся, дачка́! ве́ра твая спасла́ цябе́; ідзі з мірам.
49 Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць не́хта з дому начальніка школы і кажа ім: дачка́ твая паме́рла; ня турбуй Вучыцеля.
50 Але Ісус, пачуўшы гэтае, сказаў яму: ня бойся, толькі ве́р, і спасёна будзе.
51 Прыйшоўшы-ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Іоана і Якава, і бацькі ды маткі дзяўчыны.
52 Усе́ плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не паме́рла, але сьпіць.
53 І сьмяяліся з Яго, ве́даючы, што яна паме́рла.
54 Ён жа, выслаўшы ўсіх вон і ўзяўшы яе́ за руку, клікнуў, кажучы: дзяўчына, устань!
55 І вярнуўся дух яе́; і ўраз жа ўстала; і Ён вяле́ў даць ёй е́сьці.
56 І зьдзівіліся бацькí яе́. Ён жа вяле́ў ім не гаварыць нікому аб тым, што́ сталася.

Зноскі:

2 + вершы 27, 30 — Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чарто́ў» на → «дэманаў».
32 + вершы 33, 35, 38 — Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чарты́» на → «дэманы».
36 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чарта́мі» на → «дэманамі».
41, 49 школа = сынагога.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 8 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Лукі 8 раздзел в переводах:
Лукі 8 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.