Біблія » Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Лукі 4 Эвангельле Лукі 4 раздзел

1 Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся ад Іордану і паве́дзены быў Духам у пустыню;
2 там сорак дзён Ён быў спакуша́ны ад д’ябла й нічога ня е́ў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захаце́ў е́сьці;
3 і сказаў Яму д’ябал: калі Ты Сын Божы, то скажы гэтаму камню зрабіцца хле́бам.
4 Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што ня хле́бам адным будзе жыць чалаве́к, але ўсякім словам Божым (Другазаконьне 8:3).
5 І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе́ царствы сусьве́ту ў імгненьне часу,
6 і сказаў Яму д’ябал: дам Табе́ ўладу над усімі царствамі і славу іх, бо яна адда́на мне́, і я, каму хачу, даю яе́.
7 Дык калі Ты паклонішся мне́, то ўсё будзе Тваё.
8 Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне́, шата́н; напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазаконьне 6:13).
9 І павёў Яго ў Ерузалім, і паставіў на крыле́ царквы, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
10 бо напісана: Ангелам сваім нака́жа пра цябе́ ўсьцерагчы Цябе́;
11 і на руках панясуць, каб і не даткнуўся да ка́меня нагою Тваёю (Псальм 90:11−12).
12 Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: не спакушай Госпада Бога твайго (Другазаконьне 6:16).
13 І, скончыўшы ўсё кушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго дачасу.
14 І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галіле́ю; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй вакалічнай старане́.
15 І вучыў Ён у школах іх і ад усіх быў сла́ўлены.
16 І прыйшоў у Назарэт, дзе́ быў выхава́ны, і ўвайшоў, на звычаю Свайму, у дзе́нь суботні ў школу, і ўстаў чытаць.
17 І падалі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў ме́сца, дзе́ было напісана:
18 Дух Гасподні на Мне́: бо Ён памазаў Мяне́ дабраве́сьціць убогім і паслаў Мяне́ аздараўляць разьбітых сэрцам, гаварыць вязьням аб вызвале́ньні і сьляпым аб павароце зроку, пусьціць змучаных на волю
19 і абвяшчаць год Гасподні прые́мны (Ісая 61:1−2).
20 І, зачыніўшы кнігу ды аддаўшы служцы, се́ў; і вочы ўсіх у школе былі зьве́рнены на Яго.
21 І Ён начаў гаварыць ім: цяпе́р выпаўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых.
22 І ўсе́ засьве́дчылі яму гэта і дзівіліся ласкавым словам, выходзячым з вуснаў Яго, і гаварылі: Ці не Язэпаў гэта сын?
23 Ён сказаў ім: ве́дама, вы скажаце Мне́ прыказку: ле́кару, вылячы Самога Сябе́; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капэрнауме.
24 І сказаў: запраўды кажу вам: ніводзін прарок ня прыймаецца ў ба́цькаўшчыне сваёй.
25 Папраўдзе кажу вам: многа ўдоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі зачынена было не́ба тры гады і шэсьць ме́сяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсей зямлі;
26 і ні да аднае́ з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
27 Многа таксама было пракажоных у Ізраілю пры прароку Ялісе́ю, і ніводзін з іх не ачысьціўся, апрача Нэема́на Сірыйца.
28 Пачуўшы гэтае, усе́ ў школе напоўніліся вялікаю злосьцю;
29 і, устаўшы, выгналі Яго вон з ме́ста і павялі на вяршыну гары, на каторай было пабудована ме́ста іх, каб скінуць Яго.
30 Але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.
31 І прыйшоў у Канэрнаум, места Галіле́йскае, і вучыў іх у дні суботы.
32 І дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Яго.
33 І быў у школе чалаве́к, маючы нячыстага духа шатанскага і ён зае́нчыў моцным голасам:
34 Пакінь! Што Табе́ да нас, Ісус Назара́нін? Ты прыйшоў загубіць нас; знаю Цябе́, хто Ты, Сьвяты Божы.
35 Ісус прыкрыкнуў на яго, сказаўшы: змоўкні і выйдзі з яго! І чорт, кінуўшы яго сярод школы, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
36 І напаў на ўсіх вялікі страх, і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што ўладаю і сілаю Ён прыка́звае нячыстым духам, і яны выходзяць?
37 І разьне́слася чутка аб Ім на ўсіх вакалічных мясцо́х.
38 Выйшаўшы-ж із школы, Ён прыйшоў у дом Сымона; це́шча-ж Сымонава была ў моцнай гарачцы; і прасілі ў Яго за яе́.
39 І, стануўшы над ёю, пагразіў гарачцы, і пакінула яе́. Яна тут жа ўстала і служыла ім.
40 Пры за́хадзе сонца ўсе́, маючыя хворых на розныя хворасьці, прыводзілі іх да Яго; і Ён, кладучы на кожнага з іх рукі, аздараўляў іх.
41 Выходзілі таксама й нячыстыя духі із многіх з крыкам і гаварылі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім гаварыць, што яны ве́даюць, што Ён Хрыстос.
42 Калі-ж настаў дзе́нь, Ён, выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае ме́сца, і народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, удзе́ржываў Яго, каб ня йшоў ад іх.
43 Але Ён сказаў ім: і другім ме́стам павінен Я абвяшчаць добрую ве́стку аб Царстве Божым, бо-ж на тое Я пасланы.
44 І навучаў у школах Галіле́йскіх.

Зноскі:

9 царква = храм.
15 + вершы 16, 20, 28, 33, 35, 38, 44 — школа = сынагога.
33 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чартоўскага» на → «шатанскага».
35 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чорт» на → «дэман».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 4 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Лукі 4 раздзел в переводах:
Лукі 4 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.