Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лукі 4 Паводле Лукі 4 раздзел

1 Ісус, поўны Духа Святога, вярнуўся ад Ярдана і быў Духам заведзены ў пустыню
2 на сорак дзён, і быў спакушаны д’яблам. Ды не еў у тыя дні анічога, а калі яны скончыліся, захацеў есці.
3 І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, дык скажы гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам».
4 І адказвае яму Ісус: «Напісана: “Не хлебам адзіным жыве чалавек, але ўсякім словам Божым”».
5 Затым падняў Яго д’ябал на высокую гару і паказаў Яму ўсе царствы свету ў адзін момант,
6 і гаворыць Яму д’ябал: «Дам Табе ўсю ўладу над гэтым сусветам і яго славу, бо мне гэта дадзена, і я, каму хачу, таму даю яе.
7 Дык калі Ты паклонішся перада мной, усё будзе Тваё».
8 І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Адыдзі ад Мяне, шатан, бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, будзеш пакланяцца ды Яму аднаму служыць будзеш”».
9 Затым завёў Яго ў Ерузалім, і паставіў Яго на версе святыні, і сказаў Яму: «Калі Ты — Сын Божы, дык кінься адгэтуль ўніз.
10 Бо напісана: “Загадаў Ён анёлам Сваім наконт Цябе, каб сцераглі Цябе”,
11 ды: “На руках будуць насіць Цябе, каб не ўдарыўся аб камень нагою Сваёю”».
12 Адказаў яму Ісус: «Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».
13 І, скончыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябал адступіўся ад Яго да часу.
14 І ў магутнасці Духа вярнуўся Ісус у Галілею, і чутка пра Яго разышлася па ўсёй краіне.
15 І Ісус навучаў у сінагогах іх, і ўзвялічваўся ўсімі.
16 І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, па Сваім звычаі, у суботу ўвайшоў у сінагогу і падняўся чытаць.
17 І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. І, калі разгарнуў кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:
18 «Дух Госпада на Мне; таму Госпад Мяне намасціў, каб нёс добрую вестку ўбогім, паслаў Мяне лячыць раны зламаным сэрцам, прадказваць палонным свабоду, сляпым — відушчасць, а вязням — вызваленне,
19 вясціць год спагадлівасці Госпада».
20 І пасля таго, як закрыў кнігу, аддаў прыслужніку і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі звернуты на Яго.
21 Ён пачаў тады казаць ім: «Сёння споўніліся толькі што вамі чутыя словы Пісання».
22 Усе давалі Яму сведчанне і дзівіліся словам ласкі, што выходзілі з вуснаў Яго, і казалі: «Ці ж гэта не сын Язэпаў?»
23 А Ён гаворыць ім: «Хіба скажаце Мне гэту прымаўку: “Лекар, вылечы Самога Сябе. Учыні і тут, у бацькаўшчыне Сваёй, тое, што, чулі мы, учыніў Ты ў Кафарнаўме”».
24 І гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што ніводзін прарок не прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне.
25 Праўдзіва кажу вам: многа ўдоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было замкнёна на тры гады і шэсць месяцаў ды быў вялікі голад на ўсёй зямлі;
26 і да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, адно да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай.
27 Таксама было многа пракажоных у Ізраэлі ў час Элісея прарока, але ніводзін з іх не быў ачышчаны, адно Нааман з Сірыі».
28 Чуючы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся злосцю,
29 і паўскоквалі, і выгналі Яго за горад, ды ўзвялі Яго на верх гары, на якой стаяў горад іх, каб скінуць Яго.
30 Але Ён, прайшоўшы між імі, адышоў.
31 І сышоў у Кафарнаўм, горад галілейскі, і навучаў іх па суботах.
32 І дзівіліся з навукі Яго, бо з уладай былі словы Яго.
33 І быў у сінагозе чалавек, апанаваны духам дэмана нячыстага. І закрычаў ён моцным голасам:
34 «Пакінь, што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Ты прыйшоў губіць нас? Ведаю Цябе, Хто Ты ёсць, Святы Божы».
35 Але Ісус забараніў яму, кажучы: «Замаўчы ды выйдзі з яго». І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
36 І ахапіў жах усіх; і разважалі разам між сабою, кажучы: «Што гэта за слова, што мае ўладу і магутнасць загадваць духам нячыстым, і тыя выходзяць?»
37 І так чутка аб Ім разыходзілася ў кожнае месца краіны.
38 Выйшаўшы з сінагогі, пайшоў Ён у дом Сімона. А цешча Сімона была ў вялікай гарачцы, дык прасілі Яго за яе.
39 І, стаўшы пры ёй, забараніў Ён гарачцы, і яна пакінула яе; і яна зараз жа, падняўшыся, паслугавала ім.
40 А калі зайшло сонца, усе, што мелі хворых на ўсякія немачы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы рукі на кожнага, аздараўляў іх.
41 З многіх выходзілі таксама дэманы, якія крычалі і казалі: «Ты — Хрыстос, Сын Божы». І, забараняючы ім, не дазваляў гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.
42 А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, аддаліўся на пустыннае месца; і народ шукаў Яго і прыйшоў да Яго, і стараліся затрымаць, каб не адыходзіў ад іх.
43 Але Ён гаворыць ім: «Трэба, каб Я і іншым гарадам абвяшчаў добрую вестку пра Валадарства Божае, бо Я дзеля гэтага пасланы».
44 І далей навучаў у сінагогах Галілеі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Лукі, 4 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукі 4 раздзел, слухаць:
Лукі 4 раздзел в переводах:
Лукі 4 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.