Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лукі 6 Паводле Лукі 6 раздзел

1 І сталася ў суботу, першую па другім дні Пасхі, калі праходзіў Ён праз пшанічнае поле, вучні Яго зрывалі каласы, расціралі зярняты рукамі ды елі.
2 Некаторыя фарысеі сказалі: «Што гэта робіце, чаго нельга рабіць у суботу?»
3 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?
4 Як увайшоў у дом Божы, і сам браў хлябы пакладныя, і еў, ды даў тым, што з ім былі, хоць не належыць іх есці нікому, толькі святарам».
5 І казаў ім: «Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы».
6 У іншую суботу здарылася таксама, што Ісус увайшоў у сінагогу і навучаў. І быў там чалавек, які меў сухую правую руку.
7 А кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці будзе ў шабат аздараўляць, каб знайсці прычыну абвінаваціць Яго.
8 Але Ён ведаў думкі іх і гаворыць чалавеку, які меў сухую руку: «Падыміся і стань на сярэдзіне». І ён, падняўшыся, устаў.
9 Тады гаворыць ім Ісус: «Пытаюся вас, ці можна ў суботу добра рабіць, ці блага, жыццё ўратаваць ці загубіць?»
10 І, азірнуўшы навокал ўсіх, сказаў яму: «Выцягні руку тваю!» І ён выцягнуў, і сталася здаровай рука яго як другая.
11 А яны прыйшлі ў шал і радзіліся між сабой, што зрабіць з Ісусам.
12 І сталася ў тыя дні, пайшоў Ён на гару маліцца ды правёў усю ноч у малітве к Богу.
13 І, калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх ды выбраў паміж іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
14 Сімона, якога пераназваў Пётрам, і Андрэя, брата яго, Якуба і Яна, Піліпа і Баўтрамея,
15 Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеева, і Сімона, якога завуць Зэлотам,
16 Юду Якубава ды Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.
17 І, выйшаўшы з імі, затрымаўся на роўным месцы разам з натоўпам Сваіх вучняў ды з вялікім мноствам людзей з усёй Юдэі і Ерузаліма, з узбярэжжа Тыра і Сідона,
18 што прыйшлі, каб паслухаць Яго і быць аздароўленымі ад сваіх хваробаў; і тымі, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і былі аздароўлены.
19 І ўвесь натоўп людзей стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго выходзіла магутнасць ды аздараўляла ўсіх.
20 І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: «Шчасныя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
21 Шчасныя, што цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Шчасныя, што цяпер плачаце, бо будзеце смяяцца.
22 Шчасныя вы будзеце, калі вас людзі будуць мець у нянавісці і калі вас адпіхнуць, і праклінаць вас будуць, і знеслаўляць імя ваша як ліхое з-за Сына Чалавечага.
23 Радуйцеся ў той дзень і скачыце ад радасці, бо ўзнагарода ваша шчодрая на небе; бо так рабілі прарокам бацькі іх.
24 Але гора вам, багацеі, бо маеце суцяшэнне ваша.
25 Гора вам, што цяпер насычаны, бо будзеце галодныя. Гора вам, што цяпер смеяцеся, бо будзеце сумаваць і плакаць.
26 Гора вам, калі аб вас добра гаварыць будуць усе людзі, бо так фальшывым прарокам рабілі бацькі іх.
27 Але кажу вам, тым, хто слухае: любіце непрыяцеляў вашых, добра рабіце тым, што вас ненавідзяць,
28 дабраслаўляйце тых, што вас праклінаюць, і маліцеся за тых, што вас ачарняюць.
29 А хто б цябе ўдарыў у шчаку, падстаў яму і другую; і таму, хто забірае тваю вопратку, не забараняй узяць і туніку.
30 Кожнаму, хто цябе просіць, дай, і ад таго, хто забірае нешта тваё, не патрабуй назад.
31 І, як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы ім рабіце.
32 І, калі любіце тых, што вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць.
33 І, калі вы робіце дабро тым, што вам дабро робяць, якая ж вам падзяка? Бо нават грэшнікі так робяць.
34 І, калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцеся звароту, дык якая ж вам падзяка? Бо і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб вярнулі ім столькі ж.
35 Вы ж любіце непрыяцеляў вашых і добра ім рабіце, і давайце пазыку, нічога назад не спадзеючыся; і ўзнагарода ваша будзе вялікай, і вы будзеце сынамі Узвышняга, бо Ён спагадны і да няўдзячных і благіх.
36 Будзьце ж міласэрныя, як і ваш Айцец міласэрны.
37 Не судзіце, і не будзеце асуджаны; не абвінавачвайце, і не будзеце абвінавачаны. Даруйце, і вам даруюць.
38 Давайце, і будзе вам дадзена: меркай добрай, поўнай, патрэсенай і з верхам дадуць вам на ўлонне ваша, бо такой самай меркай, што вы мераеце, будзе вам адмерана».
39 І сказаў ім для параўнання: «Ці можа сляпы весці сляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?
40 Вучань не большы за настаўніка: але, навучаны ўсяму, будзе, як настаўнік яго.
41 Чаму бачыш сцяблінку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку не бачыш?
42 Або як можаш казаць брату твайму: “Дазволь, браток, выняць сцяблінку з вока твайго”, а бервяна, што ў тваім воку, не бачыш? Крывадушнік, вынь перш бервяно з твайго вока, а тады пабачыш, як выняць сцяблінку з вока брата твайго.
43 І няма ані дрэва добрага, каб радзіла благія плады, ані благога дрэва, каб радзіла добрыя плады.
44 Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім плодзе. Таксама не збіраюць фігаў з церняў або вінаграду з ажыны.
45 Добры чалавек дабывае з добрай скарбонкі сэрца свайго дабро, а благі чалавек з ліхой скарбонкі сэрца свайго дабывае ліхоцце: бо ад перапоўненасці сэрца гавораць яго вусны.
46 Чаму прызываеце Мяне: “Госпадзе, Госпадзе!”, — і не выконваеце таго, што кажу?
47 Кожны, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і выконвае іх, пакажу вам, да каго ён падобны:
48 Ён падобны да чалавека, які збудаваў дом, і ўкапаўся глыбока, і паклаў падмурак на скале; а калі нахлынула паводка, ударыла рака ў той дом і не змагла яго зварухнуць, бо ён быў пабудаваны на скале.
49 А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў свой дом на зямлі без падмурка, на які націснула рака — і зараз паваліўся, і разбурэнне дома таго было вялікае».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Лукі, 6 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Лукі 6 раздзел, слухаць:
Лукі 6 раздзел в переводах:
Лукі 6 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.